
Гартаючы старонкі «раёнкі» за першую палову 90-х гадоў мінулага стагоддзя, толькі дзіву даешся, наколькі змрочны перыяд гісторыі давялося перажыць нашай краіне, людзям. Рэзкі рост цэн, ды не на працэнты, у разы, затрымка заработнай платы, татальны дэфіцыт усяго… Па ўсіх накірунках — адныя негатыўныя паказчыкі, без перспектыў і прасвятленняў. З 1994 года практычна ўсе спадзяванні былі накіраваны на Прэзідэнта, які толькі атрымаў вотум даверу ад беларускага народу. Аднак, і ён не мог «тут і зараз» вырашыць усе праблемы, большасць якіх былі застарэлымі.
І самай страшэннай з іх, на маю думку, было беспрацоўе. Можна пэўны час пражыць без сметанкавага масла, цукру, нават апранаць старое, неаднойчы рамантаванае адзенне. А як жыць, калі няма работы, і ў даляглядзе змен да лепшага не назіраецца? У такім стане чалавек здольны на любыя, самыя дзікія ўчынкі. А калі такіх небарак сотні, тысячы… Кожны год першай паловы 90-х мінулага стагодзя беспрацоўнымі на Пружаншчыне рэгістравалася 600-800 чалавек, а ў службу занятасці звярталася больш за тысячу. Вось гэту праблему, якая набліжалася да катастрофы, таму што ўскладнялася гадамі, і трэба было вырашыць Прэзідэнту з першых дзён свайго кіравання. Мяркую, што ўдалося поўнасцю.
Які ён, сучасны беспрацоўны
Калі сінтэзаваць усе статыстычныя выкладкі па рынку працы, то сёння можна смела сцвярджаць, што афіцыйнага беспрацоўя амаль што і няма. Ад агульнага занятага насельніцтва колькасць беспрацоўных складае толькі 0,1%, што, па сцвярджэнні матэматыкаў, нават пагрэшнасцю цяжка назваць. Безумоўна, менавіта на ёй дасціпны чытач можа мяне ўсё роўна «падлавіць»: маўляў, дзе ж вырашаная праблема, калі ўсё-такі беспрацоўныя ёсць? Вось толькі назваць гэта «праблемай» можна толькі пры вялікім жаданні. Насамрэч, справе нават у гэтай катэгорыі даволі вялікая «цякучка». У прыватнасці, як паведамляе начальнік аддзела занятасці раённага ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Алена Кудрэйка, з тых 790 чалавек, якія летась звярнуліся ў службу па дапамогу ў працаўладкаванні, 698 ужо працуюць. Пры гэтым пераважная большасць вырашыла сваю жыццёвую праблему літаральна ў першыя месяцы: 74,7 % працаўладкаваны на працягу 1 месяца, 17,8 % — у перыяд ад 1 да 3 месяцаў, за паўгода — яшчэ 2,2 %.
І ўсё-такі паспрабую скласці ўмоўны партрэт сучаснага беспрацоўнага. Хутчэй за ўсё на ім будзе адлюстраваны мужчына, таму што з эканамічна неактыўных грамадзян менавіта дзве трэці — прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва. Сапраўды, у добрай гаспадыні і выдатнай маці вялікая адказнасць за дом і дзяцей. А вось мужчына да выканання сваіх гендарных абавязкаў адносіцца не так катэгарычна.
Узрост непрацуючага, хутчэй за ўсё, ад 41 да 60 гадоў (60,7%), таму што маладзейшыя кадры ў наймальнікаў выклікаюць больш даверу, і ў статыстыцы яны займаюць меншую долю. А «ўзроставасць» саіскальнікаў нярэдка садзейнічае ўзнікненню насцярожанасці: маўляў, чаму ў такія гады застаўся без работы?
У дадатак, пераважная большасць не мае спецыяльнасці, таму што ў маладосці не пажадала вучыцца. Амаль палова з іх валодае базавай або сярэдняй адукацыяй. Яшчэ 27% у свой час прайшлі прафесійна-тэхнічную падрыхтоўку, аднак, і сярод гэтай катэгорыі ёсць такія, хто ні дня не адпрацаваў па атрыманай спецыяльнасці. Зноў жа, тым, хто ў свой час адвучыўся, а яшчэ не адмовіўся атрымаць працоўны стаж падчас адпрацоўцы па размеркаванні, значна прасцей працаўладкавацца. Таму што сёння ў любой прафесіі ключавым фактарам з’яўляецца адпаведная тэарэтычная і практычнай падрыхтоўка.
