Воскресенье, 19 апреля 2026

Літаратурны семінар у раённай бібліятэцы імя М. Засіма

389

Імя Івана Шамякіна ў беларускай літаратуры —значнае, фундаментальнае і добра вядомае. Яго «Глыбокая плынь», «Сэрца на далоні» і «Вазьму твой боль» даўно сталі часткай школьнай праграмы і нацыянальным здабыткам беларусаў.

Але што стаіць за гэтым «вядомы»? Як прымусіць зразумець класіка сучасным чытачам? Менавіта гэтыя пытанні сталі цэнтральнымі на літаратурным семінары ў раённай бібліятэцы імя М. Засіма, які сабраў бібліятэкараў Пружаншчыны.

Адкрыла мерапрыемства загадчык ДУК «Пружанская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма» Таццяна Гуторкіна. Яна падкрэсліла, што такія прафесійныя сустрэчы — не проста фармальнасць, а жыццёвая неабходнасць, крыніца новых ідэй і матывацыі для ўсіх спецыялістаў сферы. Глыбокае асэнсаванне творчасці пісьменніка, абмен вопытам і пошук натхнення ў спадчыне чалавека вялікай душы і таленту надало семінару асаблівае значэнне.

Супрацоўнікі аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы выступілі з дакладамі, якія задалі тон усяму літаратурнаму дню. У абноўленым фармаце расказалі пра няпросты творчы шлях пісьменніка, прыадчынілі заслону над малавядомымі старонкамі яго жыцця, дазволіўшы калегам убачыць Шамякіна з другога боку. А інтэрактыўная літаратурная гульня «Жыццёвая мудрасць у творах Івана Шамякіна» наглядна паказала, наколькі актуальны яго назіранні пра дабро, зло, каханне, маральны выбар і сёння.

— Наш аддзел з’яўляецца асноўным метадычным цэнтрам для бібліятэк раёна. Мы займаемся статыстыкай, зборам інфармацыі, планаваннем, падрыхтоўкай і правядзеннем сацыякультурных мерапрыемстваў. Сёлета такіх праектаў было больш за 110 — гэта юбілейныя даты знакамітых паэтаў і пісьменнікаў, прапаганда здаровага ладу жыцця, беларускай літаратуры, патрыятычнай і духоўна-маральнай накіраванасці, работа з дзецьмі, а таксама цеснае супрацоўніцтва з цэнтрам карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, — адзначыла загадчык аддзела Інэса Кетрык.

Асаблівай падзеяй стала анлайн-сустрэча са Святланай Равінскай, загадчык бібліятэкі-філіяла № 2 імя І. Шамякіна г. Магілёва. Тэма яе выступлення — «Пазіцыянаванне літаратурнай спадчыны Івана Шамякіна сярод карыстальнікаў бібліятэкі» аказалася вельмі практычнай. Вядома ж, пісьменнік усім знаёмы, яго ваенную прозу вывучаюць у старэйшых класах, але ключавое пытанне — як паднесці гэты матэрыял? Што мы жадаем, каб чытач вынес пасля закрыцця кнігі? Як дапамагчы асэнсаваць прачытанае і, што не менш важна, даць магчымасць падзяліцца сваімі думкамі з іншымі? Вопыт магілёўскіх калег, для якіх імя Шамякіна — візітная картка бібліятэкі, стаў бясцэннай крыніцай канкрэтных ідэй: ад тэматычных віктарын да маладзёжных дыскусійных клубаў.

Завяршыўся насычаны дзень круглым сталом «Паспяховае планаванне — фактар эфектыўнай работы». Тут тэорыя сустрэлася з практыкай. Удзельнікі семінара абмеркавалі канкрэтныя планы і праекты на 2026 год. Напрыклад, як правільна выбудаваць каляндар падзей, спалучаючы традыцыйныя фарматы (літаратурныя вечары, выставы) з лічбавымі (віртуальныя туры, анлайн-віктарыны), або як эфектыўна прасоўваць бібліятэчныя мерапрыемствы ў сацыяльных сетках, прыцягваючы новую аўдыторыю, ці як ацэньваць поспех бібліятэкі не толькі па колькасці наведванняў, але і па якасці дыялогу з чытачом. Гэтая размова стала своеасаблівым мазгавым штурмам, дзе нараджаліся канцэпцыі будучых мерапрыемстваў, а новыя методыкі выйшлі на першасны план.

Падвядзенне вынікаў сустрэчы яшчэ раз даказала, што нават у самага вывучанага класіка можна знайсці новыя грані. Іван Шамякін паўстаў не толькі як летапісец ваеннага ліхалецця, але і як тонкі псіхолаг, філосаф і педагог, чыя жыццёвая мудрасць дапамагае чытачу знайсці адказы на складаныя пытанні. Галоўны вынік размовы — разуменне, што місія бібліятэкара сёння выходзіць далёка за межы выдачы кніг. Гэта мастацтва быць правадніком, здольным ажывіць знаёмыя старонкі, стварыць прастору для думкі і размовы з чытачом. Планы на новы год зараз напоўнены канкрэтным зместам і сэнсам, рэалізаваць якія па сілам сапраўдным прафесіяналам.

Ірына Велясевіч. Фота аўтара