
Напрыканцы мінулага тыдня ў райаддзеле па надзвычайных сітуацыях прайшоў Дзень адчыненых дзвярэй, на які былі запрошаны вучні старэйшых класаў шэрага навучальных устаноў. Таму і мерапрыемства было арганізавана з прафарыентацыйным акцэнтам.

Спачатку да ведама юных наведвальнікаў была даведзена інфармацыя аб прафесійных навучальных установах па лініі МНС. Намеснік начальніка РАНС па кадравай рабоце Дзмітрый Казлоў расказаў пра ўмовы паступлення для хлопцаў і дзяўчынак, асаблівасці афармлення дакументаў і праходжання іспытаў. Пра тое, з чым давядзецца сутыкнуцца падчас вучобы, школьнікі пачулі з вуснаў непасрэдных выпускнікоў, у прыватнасці, Універсітэта грамадзянскай абароны. А напрыканцы слухачам было вельмі цікава даведацца, якім чынам вырашаецца пытанне працаўладкавання тых, хто атрымаў дыплом, пра кар’ерныя магчымасці і заработную плату.
Каб паказаць, у чым прафесія выратавальніка адрозніваецца ад іншых, удзельнікам Дня адчыненых дзвярэй была прадэманстравана спецыяльная тэхніка, аснашчэнне і амуніцыя работнікаў падраздзяленняў экстраннага рэагавання. А яшчэ школьнікі змаглі паназіраць за рэальнымі баявымі дзеяннямі падчас вучэнняў з тушэннем умоўнага пажару.
Алег Сідарэнка
Фота Кацярыны Масік
