Четверг, 13 февраля 2025

«Гэты баль мне не забыць ніколі»

713

У Мінску, у Палацы Незалежнасці, прайшоў традыцыйны навагодні баль з удзелам Прэзідэнта нашай краіны. Пабываў на гэтым грандыёзным мерапрыемстве і ўраджэнец нашага горада, віцэ-сяржант Брэсцкага абласнога кадэцкага вучылішча Захар Свід.

Як адзначае малады хлопец, такая магчымасць выпала, дзякуючы яго актыўнай дзейнасці: ён з’яўляецца вядучым некаторых мерапрыемстваў у сваёй ваенна-навучальнай установе, мае выдатную страявую падрыхтоўку, камандуе сцягавай групай, прымае актыўны ўдзел у мностве падзей і мае ганаровае званне віцэ-сяржанта, якое прысвойваецца тым, хто штодня паказвае сябе са станоўчага боку.

— Наша падрыхтоўка да балю пачалася яшчэ задоўга да яго, а першая сур’ёзная рэпетыцыя праходзіла 19 снежня ў Палацы спорту ў Мінску і працягвалася каля шасці гадзін. Апроч мяне, удзел у мерапрыемстве рыхтаваліся прыняць яшчэ пяць сяброў з майго вучылішча. Варта адзначыць, што некаторыя танцы нам былі ўжо знаёмыя, што значна аблегчыла выкананне нашай задачы.

23 снежня хлопцы зноў прыехалі ў сталіцу нашай краіны, дзе іх чакала заключная і самая важная рэпетыцыя ў Палацы Незалежнасці.

— Калі ўпершыню зайшоў у Палац, то быў захоплены яго аздабленнем, асабліва мяне здзівіла там ёлка, падобнай зялёнай прыгажосці яшчэ не бачыў. Цяпер ведаю, як выглядае ідэальнае навагодняе дрэва. Але, як аказалася пазней, яшчэ больш запамінальная падзея мяне чакала на наступны дзень, калі навагодні баль наведаў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Як толькі лідар нашай краіны зайшоў у залу, уся ўвага прысутных рэзка пераключылася менавіта на Прэзідэнта. Да гэтага я бачыў яго выключна па тэлевізары, а тут ужывую і так блізка, тыя эмоцыі не перадаць… Аляксандр Рыгоравіч зрабіў на мяне ўражанне добрага чалавека, у якога выдатнае пачуццё гумару, — адзначыў віцэ-сяржант.

Таксама падчас нашай размовы Захар некалькі разоў успамінаў прыемнымі словамі свайго кіраўніка з вучылішча Ларысу Аляксандраўну Гібеж і харэографа Ірыну Казіміраўну Казляк, якая здолела за непрацяглы час выдатна падрыхтаваць хлопцаў да важнай падзеі.

— Сам баль быў падзелены на дзве часткі: спачатку ўрачыстая, з танцамі і выступленнем Прэзідэнта, а затым адвольная, дзе ўсе яго ўдзельнікі маглі пазнаёміцца і пагутарыць паміж сабой. У цэлым, усё было вельмі прыгожа і ўражліва, гэты баль мне не забыць ніколі, — адзначыў малады хлопец.

Руслан Басак. Фота з асабістага архіва Захара Свіда