Інтэрнэт, як глабальная сетка, з самага свайго нараджэння пазіцыянуецца як магчымасць аб’яднаць у адно цэлае ўсе куткі нашай планеты. Перапіска, абмен напрацоўкамі, ідэямі, магчымасць пабываць віртуальна ў далёкіх мясцінах, паназіраць за навукоўцамі — усё гэта і многае іншае даступна ў сусветным павуцінні.

Аднак некаторыя карыстальнікі прыйшлі да высновы, што інтэрнэтам можна карыстацца ананімна. Дастаткова змяніць сваё прозвішча, замест фота паставіць нейтральную аватарку. І можна пісаць усё, што душа пажадае. А потым выдаліць размешчанае, каб немагчыма было прасачыць аўтарства. Вось толькі тэхнічныя магчымасці штогод сур’ёзна пашыраюцца і нярэдка бяруцца на ўзбраенне праваахоўнымі структурамі. Бо не заўсёды «словы ў інтэрнэце» бываюць проста словамі.
Падзеі двухгадовай даўнасці ў нашай краіне паказалі, што віртуальная прастора можа стаць іскрай, ад якой успыхвае полымя грамадзянскага супрацьстаяння. Падчас расследавання крымінальных спраў па фактах масавых беспарадкаў было ўстаноўлена, што пераважная большасць абвінавачваных проста паверыла той інфармацыі, што размяшчалася на старонках дэструктыўных сайтаў і мабільных дадаткаў. І калі пакінуць інтэрнэту былую ананімнасць, то невыключана, што аўтары хлусні зноў пажадаюць такім чынам паўплываюць на спакой у Беларусі.
Асаблівая ўвага была нададзена расследаванню выпадкаў абразы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. На жаль, у гэтым паўдзельнічалі і жыхары нашага раёна. Напрыканцы сакавіка бягучага года пачалася серыя судовых пасяджэнняў, на якіх разглядалася крымінальная справа, узбуджаная па ч.2 арт.367 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь у дачыненні да жыхаркі раёна, якая ў жніўні 2020 года абвінаваціла Кіраўніка дзяржавы ў забойстве. Дакладней кажучы, жанчына ўжо «прыгаварыла» яго як злачынцу.
На пасяджэннях абвінавачваная не прызнала сваю віну. У якасці доказаў яна сцвярджала, што аўтарства належыць не ёй, напрыклад, доступам да кантэнту мог скарыстацца любы. Аднак тэхнічныя сродкі дазволілі ўстанавіць прамую ўзаемасувязь. Тады грамадзянка пачала даказваць, што ў тых словах не было ніякай абразы дзеючага Прэзідэнта, а названы проста чалавек з аднолькавым прозвішчам. Лінгвістычная экспертыза прыйшла да адназначнай высновы, на падставе якой дзяржаўны абвінаваўца палічыў такія сцвярджэнні проста адгаворкамі, якім нельга надаваць увагі.
На падставе атрыманых улік суд прыгаварыў абвінавачваную, у якой на выхаванні былі непаўналетнія дзеці, да трох гадоў пазбаўлення волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. З прыгаворам жанчына не пагадзілася і ў апеляцыйным парадку абскардзіла яго. Аднак вышэйстаячая судовая ўстанова пакінула рашэнне раённага суда без змяненняў. Прыгавор уступіў у законную сілу.
Алег Сідарэнка. Фота мае ілюстрацыйны характар
