Воскресенье, 19 апреля 2026

Брукаваны стартАП

985

Напрыканцы мінулага тыдня, які па ініцыятыве Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь прысвячаўся сферы прадпрымальніцтва, у Мінску было арганізавана фінальнае мерапрыемства з узнагароджаннем пераможцаў конкурсу «Прадпрымальнік года». Дыпломы лідараў сваёй справы былі ўручаны— 33 намінантам, прадстаўнікам розных накірункаў прыватнай дзейнасці. Вынікі падводзіліся па пяці намінацыях — «Паспяховы старт», «Стабільны поспех», «Эфектыўны бізнес у сферы вытворчасці», «Эфектыўны бізнес у сферы паслуг» і «Эфектыўны індывідуальны бізнес». І ў першай намінацыі былі адзначаны муж і жонка Руслан і Кацярына Чупрыкавы з г. Пружаны.

Варта адзначыць, што тая намінацыя, у якой нашы землякі былі прызнаны лепшымі прадпрымальнікамі, канкрэтна адпавядае гісторыі лаўрэатаў. Першым за сваю справу ўзяўся муж, які стварыў кампанію ў 2021 годзе. Як успамінае Руслан Аляксандравіч, у нейкі момант, набраўшы багаты досвед у будаўнічай галіне, ён вырашыў удасканаліць той інструментарый, што выкарыстоўваўся ў адпаведнай сферы.

— Узнікла ідэя самастойна зрабіць абсталяванне для выпуску якаснай тратуарнай пліткі па тэхналогіі Колермікс, якую раней нам завозілі толькі заходнія пастаўшчыкі. Больш таго, і вытворчае абсталяванне ў нашу краіну паступала з Польшчы, Італіі, Германіі.

Калі да таленавітай галавы прырода дае майстравітыя рукі, то старт павінен быць паспяховым. Што і атрымалася ў Руслана. А калі ён вырашыў паспрабаваць зрабіць эксперыментальную апрабацыю распрацаванага абсталявання для выпуску брукоўкі, то прыйшоў да высновы, што гэты прадукт можа знайсці свайго пакупніка. Адначасова, акрамя станкоў, разам з жонкай вырашылі вырабляць тратуарную плітку, і Кацярына Васільеўна аказала важкую дапамогу.
З «жалезам» займаўся галава сям’і, а другая палавінка працавала над папулярызацыяй брэнда брукоўкі «MarkBruk» на адпаведным рынку. Для чаго выкарыстоўвала ўсе магчымыя сродкі, нават лічбавыя тэхналогіі разам з «Ютубам» і сацыяльнымі сеткамі.

Вось толькі так званы рынак неахвотна прымаў новых удзельнікаў. Як успамінаюць прадпрымальнікі, даходзіла да таго, што яны рэалізоў-валі прадукцыю па сабекошце, толькі каб пра іх кампанію пайшла пагалоска.


І такі падыход спрацаваў! Сёння прыватнае ўнітарнае прадпрыемства «MarkBruk», якое размешчана ў в. Слабудка, добра вядома па ўсіх рэгіёнах Брэсцкай вобласці, ёсць пастаянныя пакупнікі з іншых куткоў Беларусі — Гродна, Мінска, Магілёва і шэрага раённых цэнтраў. Купляюць не толькі брукоўку, калекцыі якой па тэхналогіі Колермікс ужо налічваюць некалькі дзясяткаў найменняў, у тым ліку і з дабаўленнем мармуру. Таксама выручка ідзе ад стабільнага попыту і на аўтаматызаваныя лініі, якія сталі для многіх вытворцаў рэспублікі сапраўдным імпартазамяшчэннем. Калі ж параўноўваць аб’ёмы чатырохгадовай даўнасці і цяперашнія, то прыкметна розніца на цэлы парадак. Адпаведна ўзраслі і вытворчыя магчымасці, у прыватнасці, на сённяшні дзень на такую гарадскую плошчу, як у Пружанах на вуліцы Савецкай, «маркбрукаўцы» змогуць зрабіць пакрыццё максімум за… тыдзень. Тым больш што за мінулыя гады павялічыўся і працоўны штат, які на пастаяннай аснове складаецца з 23 чалавек, а ў сезон калектыў пашыраецца «дагаворнымі» работнікамі, колькасць якіх можа дасягаць і паўсотні. А гэта працоўныя месцы, магчымасць зарабіць грошы на годнай працы. Вось і атрымліваецца, што працуюць Чупрыкавы не толькі «на ўласны інтарэс». Што і было ўлічана пры падвядзенні вынікаў рэспубліканскага конкурсу ў намінацыі «Паспяховы старт», у якой пружанскім прадпрымальнікам канкурэнтаў практычна не было.


Алег Сідарэнка
Фота Кацярыны Масік