
Насамрэч, сёння ёсць і такія прагнозы: маўляў, зусім хутка друкаваныя навіны ніхто не будзе чытаць, усё неабходнае даставіць «сусветнае павуцінне». І тэндэнцыі рабіць менавіта такія высновы ёсць. Што відавочна і на прыкладзе «Раённых будняў». Са з’яўленнем спачатку вэб-версіі газеты, а потым і мабільных месенджараў аўдыторыя «раёнкі» скарацілася і працягвае змяншацца. Сярод тых, хто адмаўляецца ад друкаванага варыянта, ёсць і чытачы са стажам, якія сцвярджаюць: навошта траціць грошы на падпіску, калі ўсе раённыя навіны можна атрымаць праз інтэрнэт.
Чым прывабліваюць інтэрнэт-СМІ
Трэба пагадзіцца, што пераваг у вэб-навін мноства. Галоўная з іх — аператыўнасць. Карыстальнікі літаральна праз некалькі мінут даведваюцца пра тое, што і дзе з’явілася, здарылася. Або куды запрашаюць магазіны-музеі-тэатры і гэтак далей. Па-другое, каб атрымаць доступ да інфармацыі, не трэба шукаць газету, дастаткова некалькі клікаў па экране смартфона, які пасля прачытанага тут жа можна прыбраць у кішэнь. Ёсць і трэцяя падстава для такой папулярнасці інтэрнэт-чытання. Існуе трывалая думка, што навіны ў віртуальнай прасторы непрадузятыя, таму што строгага кантролю за зместам вэб-старонак і няма.
Доля праўды
Так, з аднаго боку ва ўсіх гэтых высновах праўда ёсць, але назваць іх поўнасцю праўдзівымі нельга. Аператыўнасць сапраўды патрэбна, асабліва ў такіх сітуацыях, калі да насельніцтва неабходна як мага хутчэй данесці папярэджанні: перакрыты рух на вызначаным участку, адбудзецца адкрыццё магазіна, прыехала брыгада ўрачоў ці іншых спецыялістаў для сустрэчы з жадаючымі. Вось толькі фармат такіх навін прадугледжвае кароткасць. Напрыклад, пра аварыю каля аг. Харава з сутыкненнем двух аўтамабіляў чытач даведаецца толькі тое, што адзін з пацярпелых дастаўлены ў бальніцу. Не чакайце падрабязнасцей, хто і як парушыў Правілы дарожнага руху ці будзе вінаваты прыцягнуты да якой адказнасці. Гэтым усё-такі і грашыць аператыўнасць, якую можна параўнаць з чуткамі па сетцы «АБС» (адна баба сказала). Супярэчлівасць падобных «хуткіх навін» становіцца відавочнай, калі з розніцай у 10 мінут прагледзець некалькі інтэрнэт-крыніц: версіі здарэння будуць у некаторых акалічнасцях адрознівацца. Як у анекдоце:
— Мойша, кажуць ты выйграў мільён рублёў.
— Не выйграў, а прайграў, не мільён, а 100 рублёў, і не я, а мой сусед Сёма.
Таксама варта прааналізаваць даступнасць і непрадузятасць інфармацыі з «сусветнага павуціння». Віртуальныя навіны можна чытаць столькі, колькі хапае зараду ў мабільніку. Перад тым, як пачынаць чытанне, неабходна праверыць, ці запоўнены акумулятар, бо батарэя можа хутка разрадзіцца і… «абанент па-за зонай доступу». Друкаваны варыянт інфармацыі ніколі не «сядзе», яго можна цэлым стосам выданняў узяць у далёкую дарогу і такім чынам «скараціць» час паездкі.
Аб «непрадузятасці» сёння многія інтэрнэт-карыстальнікі ўжо пачалі здагадвацца. А нехта і дакладна ведае, што любыя крыніцы інфармацыі прама ці ўскосна кантралююцца. Нават гучна сябе дэкларуючыя «недзяржаўныя СМІ». Паспрабуйце на такім канале пахваліць Прэзідэнта за адкрыццё моста праз Прыпяць. Хутчэй за ўсё, пост не з’явіцца там, а калі і будзе, то брудам паабліваюць і героя навіны, і аўтара публікацыі.
