Суббота, 17 января 2026

Пружанской центральной районной библиотеке имени М. Засима 85 лет

1 048

Запоўненыя паліцы старажытнымі фаліянтамі і новыя друкаваныя паступленні, ціхі шорах старонак і гоман чытальнай залы — усё гэта дыхае нейкай асаблівай гісторыяй Пружанскай цэнтральнай бібліятэкі імя М. Засіма, якой на мінулым тыдні споўнілася 85 гадоў. Юбілей — гэта цудоўная нагода спыніцца, агледзець пройдзены шлях і з падзякай згадаць усіх, хто ствараў гісторыю.

Адразу ў холе гасцей сустракала святочная атмасфера. Урачысты настрой стваралі тэматычныя фотазоны — юбілейны «кніжны» торцік, утульны камін, кнігі з аўтографамі знакамітых паэтаў і пісьменнікаў. А на стэндзе ў фота-здымках захаваліся самыя яркія моманты з жыцця бібліятэкі. Усё гэта стварыла неперадавальнае пачуццё свята ўжо з першых крокаў.


Павіншаваць калектыў сабраліся ганаровыя госці, ветэраны бібліятэчнай справы, а таксама шматлікія верныя чытачы і кнігалюбы, для каго візіт у «дом кнігі» — прыемная і карысная звычка.


Словы падзякі і віншаванняў выказаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец. Ён адзначыў вялікую адданасць справе і патрыятызм бібліятэкараў, а яшчэ падкрэсліў, што іх праца бясцэнная, бо кніга — гэта крыніца не толькі ведаў і мудрасці, а выхавання, пазнання і душэўнасці. Яна прымушае нас задумацца пра сэнс жыцця. Мікалай Пятровіч падкрэсліў, што менавіта кніга часта лечыць душэўныя раны і дапамагае знайсці адказы на хвалюючыя пытанні.

Да гэтых слоў далучыўся і начальнік аддзела культуры Канстанцін Панімаш, які высока ацаніў уклад установы ў культурнае жыццё раёна, а таксама адзначыў, што бібліятэкар — дзіўная прафесія, адна з самых патрэбных грамадству. Яна прадугледжвае не толькі веды, але і вялікую любоў да людзей, патрабуе вялізнай самааддачы і вернасці выбранай справе.

Кожная бібліятэка мае сваю гісторыю. За мінулыя гады наша цэнтральная ўстанова дасягнула сапраўдных вяршынь і ёй ёсць чым ганарыцца. Яна па праве займае асаблівае месца не толькі ў душах чытачоў, але і ў культурнай, інфармацыйнай і сацыяльнай прасторы раёна. У сценах бібліятэкі ўвесь час кіпіць жыццё, праводзяцца літаратурныя вечарыны, конкурсы, творчыя сустрэчы, выставы, дзіцячыя праграмы.


Асаблівую цёплую плынь у свята ўнесла дырэктар ДУК «Пружанская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма» Таццяна Гуторкіна. Яе ўласная гісторыя пачалася яшчэ ў далёкіх 2000-ых у Цвярской вобласці Расіі, у сельскай бібліятэцы Балагоўскага раёна. Праз сем гадоў лёс закінуў яе ў Беларусь, і з таго часу Таццяна Рыгораўна працягвае займацца любімай справай і ўжо амаль дзевяць гадоў узначальвае ўстанову.
— Перш за ўсё, хачу ад усяго сэрца павіншаваць маіх калег з такім важкім юбілеем! — адзначыла дырэктар. — І хацелася б развеяць некаторы стэрэатып. Сучасная бібліятэка — гэта не тое кнігасховішча, да якога ўсе прывыклі. Сёння наша ўстанова — сацыякультурны інстытут, які прываблівае чытача разнастайнасцю літаратуры, дакладнай інфармацыяй, а таксама магчымасцю зносін на розных сустрэчах з цікавымі людзьмі. Гэта жывы, пульсуючы цэнтр супольнасці кнігалюбаў і творчых людзей.

Без увагі ў гэты ўрачысты вечар не застаўся ніхто. Спецыяльнымі дыпломамі ў шасці намінацыях былі адзначаны ўсе супрацоўнікі бібліятэкі, а таксама ветэраны, якія аддалі доўгія гады гэтай установе. Іх праца — сапраўдны прыклад патрыятызму, бо менавіта яны праз кнігу выхоўвалі любоў да роднага слова, гісторыі і культуры ў многіх пакаленняў чытачоў. Дзясяткі гадоў яны заставаліся правадырамі ў свет ведаў, запальваючы ў юных сэрцах цікавасць да чытання. І менавіта на іх падмурку сёння ўпэўнена трымаецца сучасная бібліятэка.


Не менш важнымі ўдзельнікамі свята сталі і адданыя прыхільнікі кнігі, сапраўдныя аматары чытання, для якіх бібліятэка стала неад’емнай часткай жыцця. Сёння іх цікаўнасці прадстаўлены самыя апошнія кніжныя навінкі. Толькі ў гэтым годзе фонд папоўніўся на 4000 экзэмпляраў. Прыярытэт аддаецца айчыннай літаратуры, як кніжнай, так і перыядычнай — гэта і класіка, і жаночыя раманы, «беларусіка», фантастыка, дэтэктывы і шмат іншага.
Адным з прыкладаў такой шматгадовай адданасці з’яўляецца Раіса Сураўцава, якая наведвае бібліятэку з 1971 года.

— Раней мне падабаліся кнігі на гістарычную тэматыку, а цяпер з захапленнем чытаю дэтэктывы, у прыватнасці, Таццяны Усцінавай. Яшчэ прывабліваюць аповесці пра вялікіх палітычных дзеячаў і палкаводцаў, а таксама лірычная паэзія. У кнігах правераная, дакладная інфармацыя, а ў інтэрнэце шмат смецця, таму я не расстаюся з друкаваным словам ужо 54 гады. Для мяне гэта вечная і надзейная крыніца ведаў, — падзялілася Раіса Іванаўна.

Завяршылася святкаванне яркім і жывым выступленнем артыстаў Кляпацкага сельскага Дома культуры, якія паставілі музычную кропку ў святочнай праграме, поўнай падзякі, успамінаў і надзей на будучыню.
Калі сціхлі авацыі, за вокнамі запанавала вечэрняя цішыня. Але ў сценах бібліятэкі яна нейкая асаблівая і складаецца з лёгкага шуму думак чытачоў і ціхага біцця сэрцаў тых, хто захоўвае гэты цудоўны свет ужо 85 гадоў. «Дом кнігі» жыве, і яго гісторыя толькі працягваецца…

Больш фота тут


Ірына Велясевіч
Фота Кацярыны Масік