Воскресенье, 19 апреля 2026

Амаль 30 гадоў жыцця аддаў праваахоўнай службе Сяргей Ільяшэвіч

677

І толькі з адным запісам у сваім стажы: увесь гэты перыяд ён адпрацаваў у райаддзеле Дэпартамента аховы, прайшоў практычна ўсе прыступкі кар’ернай лесвіцы.

Пачаў Сяргей Віктаравіч з пасады міліцыянера ў снежні 1998 года. Праз сем гадоў за адказнае стаўленне да сваіх абавязкаў, аператыўную ініцыятыву і службовую добрасумленнасць яму было прапанавана стаць памочнікам камандзіра ўзвода. А праз яшчэ два гады Ільяшэвіч узначаліў гэта падраздзяленне праваахоўнікаў.

У далейшы перыяд Сяргей Віктаравіч набываў бясцэнны вопыт, асвойваў складанае ўменне кантактаваць з людзьмі. А потым і кіраваць калектывам райаддзела, калі ў верасні 2022-га ўзначаліў яго.

На кожнай пасадзе С.В. Ільяшэвіч заўсёды вызначаўся працавітасцю, а яшчэ за ім не заставалася ніводнай нявырашанай справы, усё ён даводзіў да лагічнага фіналу. За што неаднаразова адзначаўся вышэйшым кіраўніцтвам. У яго «скарбонцы» медалі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, ёсць падзякі і граматы раённага, абласнога і нават рэспубліканскага ўзроўню. А яшчэ не адзін раз пры падвядзенні вынікаў конкурса «Лепшы па прафесіі» займаў прызавыя месцы сярод калег з іншых падраздзяленняў Дэпартамента аховы МУС РБ.

Засталіся лічаныя дні, калі Сяргей Віктаравіч замест мундзіра апране ўжо цывільную вопратку. Зразумела, што яму былі прапановы застацца на кіраўніцкай пасадзе або на іншай з падаўжэннем кантракту. Аднак ён вырашыў пакінуць службу, даць дарогу малодшаму пакаленню прайсці свой пачэсны жыццёвы шлях.

Тым больш, што пакідае Ільяшэвіч даволі важкую спадчыну. За тры гады пад яго кіраўніцтвам райаддзел аховы не толькі ўтрымаўся на ганаровым узроўні на Брэстчыне, але і палепшыў шэраг якасных паказчыкаў. У раённым аддзеле аховы значна ўзрасла колькасць заказчыкаў паслуг, адпаведна павялічыўся і асабовы састаў. Шматразова пружанскія ахоўнікі прыводзіліся як узор службовай дзейнасці, якая тычыцца не толькі аператыўнага рэагавання, статыстыкі захавання маёмасці або выкаранення правапарушэнняў. Але і на паўсядзённым узроўні, у плане арганізацыі спартыўнай падрыхтоўкі, сумеснага вольнага часу і многіх іншых напрамках.

Усе гэтыя вынікі гатовы і далей працягваць трымацца на дасягнутым. А вопыт Сяргея Віктаравіча абавязкова спатрэбіцца наступным супрацоўнікам аховы.


Алег Сідарэнка.
Фота Кацярыны Масік