
У гэтым чарговы раз пераканаліся жыхары Ружан, якія пабывалі на «Каляднай казцы» ў мясцовым Цэнтры культуры і вольнага часу. Трэба сказаць, што мерапрыемствы такога кшталту праводзяцца ў пасёлку рэгулярна.
…Нягледзячы на траскучы мароз за вокнамі, у зале панавала цёплая святочная атмасфера. Свята было падрыхтавана супрацоўнікамі Цэнтра культуры і вольнага часу, мясцовай школы мастацтваў і нядзельнай школы, якая працуе пры храме святых апосталаў Пятра і Паўла ў Ружанах. Намаганні юных артыстаў і іх кіраўнікоў былі накіраваны на далучэнне гледачоў да багатай духоўнай спадчыны беларускага народа.
Пачалі праграму выступленні юных талентаў школы мастацтваў. Яны падарылі гледачам незабыўныя мелодыі, ствараючы атмасферу чарадзейства і цеплыні. Працягам сталі нумары выхаванцаў нядзельнай школы. Яны падрыхтавалі пранікнёныя вершы, якія кранулі сэрца ўсіх прысутных і нагадалі пра важнасць праваслаўных свят.
Асаблівую ўвагу гледачоў прыцягнула «Навагодняя казка», якую падрыхтавалі ўдзельнікі тэатральнага гуртка Цэнтра культуры і вольнага часу пад кіраўніцтвам Алы Рошчанкі. Гэтае яркае выступленне напоўніла залу смехам і радасцю, пагружаючы ўсіх у вясёлую атмасферу.
У канцы мерапрыемства выступіў з прамовай айцец Аляксандр Сень. Ён падзяліўся сваімі развагамі пра значэнне веры для кожнага чалавека і пра тое, як важна захаваць светлыя традыцыі ў нашых сэрцах.
— Мы маем сёння магчымасць святкаваць не толькі ў храме, але і ў школе, і тут, у гэтай зале. На жаль, так было не заўсёды. І тое, што сёння мы ўсе сабраліся — гэта сведчанне нашай духоўнай мудрасці. Усё, што адбылося на гэтай сцэне, пакіне ва ўсіх глыбокі след, — адзначыў святар.
Завяршаючым акордам мерапрыемства стала ўручэнне дыпломаў пераможцам епархіяльнага этапу Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка «Прыгажосць Божага свету». А яшчэ ўсе ўдзельнікі атрымалі салодкія падарункі.
Скончылася «Калядная казка», але ў сэрцы і памяці кожнага, хто яе паглядзеў ці прымаў непасрэдны ўдзел, яна застанецца надоўга.
Марыя Вішнявецкая, Ружанская СШ імя К. Марача
