
У святочныя дні галоўнае не толькі багаты стол, а і візіт гасцей, якія прыносяць з сабой і добры настрой, і падарункі. Менавіта з такой мэтай і праводзіцца на Беларусі дабрачынная акцыя «Ад усёй душы», падчас якой калектывы розных арганізацый з добрымі пажаданнямі наведваюць сацыяльныя ўстановы для пажылых.
Днямі ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у аг. Лыскава пабывалі прадстаўнікі Камітэта дзяржаўнага кантролю. Як зазначыла старшыня КДК па Брэсцкай вобласці Аксана Цылько, да гэтага візіту яны доўга рыхтавалася і загадзя цікавіліся, якімі падарункамі варта парадаваць састарэлых.
— І вельмі здзівілася, калі даведалася, што многія з пастаяльцаў любяць спяваць,— паведаміла Аксана Мікалаеўна.— Таму вырашылі набыць вялікую музычную калонку з мікрафонамі ў ваш пакой для адпачынку, каб яшчэ больш разнастаіць вольны час тым, хто даглядаецца ў гэтай сацыяльнай установе.
А яшчэ ў якасці пашаны старшыня КДК па Брэсцкай вобласці разам з начальнікам упраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Ігарам Мальшаковым і памочнікамі кожнаму пастаяльцу аддзялення ўручылі навагоднія ласункі з пажаданнямі здароўя і бадзёрасці духу. І, безумоўна, заўсёды пазітыўнага настрою, які ў момант урачыстай сустрэчы падтрымалі цудоўныя выступленні артыстаў пружанскага аўтаклуба — вакальны дуэт «Гармонік».
Алег Сідарэнка
