Суббота, 18 апреля 2026

Дзень выратавальніка быў адзначаны падчас урачыстай цырымоніі, у якой акрамя герояў прафесійнага свята прынялі ўдзел і мноства запрошаных госцяў

534

З абавязковымі віншаваннямі да прысутных у малой зале гарадскога Палаца культуры звярнуўся начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Павел Талстой, які падзякаваў за добрасумленную службу і выказаў спадзяванні, што свае абавязкі выратавальнікі як выконвалі, так і будуць выконваць, нягледзячы на розныя выпрабаванні. А з боку кіраўніцтва такое стаўленне да службы не застанецца незаўважаным, у пацвярджэнне чаго Павел Міхайлавіч уручыў вялікай колькасці падначаленых узнагароды ўсіх узроўняў, да самага высокага. Прычым былі адзначаны не толькі дзеючыя работнікі службы, але і ветэраны МНС, якія хаця і знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але працягваюць актыўную грамадскую дзейнасць. Сваю «мінуту славы» атрымалі і некалькі навучэнцаў спецыяльнай групы па падрыхтоўцы тэхнікаў-пажарных аграрна-тэхнічнага каледжа за высокія дасягненні ў вучобе. Дарэчы, усім студэнтам ужо была падрыхтавана свая форма, каб яны і падчас навучання ўжо прывыкалі да асаблівасцей сваёй будучай прафесіі.

Ад імя кіраўніцтва раёна віншаванні і ўзнагароды перадаў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Гук, які пажадаў пружанскім пажарным больш спакойных працоўных змен. Да яго слоў далучыліся і кіраўнікі іншых сілавых падраздзяленняў раёна, работнікі якіх нярэдка выконваюць свае службовыя абавязкі ў шчыльнай супольнасці сумесна з выратавальнікамі. А разам са шчырымі словамі ў падарунак героям святочнай урачыстасці гучалі цудоўныя песні ў выкананні самадзейных артыстаў.

Алег Сідарэнка. Фота аўтара