Воскресенье, 19 апреля 2026

Годныя людзі слаўнай краіны

742

Сярод мноства свят у нашай незалежнай Беларусі адным з самых знакавых быў і застаецца Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу, які адзначаецца ў трэцюю нядзелю лістапада.

«Захаваем вёску — выратуем краіну». Гэтыя словы Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі можна лічыць прарочымі. Бо многім з таго, чым сёння ганарымся, мы абавязаны самаму галоўнаму багаццю — Чалавеку працы і Зямлі-карміцельцы. Сёння ў нашай рэспубліцы, бадай, не знойдзеш тых, хто так ці інакш не звязаны з працай у сельскай гаспадарцы. Гэта аграрыі, перапрацоўшчыкі, вучоныя, нават студэнцкія атрады. На зямлі працуюць невыпадковыя людзі, а тыя, хто адданы ёй, хто нясе адказнасць за лёс краіны. І пры гэтым мы разумеем, што аграрны сектар — гэта «цэх пад адкрытым небам». Беларускія аграрыі навучыліся працаваць у згодзе з прыродай, дамагаючыся з года ў год высокіх рэзультатаў. І Пружаншчына не выключэнне. Падрабязней аб сёлетніх выніках сельскай гаспадаркі нашага раёна расказаў першы намеснік старшыні райвыканкама — начальнік
упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргей Глушко.


— Сяргей Аляксандравіч, ці парадавала нас жніво-2025?


— У бягучым годзе ў гаспадарках атрыманы рэкордны рэзультат па валавым зборы зерня, намалочана 170,4 тыс. тон пры ўраджайнасці
47,5 ц/га. Раён першым у вобласці і рэспубліцы перасягнуў 100-тысячны рубеж. Па выніках уборкі 62 камбайнавыя экіпажы намалацілі больш за 1000 тон, 8 — больш за 2000 тон, 2 — больш за 3000. Міхаіл Фядотаў і Мікалай Бірук крышку не дацягнулі да чатырох тысяч (3918).

— А як справы з буракамі і бульбай?

— Дасягненні буракаводаў раёна — заканамерны вынік сістэмнай работы, заснаванай на высокім узроўні агратэхнікі, новым пераўзбраенні, прафесіяналізме і працавітасці людзей. Збор караняплодаў цукровых буракоў плануецца ў аб’ёме 85 тыс. тон пры ўраджайнасці 640 ц/га.

Поспехі бульбаводаў сталі магчымымі дзякуючы захаванню тэхналагічнага працэсу вытворчасці на ўсіх этапах вырошчвання дадзенай культуры. На сёння маем 7 тыс. тон бульбы. Тут наш лідар — РУП «Брэсцкая АСГДС Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» з ураджайнасцю 370 ц/га.


— Не забудзем, канечне, і пра ААТ «Пружанскі льнозавод».

— Хачу ў чарговы раз падкрэсліць, што гэта паспяховае, сучаснае і канкурэнтаздольнае прадпрыемства. У бягучым годзе атрыманы годны рэзультат: вытворчасць ільновалакна склала
3,8 тыс. тон пры ўраджайнасці 15,3 ц/га, атрымана 12,5 тыс. тон ільнотрасты.

— Цяпер некалькі слоў пра жывёлагадоўлю.

— Для грамадскай жывёлагадоўлі з ураджаю 2025 года нарыхтавана
221 тыс. тон кармавых адзінак, на 1 умоўную галаву выйшлі на лічбу 30. Дадзены аб’ём дазволіць забяспечыць стабільнае развіццё галіны. Па выніках штогадовага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на нарыхтоўцы травяных кармоў сярод раёнаў Брэсцкай вобласці Пружаншчыне прысуджана трэцяе месца. Сярод камбайнераў кормаўборачных камбайнаў абласныя прызавыя месцы занялі Аляксандр Баран, Сяргей Сахарук (ААТ «Жураўлінае»), Анатоль Чыбук (філіял «Айчына» ААТ «Белавежскі»). Вячаслаў Халецкі, Сяргей Сунік з ААТ «Велікасельскае Агра», Уладзімір Капарэйка з ААТ «Ружаны-Агра» — вадзіцелі, якія дамагліся лепшых вынікаў на перавозцы травяных кармоў.


— А што з малаком і яйкамі?

— Па выніках 2025 года малака па раёне атрымаем каля 302 тыс. тон пры сярэднім надоі ад каровы 8,2 тыс. кілаграм і рэнтабельнасці яго рэалізацыі больш за 45 %. Вытворчасць прадукцыі вырошчвання жывёлы і птушкі ў жывой вазе за гэты год чакаецца ў межах 25,3 тыс. тон, у тым ліку мяса буйной рагатай жывёлы — больш за 16,4 тыс. тон і свіней — 8,6 тыс. тон.


ААТ «Аранчыцкая птушкафабрыка» плануе атрымаць 72,5 млн. яек.


— Напэўна ж, і пра будаўніцтва новых аб’ектаў не забываемся?

— Бясспрэчна, мы робім стаўку на мадэрнізацыю вытворчага працэсу. Гэта адна з важнейшых умоў для дасягнення яшчэ большых поспехаў у жывёлагадоўлі і далейшага развіцця галіны. У цяперашні час вядзецца будаўніцтва сучасных малочна-таварных комплексаў на 1200 галоў дойнага статку ў ААТ «Агра-Калядзічы» і на 900 галоў у ААТ «Шані-аграпрадукт», завершана першая чарга ўзвядзення МТФ ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс», што дасць магчымасць поўнасцю адысці ад старых фермаў з прывязным утрыманнем. У бягучым годзе ў трох гаспадарках раёна ўзведзены прафілакторыі для цялят. Яны гарантуюць камфортныя і бяспечныя ўмовы для маладняку.

— Сяргей Аляксандравіч, ці не пакрыўджаны сельскія працаўнікі грашыма?

— З ростам эфектыўнасці работы прадпрыемстваў павышаецца і ўзровень заработнай платы. За дзевяць месяцаў бягучага года па сельскагаспадарчых арганізацыях у сярэднім яна склала 2459,3 рублі, што на 24,2 % вышэй за мінулагодні ўзровень. Па гэтым паказчыку мы займаем чацвёртую пазіцыю ў вобласці.

— І некалькі віншавальных слоў.

— Няхай вашы незаменныя і натруджаныя рукі радуюць Пружаншчыну новымі дасягненнямі, поўняцца хлебныя засекі нашай Радзімы. Моцнага вам здароўя, поспехаў і дабрабыту, мірнага неба і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні! Дзякуй за нялёгкую працу, вельмі важную і патрэбную для краіны. Са святам!

Гутарыў Вадзім Раўнейка