Суббота, 18 апреля 2026

Маленькія хіп-хоперы са студыі «Ружовая пантэра» прывезлі дыпломы з чэмпіяната Беларусі па сучасных танцах!

710

Нядаўна ў г. Брэсце праходзіў чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па сучасных танцах, на якім паспяхова выступілі і юныя пружанскія танцоры.

У намінацыі «Hiphop» тры вучаніцы студыі сучаснага танца «Ружовая пантэра» – Вера Крачко, Стэфанія Тарасевіч і Вольга Казбяровіч – паказалі запальны танец «Spring party», што значыць «вясновая вечарынка», і занялі ганаровае другое месца.

— Новы сезон пачнецца восенню, а пакуль зоймемся падрыхтоўкай і здымкамі танцавальных відэа, — падзяліліся планамі дзяўчынкі, якія займаюцца ў студыі толькі паўтара года.

— І так радуюць свайго трэнера! Упэўнена, наперадзе іх чакае толькі поспех! — кажа кіраўнік студыі Маргарыта Страбковіч, з дапамогай якой дзеці сабралі ўжо значную агульную скарбонку перамог і ўзнагарод.

Дарагія дзяўчынкі і хлопчыкі, калі ў вас ёсць жаданне раскрыць і развіць свае танцавальныя здольнасці, студыя ў Лядовым палацы чакае вас. Прыводзьце і сваіх бацькоў: тут праводзяць заняткі і для дарослых.

Алена Зялевіч. Фота прадстаўлена студыяй «Ружовая пантэра»