Суббота, 18 апреля 2026

Марафон карысных спраў на Пружаншчыне

425

Бясспрэчна, кожнаму жыхару раёна хочацца, каб камфорт, чысціня і экалагічнасць сталі сапраўдным брэндам нашай Пружаншчыны. Не толькі ў райцэнтры, буйных населеных пунктах, а нават у аддаленых вёсачках. Каб такая візітоўка краю стала прыцягальнай сваёй утульнасцю і прыгажосцю, каб ён славіўся парадкам і гаспадарлівасцю ў кожным сваім куточку.

Дзеля ўтульнасці
Менавіта для гэтага штогод у раёне праводзіцца месячнік добраўпарадкавання, які заўсёды стартуе пасля сходу снегу. Бягучы год не стаў выключэннем, і ўжо хутка споўніцца месяц з пачатку правядзення марафону па навядзенні парадку на нашай зямлі. А значыць, надышоў час падвесці папярэднія вынікі.
Варта адзначыць, што любая выкананая добрая справа прыносіць нямала карысці. Па-першае, для вачэй, калі бачыш прыбранае наваколле, веснавое адраджэнне прыгажосці і чысціні. Па-другое, ёсць карысць і для душы, таму што такія дабрачынныя справы заўсёды пакідаюць выдатны настрой і задавальненне. І па-трэцяе, такім чынам усе, хто прымаў удзел у добраўпарадкаванні, закладалі выхаваўчы падмурак, на якім вырасце наступнае пакаленне. І працягне традыцыю гаспадарлівасці на нашай зямлі.

Разам — сіла
Варта сказаць, што ў марафоне добраўпарадкавання прымалі ўдзел не толькі адказныя службы, працоўныя або вучнёўскія калектывы. Нямала зроблена і рукамі простых грамадзян. Адзін прыбраў кветнікі каля дома, другі высадзіў на іх зёлкі, трэці пафарбаваў дрэвы і бардзюры. Здаецца, ад кожнага атрымалася па дробязі, а разам выйшла глабальная праца, якую немагчыма не заўважыць.
І гэтая ўвага прайшлася не толькі па цэнтральных вуліцах горада або сельскіх населеных пунктаў. Прыемна, што нярэдка людзі з лапатамі, граблямі з’яўляліся і на памятных мясцінах, на брацкіх пахаваннях і каля помнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Таксама не засталіся па-за клопатам грамадскія месцы.

Аднаўленне тратуара работнікамі КУВП «Камунальнік» (г.п. Ружаны)
Прыбіранне тэрыторыі (г.п. Ружаны)
Афарбоўка агароджы работнікамі ААТ «Ружаны-Агра» (г.п. Ружаны)


Адрасы добрых спраў можна пералічваць бясконца — гарадскія пасёлкі Ружаны і Шарашэва, аграгарадкі Лыскава, Лінова, Стараволя, Вялікае Сяло і іншыя, яшчэ дзясяткі вёсак. Кожны, хто патраціў пару гадзін са свайго паўсядзённага рэжыму, зразумеў, што навесці парадак, бляск і чысціню ў сваім доме — гэта даць новае дыханне таму, што акружае. У тым ліку і самому сабе.

Парадак толькі пачынаецца
Нездарма мы падвялі толькі папярэднія вынікі. Месячнік па добраўпарадкаванні стаў, як сказалі б вайскоўцы, разведкай боем. Многае зроблена, але кожны для сябе зрабіў выснову адносна будучага прыкладання сваіх рук. І такая магчымасць ёсць на працягу ўсяго года. А зусім хутка будзе праводзіцца рэспубліканскі суботнік, у якім змогуць прыняць удзел усе жадаючыя. Тыя, хто не проста разважае ці думае нешта зрабіць прыемнае сабе і навакольным, а проста ідзе і робіць.


Алег Сідарэнка