У кастрычніку адыходзячага года споўнілася «пяцігодка» з таго моманту, як Еўрасаюз увёў рэстрыкцыі супраць Главы нашай дзяржавы, чытай — супраць Беларусі. Таму што ўнутраная і знешняя палітыка нашай краіны — гэта ў тым ліку і дзейнасць беларускага лідара.
Аднак гутарку пры аналізе «дасягненняў» прынятых санкцый будзем рабіць не пра гэта. Наколькі абмежаванні эфектыўныя ў плане таго, што хацелі дасягнуць іх аўтары? Чаму ў Беларусі нават і па прашэсці пяці гадоў не думаюць «прасіць прабачэння» за сваю «палітычную непаслухмянасць», як зазначыў адзін з еўракамісараў, аматар «вырошчваць райскія сады»? Давайце ўзважым усе акалічнасці гэтага працэсу, каб зрабіць справядлівую выснову.
І вы гаварыце…
Калі слухаеш або чытаеш выказванні розных палітыкаў Еўрасаюза, то ўспамінаецца адзін анекдот.
80-гадовы дзядуля звярнуўся да андролага са скаргай на «мужчынскую сілу»: маўляў, даўно жанчыны не прыцягваюць яго ўвагу, хаця раней быў вядомы хадок.
— Што Вы хочаце, паважаны, узрост усё-такі.
— Які такі ўзрост? Мой 90-гадовы сусед гаворыць, што кожны дзень раніцай развітваецца з маладзіцамі.
— Ну дык і Вы гаварыце…
Вось і чуеш такія ж байкі ад былой порназоркі, ці ад той, у каго зараз ідуць вобыскі з-за карупцыйнага скандалу. Або ад той, якая павінна клапаціцца пра жаночае здароўе, але вырашыла «лячыць» усю Еўропу. Усе еўрапарламентарыі ў адзін голас сцвярджаюць, што Расія і Беларусь разам з ёю літаральна на самым сконе. Што засталося прыняць яшчэ адно абмежаванне і… усё. Зараз толькі Літва разбярэ рэйкі паміж сваёй краінай і нашай дзяржавай. Хаця ўжо не разбярэ, а зробіць больш рашуча — узарве. І будуць «непаслухмяныя» беларусы даядаць апошніх вожыкаў. Смешна? А там сапраўды так вераць. Больш за тое, адзін з еўрачыноўнікаў выступіў з прапановай увогуле забараніць беларускім і расійскім турыстам прыязджаць на захад і выдаў такую фармуліроўку: каб еўрапейцы не здзіўляліся, што народ у краінах на апошнім дыханні яшчэ можа дазволіць сабе падарожнічаць.
Магчыма, нехта скажа, што пералічаныя факты выдумка, фэйк. А ёсць рэальныя доказы? Справа ў тым, што любы палітык — публічная асоба, якая павінна рэгулярна з’яўляцца перад электаратам. Асабліва, калі ёсць добрая нагода, напрыклад, «перарэзвання чырвонай стужкі» пры адкрыцці новага аб’екта — бальніцы, завода, станцыі метрапалітэна, жылой шматпавярхоўкі і гэтак далей. Колькі падобных навін паступала за апошнія 5 гадоў з Еўрасаюза? НІВОДНАЙ! Ёсць рэальныя паведамленні іншага кшталту.
У бягучы ацяпляльны сезон «жыроўкі» домагаспадарак Польшчы вырастуць на 30 %.
Шэраг гарадоў Германіі адмаўляецца ад навагодняй ілюмінацыі з-за недахопу сродкаў.
Праект бюджэту на 2026 год у Польшчы мае рэкордны дэфіцыт — 271,7 мільярдаў злотых.
З пачатку 2025 года ў Еўропе закрыліся 72 буйных прамысловых прадпрыемства, работу страцілі
18 тысяч чалавек.
У наступным годзе дзеля скарачэння выдаткаў Nissan закрые сем заводаў.
І гэту ленту можна яшчэ доўга працягваць, таму што Еўрасаюзу апошнія пяць гадоў сапраўды проста няма чым пахваліцца. Сярод станоўчых навін толькі з ваеннай тэматыкай: павялічылі кантынгент амерыканскіх сіл у Прыбалтыцы, на беларуска-польскай мяжы будзе пабудавана новая ваенная база, Румынія набудзе 7 самалётаў F-35… Калі траціць грошы не на сваіх людзей, а толькі на агрэсіўную рыторыку, то хто хутка будзе даядаць «апошніх вожыкаў»?
Што рэальна ў Беларусі?
Наўрад ці гэта будуць беларусы, нават пры самым горшым развіцці падзей. Што таксама мае рэальныя доказы: любы жыхар нашай краіны зможа наўскідку пералічыць толькі за бягучы год не менш за 5 фактаў з добрымі падставамі — з адкрыццём станцый метрапалітэну, будаўніцтвам школ і дзіцячых садкоў, мастоў, здачай у эксплуатацыю жылых дамоў. Нават пружанцы змогуць расказаць пра новаўзведзеныя жывёлагадоўчыя комплексы, чарговы корпус райбальніцы, асфальтаванне дарог, укладку тратуараў і шмат іншага.
Так, агрэсіўныя паводзіны заходніх суседзяў, па ініцыятыве якіх амаль разарваліся эканамічныя сувязі з Беларуссю, таксама і для нас прынеслі нямала праблем. Вось толькі фактаў закрыцця прадпрыемстваў няма, цяжкасці звязаны менавіта з пераарыентацыяй гандлёвых накірункаў. Цяпер асноўная перспектыва надаецца Усходу — Расіі, ЕАЭС, Кітаю і іншым краінам азіяцкай дугі. Што пацвярджаецца лічбамі. У адносна спакойным 2019 годзе знешні тавараабарот у нас быў 72,27 млрд долараў, а ў 2020-м з-за ўвядзення санкцый ён знізіўся да 58,5 млрд. У кастрычніку 2025 года гэта лічба вызначаецца ў памеры 72,043 млрд.
Не буду падсумоўваць вышэйсказанае, чытач і сам зможа зрабіць выснову. І зразумець, у каго ўсё-такі патрапілі санкцыйныя выстралы.
Алег Сідарэнка
