Воскресенье, 19 апреля 2026

Па-за кадрам: свой погляд

521

Беларускае кіно — гэта асаблівы свет, напоўнены шчырымі гісторыямі, роднымі краявідамі і глыбокім пачуццём прыналежнасці. У ягоных кадрах жывуць душа, характар нашай зямлі, тое, на чым вырас кожны з нас. Мы папрасілі розных людзей падзяліцца сваімі цёплымі адносінамі і асабістымі адкрыццямі пасля прагляду айчынных кінастужак.

Святлана Собалева:
— Абавязкова гляджу, гэта як глыток свежага паветра. У беларускім кіно ёсць асаблівая, ціхая паэзія і інтанацыя, якую ні з чым не зблытаеш. Нядаўна пераглядала «На ростанях» — гісторыя пра выбар і карані, якая з кожным праглядам адкрываецца па-новаму. З сучасных вельмі спадабаўся анімацыйны фільм «Белавежская пушча» — прыгодніцкая камедыя з элементамі фэнтэзі пра сяброўства, сям’ю і сілу прыроды.

Аляксандр Сачко:
— Лічу, што глядзець і падтрымліваць сваё кіно — справа важная. У ім захоўваецца наша ментальнасць і погляд на свет. Апошнім адкрыццём стала ваенная драма «Родныя» — моцны і вельмі сумленны фільм пра сувязь пакаленняў, які нікога не пакідае абыякавым. У беларускіх ваенных фільмах геніяльна перадаецца атмасфера: ты нібы адчуваеш пах лесу, у якім хаваюцца партызаны, і напружанне кожнага моманту. Гэта кіно цалкам уцягвае ў сюжэт. Пераглядаў фільм «У тумане» — проста шэдэўр, дзе кожны кадр дыхае пачуццём уласнай годнасці.

Валерыя Ліневіч:
— Хутчэй сутыкаюся, чым спецыяльна шукаю. Па магчымасці сачу за новымі імёнамі і праектамі ў інтэрнэце. Радуе, што з’яўляецца больш аўтарскага погляду і смелых тэм. На днях з вялікім задавальненнем паглядзела карціну «Фармат» аб сучасных мастаках — жывое, энергічнае і вельмі стыльнае кіно. Апошнім адкрыццём для мяне стаў кароткаметражны фільм «Перакладчык» — кранальная гісторыя пра ўзаемаразуменне. Прыемна здзівіў.

Сяргей Рабчук:
— Для мяне беларускае кіно — гэта, перш за ўсё, моцная дакументальная школа. Яна ўмее паказваць жыццё без прыкрас, але з вялікай павагай да чалавека. Быў пад уражаннем ад апошняй працы «Галасы цішыні» — фільма аб народных майстрах, знятага з надзвычайнай чуласцю. Калі казаць пра класіку, то ўзгадваецца экра-нізацыя аповесці Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха» — захапляльная дэтэктыўная гісторыя, неверагодна сугучная з сённяшнім часам. Адолець, перамагчы зло здольныя толькі нястомная надзея і святло кахання.

Надзея Гумен:
— У асноўным, гэта кіно майго дзяцінства і юнацтва. Цяпер рэдка гляджу новае, але з цеплынёй успамінаю класіку, накшталт «Белых рос» ці «Пра Чырвоную Шапачку». Нядаўна пераглядалі ўсёй сям’ёй фільм «Талаш» пра грамадзянскую вайну. Для нас такія кінастужкі асаблівыя. Яны дапамагаюць зразумець, праз што прайшлі нашы дзяды. Заўсёды глядзім іх разам і потым доўга абмяркоўваем. У іх адчуваецца глыбокая павага да гісторыі і подзвігу простых людзей, якая прымушае не толькі суперажываць, але і задумацца.

Гутарыла Ірына Велясевіч. Фота Кацярыны Масік