На міжнароднай спецыялізаванай выставе «Белагра-2022», якая сёння завяршае работу ў кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі Камень», можна было ўбачыць стэнды прадпрыемстваў і арганізацый нашага раёна.

Не першы год дэманструе сваю прадукцыю ААТ «Пружанскі малочны камбінат». Працаваў стэнд малочнага вытворцы і ў рамках сёлетняй выставы. Як расказала маркетолаг Іна Іванова, на працягу двух дзён наведвальнікі маглі азнаёміцца з асартыментам прадукцыі, ацаніць навінкі, у ліку якіх — плаўлены сыр «Праванскія травы».

Таксама можна было пакаштаваць вядомыя пружанскія цвёрдыя сыры. Адзін з іх — «GRANO PRUGIANO» з лінейкі «VAN GOLD» прадпрыемства выставіла на народны конкурс «Чэмпіён смаку».
Па выніках прэстыжнага спаборніцтва, удзельнічалі ў якім малочныя кампаніі краіны, наш сыр заваяваў дыплом першай ступені!

Адразу на двух стэндах — «Белкаапсаюза» і Брэсцкага аблвыканкама — выстаўляў сваю прадукцыю філіял райспажыўтаварыства «Камбінат кааператыўнай прамысловасці». Начальнік лабараторыі Алена Якутчык расказала, што госці выставы мелі ўнікальную магчымасць пакаштаваць напіткі з двух новых серый — «Top Komboss» і «Sweet Life». Набыць гэтую прадукцыю можна ў магазінах райспажыўтаварыства. Добрай ацэнкі заслужылі хлебабулачныя і рыбныя вырабы, прэсервы, салёны селядзец. На стэндзе райспажыўтаварыства можна было ўбачыць і шматлікія ўзнагароды філіяла.

Яшчэ адным удзельнікам «Белагра-2022» было ААТ «Санаторый «Ружанскі» — візітная картка і брэнд раёна. Прадстаўнікі санаторыя ў рамках свайго стэнда расказвалі наведвальнікам пра аздараўленне і лячэнне. Усе жадаючыя маглі атрымаць брашуры са звесткамі пра кошт паслуг, унікальныя і цікавыя прапановы санаторыя.
Уладзіслаў Шпарла. Фота малочнага камбіната і Кацярыны Масік
