Воскресенье, 19 апреля 2026

Чарговы гонар трактарыста-машыніста з ААТ «Жураўлінае» Сяргея Сахарука, які ўзнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі»

665

Па майстэрстве і пашана

Пацвярджэннем гэтаму можна назваць чарговы гонар трактарыста-машыніста з ААТ «Жураўлінае» Сяргея Сахарука, які ўзнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі», што ўручыў яму на мінулым тыдні Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.

Добрасумленна ставіцца да працоўных абавязкаў, прыкладае немалыя намаганні для развіцця аграпрамысловага комплексу, дасягае высокіх вытворчых паказчыкаў. Вопытны механізатар, які з 1997 года не па чутках ведае, што такое праца на родных палетках, як да зямлі ставіцца і быць гаспадаром на ёй. З беражлівасцю адносіцца да даручанай тэхнікі, якасна і своечасова выконвае даведзеныя заданні. Сяргей Сцяпанавіч — заўсёды ветлівы і ўважлівы да людзей, карыстаецца павагай у працоўным калектыве. Такімі словамі характарызуе трактарыста-машыніста і адміністрацыя сельгаставарыства.


А каб пачуць пра сябе такое, патрэбна-такі быць сапраўдным ва ўсім: у сям’і, на рабоце, падчас зносін з сябрамі і знаёмымі, па жыцці не хлусіць і трымаць дадзенае слова.


Так яно і ёсць у выпадку з Сяргеем Сахаруком. Нічога быццам асаблівага ў абліччы няма, а ад яго проста вее цягавітасцю сапраўднага беларуса, адданасцю справе, непахіснасцю ў сваіх поглядах на жыццё, сумленнае, без лішняга прыхарошвання. Адкуль усё закладзена? Бясспрэчна, бацькам Сцяпанам Якімавічам і матуляй Лідзіяй Васільеўнай, якія па пераездзе ў 1979 годзе з вёскі Доўгае ў Клепачы працавалі ў сельскай гаспадарцы, механізатарам і даяркай. Адметна тое, што прывіць аседласць на малой радзіме, развіць пачуццё гонару за работу на вёсцы змаглі не толькі самаму малодшаму сыну, але і двум старэйшым Уладзіміру і Аляксандру, якія таксама шчыруюць у ААТ «Жураўлінае». Адзін — на дадзены момант будаўнік, а сярэдні разам з братам калясіць па палетках на трактары. А разам памнажаюць годныя рады беларусаў, не даюць сумнявацца ў самай простай ісціне — толькі стваральная праца можа прынесці радасць ад быцця ў гэтым свеце.

Пачаўся ж шлях маладога Сяргея ў сельскую гаспадарку нават раней, у 1990 годзе, калі ўладкаваўся ў тагачасны саўгас «Савецкі» слесарам пасля сканчэння дзевяці класаў Кляпацкай школы. Тады ж ад ваенкамата быў накіраваны на вучобу ў Брэсцкі ДТСААФ, дзе адвучыўся на вадзіцеля аўтамабіля і бронетранспарцёра. Гэта спатрэбілася падчас службы ў арміі, дзе бліжэй пазнаёміўся з рознай тэхнікай і адчуў: вось гэта маё па жыцці і няма чаго перабіраць. Вярнуўшыся ў сваю гаспадарку, на месцы атрымаў пасведчанне трактарыста-машыніста і з таго часу нават думкі не дапускае, што магло быць інакш. Не важна, што работа нялёгкая, часам і самому гайкі даводзіцца круціць і працаваць з раніцы да позняга вечара. Галоўнае — ногі самі нясуць ці то да трактара «Беларус 1221», ці то да кормаўборачнага камбайна «Ягуар 870», любая задача па плячы, бо сам душой і целам тут, на роднай зямлі. Ці не ёсць гэта простае чалавечае шчасце?

Закладам сваіх дасягненняў Сяргей Сахарук у вялікай ступені лічыць
сям’ю. Калі быт наладжаны, ты спакойна можаш нарыхтоўваць тыя ж кармы, вазіць салому. Ды ці мала чым даводзіцца займацца ў сельгаставарыстве?! Жонка Марына Трафімаўна, самая лепшая і гаспадарлівая, заўсёды гатова раздзяліць з мужам не толькі яго поспехі, але і падтрымаць у мінуты душэўнага неспакою, калі нават слоў не трэба, а проста ціхенька пасядзець разам. І дачка Ірына побач, працуе ў фірменным магазіне ААТ «Жураўлінае», уцеха бацькі і памочніца матулі. Вось такое яно, жыццё адданага любімай справе Сяргея Сцяпанавіча. Калі вольная часіна — ён у гаражы нешта круціць, штосьці майструе. Па суботах, а не толькі перад Новым годам, як у знакамітым фільме, у сям’і Сахарукоў ёсць традыцыя — хадзіць у сваю лазню, набрацца сіл на новыя здзяйсненні. Добра, калі ўсё добра.


За час сваёй сумленнай працы Сяргей Сахарук больш за дваццаць разоў прымаў віншаванні з нагоды ўзнагароджанняў розных узроўняў. Вось вам і прыклад для пераймання. Запомніўся механізатару 2013 год, калі яму ад Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання быў уручаны дыплом і аўтамабіль «Geely SC7» як знак павагі да чалавека працы. І ўжо, канечне, не забыць Сяргею Сцяпанавічу сёлетні момант, калі сам Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч паціскаў руку і дзякаваў за шчырае стаўленне да працоўных абавязкаў. Гэта дарагога каштуе, калі твае заслугі перад краінай прызнаюць на самым высокім узроўні, вераць у цябе і ў твае сілы, запісваюць у летапіс годных грамадзян сваёй краіны.


Вадзім Раўнейка
Фота Кацярыны Масік