Зараз у «ТикТок» з’явіўся канал пра Пружанскі раён, дзе публікуюцца ўкрадзеныя з «Раённых будняў» фотаздымкі, але з іншым тэкставым суправаджэннем. Аўтары крыніцы робяць акцэнт на процістаянні з афіцыйнай дэкларацыяй. Яны шукаюць якія-небудзь памылкі, пралікі або хібы. Без якіх, як ведае любы майстар, ніякая справа не абыходзіцца, таму што толькі на практыцы асвойваецца ўсялякая навука. Нездарма ў народзе кажуць, што на памылках вучацца. Вось толькі націск у навіне робіцца менавіта на недахопах. Вось такая непрадузятасць.
У чым перавага друкаванай газеты?
Самая галоўная заключаецца ў абсалютнай адказнасці за апублікаваную інфармацыю. Напрыклад, нядаўна ў адным з тэлеграм-каналаў прачытаў пра наведванне высокай госці абласной бальніцы, дзе яна агледзела… лапаты. Зразумела, што гэта памылка друку і наведвальніцы былі прадэманстраваны палаты. Дык вось у інтэрнэце такі недахоп выпраўляецца літаральна ў долі секунды, а ў газеце ён застанецца назаўсёды. У прыватнасці, аднойчы прыйшоў да мяне чытач з друкаваным нумарам амаль гадавой даўнасці з дапушчанай памылкай.
Вэб-СМІ старыя навіны не захоўваюць так дбайна, адшукаць інфармацыю нават дзённай даўнасці даволі складана, не гаворачы пра тое, што адбылося месяц таму. Як кажуць, гугліце, таварышы. З газетай справа інакш, памятаю, як фатаграфавалі аднаго з лепшых камбайнераў, а ён паведаміў, што пяць гадоў таму ўжо быў на старонках «раёнкі» падчас службы ў арміі. А вось пра інтэрнэт-архівы ніхто так не гаварыў яшчэ…
Гэта прымушае больш адказна ставіцца да інфармацыі, што рыхтуецца ў газету, якая становіцца сапраўды дакументам, адкуль ужо немагчыма «выкінуць слова» — унесці папраўку або ўвогуле выдаліць непраўдзівую навіну. Словам, усё правяраецца і яшчэ раз правяраецца.
Мы адзіныя, але такія розныя
Бясспрэчна, усе крыніцы навін зараз называюцца «сродкамі масавай інфармацыі». У гэтым газета і інтэрнэт адзіныя. Аднак, як гаворыцца вышэй, мы абсалютна розныя. Паступова гэта пачынае разумець і чытацкая аўдыторыя, якая стала дзяліцца паміж крыніцамі. Як сведчаць сацыяльныя апытанні, «хуткімі» інтэрнэт-навінамі больш карыстаецца моладзь, з пакалення тых, хто заўсёды спяшаецца. Больш сталая катэгорыя звяртаецца менавіта да друкаванага варыянта, таму што ведаюць залатое правіла «паспяшыш, людзей павесяліш».
А з дзяленнем чытацкай аўдыторыі прагназую і такое ж размежаванне і паміж аўтарамі інфармацыі. Сёння часцяком друкаваныя газеты вядуць свае мабільныя ці вэб-дадаткі, зразумела, што карэспандэнты працуюць і там, і там адныя і тыя ж. Праз колькі часу складуцца адасобленыя калектывы, таму што прымяняюцца розныя падыходы, метады і спосабы падачы інфармацыі. Гэта пацвярджаецца ўжо ў тых краінах, дзе працэс «інтэрнэтызацыі» пачаўся раней.
А газеты там усё роўна застаюцца, маюць сваю аўдыторыю, якую пераконваць у перавагах друкаванага слова не трэба. Дастаткова толькі ўспомніць пра чарговы падпісны этап, які, дарэчы, хутка пачнецца і для «Раённых будняў». Таму і мы нагадваем: не забудзьцеся падпісацца на «раёнку» на першае паўгоддзе 2026 года. Абяцаем, што ў газеце ўсе навіны з жыцця Пружаншчыны будуць надрукаваны больш падрабязна і разважліва, чым у інтэрнэце.
Алег Сідарэнка
