Нагадаем, што ў гэтыя вясеннія дні праходзіць месячнік па навядзенні парадку на зямлі. Лагічным яго завяршэннем стане рэспубліканскі суботнік, які пройдзе 22 красавіка.

Прырода абуджаецца ад зімовага сну, павінны абудзіцца і людзі, каб прывесці ў парадак працоўныя месцы, двары, тэрыторыю каля пад’ездаў, у палісадніках, ды наогул весь наш горад, усе населеныя пункты. Дом, дзе мы жывём, павінен выглядаць, як лялечка. Тым больш што ў ліпені мы будзем святкаваць юбілей нашых любімых Пружан. На свята прыедуць шматлікія госці, а, як прынята ў добрых гаспадароў, перш чым прымаць гасцей, трэба навесці ідэальны парадак. Ён ужо пакрысе наводзіцца камунальнай службай. Але не справяцца нашы камунальшчыкі самі з усім, што неабходна зрабіць. Таму трэба закасаць рукавы і кожнаму з нас.
У дзень суботніка супрацоўнікі прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый раёна будуць шчыраваць на розных аб’ектах: прыбіраць абочыны дарог, паркі, скверы, фарбаваць, мазаць, рамантаваць, высаджваць дрэўцы. Тым, хто не заняты на рабочых месцах, трэба выйсці ў свае двары і там зрабіць чысціню, прыгажосць, хараство. Госці павінны любавацца нашымі Пружанамі, аграгарадкамі, вялікімі і маленькімі вёсачкамі. Хутка вялікае свята – Дзень Перамогі, таму і тэрыторыя каля помнікаў і самі помнікі, якіх у нас нямала, таксама павінна быць прыведзены ў парадак.
Акрамя месячніка навядзення парадку на зямлі, праходзіць акцыя пад назвай «Тыдзень лесу». Супрацоўнікамі розных арганізацый праводзіцца высадка хвойных, ліставых парод у лясной гаспадарцы раёна. Учора свой уклад ва ўзнаўленне лесу зрабілі супрацоўнікі райвыканкама, рэдакцыі газеты. Аб тым, дзе працавалі, колькі і якіх саджанцаў высадзілі, раскажам у наступным нумары газеты.
Звяртаючыся да тэмы навядзення парадку на зямлі, скажу, што нельга не пагадзіцца з прыказкай: «Чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не засмечваюць». Калі ж чалавек не можа, каб не насмеціць, то трэба, каб ён жа і прыбіраў як за сабой, так і за тым «хлопцам», які ніколі гэтым не займаўся і якога прымусіць немагчыма. Такому і сорамна ніколі не бывае, бо няма ў яго гэтага пачуцця. Магчыма, без яго і нарадзіўся, а, магчыма, страціў…
Віктар Ільюшчанка
