Суббота, 18 апреля 2026

Мужчынскі хор «Усіхсвяцкі» кафедральнага сабора ў гонар Усіх Святых у г. Мінску можна назваць унікальным

351

Гэта адзіны прафесійны калектыў у нашай краіне, які спявае падчас богаслужэнняў і паралельна вядзе актыўную канцэртна-гастрольную дзейнасць у Беларусі і за яе межамі. Хор існуе з 2013 года і за гэты час неаднойчы станавіўся лаўрэатам шэрага прэстыжных конкурсаў і фестываляў духоўнай музыкі, у тым ліку міжнароднага ўзроўню.

У мінулую нядзелю пазнаёміцца з творчасцю хору, раздзяліць з яго ўдзельнікамі радасць набліжэння да Бога праз царкоўныя спевы змаглі і жыхары Пружан. Выступленне было наладжана ў Свята-Аляксандра-Неўскім храме пасля вячэрняга богаслужэння, дзе сабраліся не толькі прыхаджане, але і ўсе жадаючыя далучыцца да духоўных скарбаў. Як адзначыў перад выступленнем рэгент Дзмітрый Такмакоў, падобныя сустрэчы — гэта магчымасць духоўна падтрымаць вернікаў у складаны час Вялікага посту.

Гучалі не толькі велікапосныя песнапенні, але і духоўныя вершы – спевы на хрысціянскія сюжэты, у тым ліку сучасных беларускіх аўтараў.

Уражанні былі проста неверагоднымі! І не толькі з-за прыгажосці і моцы мужчынскіх галасоў, зладжанасці акапэльнага выканання: спевы ліліся нібы з сэрцаў выканаўцаў, каб трапіць у душы слухачоў.
Непадробныя эмоцыі, слёзы на вачах, апладысменты, кветкі, удзячныя словы, фота на памяць — усё было ў гэты вечар. А завяршыўся ён спевам «Многая лета» — пажаданнем дабра і міру ўсім прысутным.


Да Дзмітрыя Такмакова проста немагчыма было не падысці з пытаннямі. Аказалася, што арганізатар, бяззменны кіраўнік і саліст хору з ахвотай гатовы на іх адказаць.

— Дзмітрый Валер‘евіч, падобна, што ўсе спевакі хору «Усіхсвяцкі» — прафесійныя музыканты?

— Так, у свой час я скончыў вакальнае аддзяленне Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай кансерваторыі імя М.А. Рымскага-Корсакава, вярнуўся на Радзіму, у Беларусь, каб служыць Богу і людзям. Усе нашы ўдзельнікі, а іх цяпер больш за два дзясяткі, — студэнты і выпускнікі акадэміі музыкі, іншых спецыяльных навучальных устаноў. Мы спяваем на клірасе ў мінскім храме ў гонар Усіх Святых і адначасова шмат выязджаем з канцэртамі. Па блаславенні архіепіскапа Брэсцкага і Кобрынскага Іаана пабывалі і ў многіх гарадах Брэстчыны. І паверце, для нас падобнае сумяшчэнне — больш чым праца: гэта ўжо лад жыцця. Мы вельмі любім тое, што робім, імкнёмся несці людзям прыгажосць і духоўных спеваў, і свецкай музыкі.


— Магчыма, было б больш зручна наладзіць выступленне ў Палацы культуры?

— Не, наша прынцыповая пазіцыя — праводзіць вечары, падобныя сённяшняму, менавіта ў храмах. У нас быў досвед у адным з гарадоў, калі выступілі ва ўстанове культуры. Нічога добрага з гэтага, паверце, не атрымалася. І нават не з-за рознай акустыкі. Тое, што мы робім, — не канцэрт, а нешта больш глыбокае, тут закладзены іншы сэнс. Духоўныя спевы — не проста словы, пакладзеныя на музыку. Мы імкнёмся, каб праз іх Гасподзь дакрануўся да кожнай душы.

— А якія ўражанні ў Вас ад Пружан?

— Мне хочацца назваць Пружаншчыну месцам асаблівым. У 2003 годзе, калі толькі пачаў несці сваё рэгенцкае паслушэнства, я пазнаёміўся з цудоўнай набожнай жанчынай, былой жыхаркай Гарадзечна. Лідзія Міхайлаўна Вайтуховіч узгадвала, што ў свой час актыўна ўдзельнічала ў аднаўленні гарадзечненскага храма. Яна вельмі мне дапамагала, навучала, мы з ёй шмат рэпеціравалі. Простая жанчына аказалася высокадухоўным і ўнутрана інтэлігентным чалавекам, я ўдзячны ёй.

Ужо ў тыя часы яна была даволі пажылога ўзросту і гады тры таму пайшла з жыцця. Але сёння, калі знаходжуся на пружанскай зямлі, вельмі прыемна ўзгадаць пра чалавека, які разам з прафесійнымі настаўнікамі вучыў мяне спяваць так, каб застацца ў душы кожнага, абудзіць лепшыя пачуцці, падарыць веру, надзею, любоў…

Протаіерэй Міхаіл Носка, настаяцель Свята-Аляксандра-Неўскага храма ў г. Пружаны, благачынны цэркваў Пружанскай акругі:
— Вельмі прыемна, што наш храм удастоіўся гонару прыняць майстроў царкоўна-спеўнага мастацтва міжнароднага ўзроўню. Спевы сталі сапраўдным падарункам. Я бачыў, як святлелі твары людзей, як жанчыны выціралі слёзы, як падпявалі, далучаліся душою да глыбіннага сэнсу духоўных вершаў. Блаславі Гасподзь усіх удзельнікаў вечарыны. Хочацца, каб святло і цеплыню сённяшняй своеасаблівай агульнай музычнай малітвы мы пранеслі як мага даўжэй.


Таццяна Жук, Вольга Дзімітруковіч і Галіна Локцева,
прыхаджанкі:

— Гэта быў неверагодны эмацыянальны ўздым! Паверце, мурашкі беглі па спіне, калі хор спяваў «Наша вера праваслаўна». Зараз у свеце тварыцца шмат жудаснага, і гэта не толькі войны і канфлікты. У «культурнай» Еўропе вядзецца рэальная прапаганда дэманізму, разбурэння ў чалавеку сапраўднай існасці. Прыемна, што наша Беларусь застаецца астраўком веры і спрадвечных маральных каштоўнасцей. І гэта пацвярджае творчаць хору «Усіхсвяцкі».


Падрыхтавала Ірына СЯДОВА