
Як дакрануцца душой да гісторыі краіны і зацікавіць ёю падрастаючае пакаленне?
На гэтае пытанне станоўчы адказ дае памочнік кіраўніка ваенна-гістарычнага клуба «Заходні рубеж» г. Бяроза Вячаслаў Мікалаевіч Краўчук, які ўжо некалькі гадоў разам з калектывам робіць свой уклад у захаванне гістарычнай памяці нашай краіны.
— За мінулы год «Заходні рубеж» прыняў удзел у розных рэканструкцыях: спачатку ў Камянецкім раёне, потым у цэнтры экалагічнага турызму «Станькава», музейным комплексе старадаўніх народных рамёстваў «Дудуткі», партызанскай стаянцы «Махро», і амаль па ўсёй Гродзеншчыне. Таксама традыцыйна прымалі ўдзел у рэканструкцыі ў Брэсцкай крэпасці 22 чэрвеня і неаднаразова здымаліся ў дакументальным і мастацкім кіно, — адзначыў Вячаслаў Краўчук.

«Заходні рубеж» заўсёды падтрымлівае патрыятычную дзейнасць у мемарыяльным комплексе партызанскай славы «Хаваншчына» ў Івацэвіцкім раёне. Кожны год у апошнія выхадныя мая і кастрычніка ўдзельнікі клуба збіраюць шмат гледачоў і ла-дзяць мерапрыемствы, услаўляючы подзвіг савецкага народа. Да маштабных рэканструкцый «Заходні рубеж» прыцягвае і вучняў старэйшых класаў. Па словах Вячаслава Мікалаевіча, школьнікі да гэтага ставяцца выдатна, і ім усё падабаецца. А пасля падобных мерапрыемстваў прыз-наюцца, што ўдзел у рэканструкцыях робіць іх дружней.
Варта адзначыць, што важнай часткай Бярозаўскага «Заходняга рубежа» з’яўляюцца і некалькі жыхароў Пружаншчыны, якія аказваюць дапамогу ў рабоце клуба, арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў, якія даюць сапраўдныя эмоцыі трагізму вайны, робяць гісторыю жывой толькі для адной мэты — захавання памяці, патрыятызму і разумення таго, што страшныя падзеі не павінны паўтарыцца больш ніколі.
Адной з юных удзельніц клуба з’яўляецца Алеся Астапюк, вучаніца сярэдняй школы № 1 г. Пружаны імя ЧБВА. Яе шлях у свет рэканструкцый пачаўся з цікавасці да гісторыі.
— Спачатку прыходзіла на мерапрыемствы як глядач, назірала за ўсім, што адбывалася, і гэта было неверагодна захапляльна. А аднойчы мяне запрасілі выканаць песню на ваенную тэматыку ў мемарыяльным комплексе партызанскай славы «Хаваншчына». Пасля гэтага вырашыла паспрабаваць узяць удзел і ў рэканструкцыі баявых дзеянняў, — дзеліцца дзяўчына.
Алеся далучылася да клуба «Заходні рубеж» амаль год таму, і з таго часу яе жыццё напоўнілася новымі і яркімі ўражаннямі. Дзяўчынка ўжо паспела прыняць удзел у мностве мерапрыемстваў, кожнае з якіх пакінула незгла-джальны след у яе памяці. Асаблівае месца ў сэрцы Алесі займае рэканструкцыя, якая праходзіла ў Станькава
9 мая 2025 года. Гэта падзея стала для яе сапраўды знакавай.
— Калі выходзіш на рэканструкцыю ў першы раз — гэта вельмі хвалююча, бо ў той жа час адчуваеш буру эмоцый. Вядома, уражанні застаюцца і ў наступныя разы, тым больш што рэканструкцыі ў нас вельмі разнастайныя, але першая — яна заўсёды самая асаблівая. А само мадэляванне баявых дзеянняў — гэта як сапраўднае пагружэнне ў мінулае. Ты нібы апыняешся ў тых самых падзеях і адчуваеш атмасферу таго часу. Гэта непараўнальнае адчуванне, — падкрэсліла ўдзельніца клуба «Заходні рубеж».
Захапленне Алесі мае і сямейныя карані. Яе бацька, Андрэй Іванавіч, таксама з’яўляецца актыўным членам клуба. «Бачыла, як тата ўдзельнічае ў рэканструкцыях, і мне гэта вельмі падабалася», — кажа дзяўчынка.
— Як прадстаўніца маладога пакалення, вельмі цаню мір, дабрабыт і стабільнае жыццё ў нашай краіне. І лічу, што важна памятаць пра тых, хто змагаўся за наша будучае, і якой цаной было дасягнута мірнае неба. Удзел у рэканструкцыях дапамагае мне глыбей усвядоміць гэтыя рэчы, адчуць сувязь з мінулым і перадаць сваё разуменне іншым, — адзначае вучаніца СШ № 1 г. Пружаны ім. ЧБВА.
Па выніках работы клуба за 2025 год за актыўную дзейнасць у патрыятычным выхаванні моладзі, захаванне гістарычнай памяці і ініцыятыўны ўдзел у ваенна-гістарычных рэканструкцыях Алесі была выказана падзяка ад кіраўніка клуба Дзмітрыя Маркава. Гэты падзячны ліст прыйшоў таксама і ў школу, што стала прыемнай нечаканасцю для навучальнай установы.
Алеся з’яўляецца яскравым сведчаннем таго, як самастойна і без падказак маладое пакаленне можа знаходзіць цікавыя і значныя формы самавыяўлення, захоўваючы сувязь з гісторыяй і выхоўваючы ў сабе пачуццё патрыятызму. Яе прыклад паказвае, што захапленне можа стаць не проста хобі, а важнай часткай жыцця, якое спрыяе фарміраванню актыўнай грамадзянскай пазіцыі.
Руслан Басак
Фота Кацярыны Масік і клуба «Заходні рубеж»
г. Бяроза