Крыху статыстыкі:
На працягу 2024 года ў аддзел занятасці звярнулася 790 чалавек, з якіх 211 былі зарэгістраваны беспрацоўнымі. Асноўнымі крыніцамі папаўнення рынку працы засталіся асобы, якія былі звольнены па цякучцы кадраў (22,7%), па ўзгадненні бакоў (24,6%), а таксама тыя, хто мае працоўны перапынак больш за год (16,1%). Між тым, спіс вакансій налічвае 722 прапановы. Найбольшы дэфіцыт ветэрынарных урачоў, ветфельчараў, майстроў лесу, вадзіцеляў, трактарыстаў-машыністаў, жывёлаводаў, урачоў-спецыялістаў, медсёстраў, санітарак… Увогуле, у гэтым спісе доля вакансій складае па працоўных прафесіях (58,7%), для спецыялістаў (служачых) — 41,3%.
Не блытайце… беспрацоўных
Нярэдка ў нашым грамадстве такі статус даецца ўсім непрацуючым, хаця пры дзяржаўным падыходзе так афіцыйна называюць толькі тых грамадзян, які страцілі месца працы, але актыўна вырашаюць узніклую праблему. Службай занятасці ім аказваецца маштабная і нават шматвектарная дапамога ў працаўладкаванні. Напрыклад, рэгулярна накіроўваюцца беспрацоўныя на падрыхтоўчыя і перападрыхтоўчыя курсы непасрэдна «пад заказ» наймальніка. Летась гэты план быў перавыкананы, а значыць, многія «курсанты» ўжо таксама працуюць. У дадатак аказваецца істотная падтрымка (у тым ліку і фінансавая) тым, хто вырашыў пачаць уласную справу.
А яшчэ ў 2024 годзе ў раёне было запланавана працаўладкаваць на новыя працоўныя месцы 30 чалавек. Дык вось гэта заданне выканана на 203%, працаўладкаваны 61 чалавек! І такая магчымасць даецца літаральна штогод. Таму ў бліжэйшым будучым чакаецца рэзкі рост попыту на працоўную сілу. Словам, жадаючы абавязкова займее работу. Калі шчыра гэтага жадае і прыкладае ў пошуку выйсця ўсе намаганні.
А вось іншых людзей, якія нідзе не працуюць гадамі, і гэта іх такі свядомы выбар, адносяць да «эканамічна неактыўнай катэгорыі». А ў народзе такіх папросту называюць «прафесійнымі гультаямі», якіх не варта параўноўваць з афіцыйна зарэгістраванымі беспрацоўнымі.
Партрэт такога чалавека скласці цяжэй, хоць і відавочна такая рыса характару, як непрацалюбівасць. Такую выснову можна зрабіць з улікам таго, што дзяржаўная падтрымка занятасці прапануе даволі сур’ёзныя магчымасці для працаўладкавання. Напрыклад, як зазначае Алена Аляксандраўна, практычна ўсе, хто звяртаецца па дапамогу, атрымліваюць накіраванні ў арганізацыі. І сярод прапанаваных вакансій ёсць нямала такіх, дзе работнікам абяцаюць даволі важкія заробкі: у сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, прамысловасці, энергетыцы, дзяржаўным кіраванні, сувязі, фінансавай або страхавой сферах. Што зноў жа не прыцягвае свядома непрацуючага.
Пасляслоўе
Калі параўноўваць сітуацыю на рынку працы ў першай палове
90-х мінулага стагоддзя і зараз, то ствараюцца кардынальна розныя ўражанні. Тры дзесяцігоддзі таму застацца без работы было трагедыяй, ад якой можна было чакаць самых страшэнных наступстваў. Сёння — гэта часовая складанасць, на вырашэнне якой прапануецца не 1 ці 2, а нават каля дзясятка варыянтаў выйсця. Толькі не ўсіх яны прывабліваюць, таму што такія «непрацуючыя» задаволены сваёй жыццёвай сітуацыяй і, увогуле, не будуюць якія-небудзь планы на будучыню. Хочацца спадзявацца, што нешта зменіцца ў іх падыходах да ладу жыцця, і яны возьмуцца за розум. У любым выпадку, эканамічнае развіццё нашай краіны гэтаму спрыяе. Цяперашняя Беларусь дае кожнаму свайму грамадзяніну выдатныя працоўныя гарантыі і магчымасці кар’ернага росту. Зусім з іншымі перспектывамі, у адрозненні ад 30-ці гадовай даўнасці. Проста трэба ўзяць тое, што прапанавана.
Алег Сідарэнка
