Воскресенье, 19 апреля 2026

25-гадовы юбілей узорнага хору «Вітанак» дзіцячай школы мастацтваў імя Р.Р. Шырмы

622

На мінулым тыдні сцэна Палаца культуры пераўтварылася ў яркі калейдаскоп зорак і напоўнілася асаблівай, святочнай энергетыкай. Сапраўдныя аматары прафесійнага вакалу, бацькі, сябры, былыя выхаванцы і педагогі сабраліся разам, каб адным музычным сямействам адзначыць 25-гадовы юбілей узорнага хору «Вітанак» дзіцячай школы мастацтваў імя Р.Р. Шырмы.

Гэты салідны творчы шлях пачаўся тады, калі на харавым аддзяленні школы з’явіўся самастойны калектыў старшакласнікаў. Яго душой і стваральнікам стала выдатны хормайстар, музыкант і педагог Марыяна Драбышэўская. Менавіта яе высокі прафесіяналізм, глыбокае разуменне дзіцячай псіхалогіі і неўтаймаваная творчая энергія заклалі той трывалы падмурак, на якім вырас паспяховы калектыў. Узнагародай за старанную працу стала прэстыжнае званне «ўзорны», якое хор атрымаў у 2000 годзе. З самага пачатку сваёй творчай дзейнасці «Вітанак» зарэкамендаваў сябе як цікавы, яркі, самабытны калектыў з вялікай будучыняй.

Аднак кожны музычны гурт — гэта жывы арганізм, які патрабуе не толькі захавання традыцый, але і новага дыхання. З 2005 года кіраўніком «Вітанка» становіцца Ірына Буланькова, канцэртмайстрам — Святлана Казей.

Ірына Анатольеўна — чалавек, чые лёс і сэрца непарыўна звязаны з музычнай школай. Яна прыйшла сюды яшчэ вучаніцай 4-га класа, тут расла, вучылася вакалу, ігры на фартэпіяна. Потым працягнула ўдасканальваць сваё майстэрства ў Баранавіцкім музычным вучылішчы, пазней — у БДПУ імя М.Танка. І вось ужо 20 гадоў умела і аддана вядзе свой калектыў наперад. Заўсёды побач з кіраўніком выдатны педагог Святлана Генадзьеўна. Ведаючы ўсе тонкасці прафесіі, яна нястомна шукае новыя падыходы, каб «Вітанак» развіваўся, ішоў у нагу з часам, не губляючы пры гэтым сваёй унікальнасці.

На ўрачыстасці са словамі віншаванняў выступіў начальнік аддзела культуры райвыканкама Канстанцін Панімаш, які выказаў сваю падзяку ўдзельнікам хору, кіраўніцтву за іх працу і творчыя дасягненні, якія сталі сапраўдным скарбам культурнай спадчыны нашага рэгіёна. А таксама ад раённага выканаўчага камітэта ўручыў Ганаровыя граматы педагогам.

Святочны канцэрт прайшоў на адным дыханні. Апладысменты не сціхалі, ствараючы неверагодную, натхняльную атмасферу. Кожны нумар — праўдзівае ўвасабленне прафесіяналізму і высокага ўзроўню падрыхтоўкі, дасканала распрацаванай і бліскуча рэалізаванай творчай ідэі. Знакамітыя песні, якія ўвайшлі ў залаты фонд калектыву, сакральнае «Ave Maria», духоўная «Амафор Багародзіцы» і патрыятычны гімн «Бацькоўскі край!» краналі да самага сэрца, выклікаючы шчырыя эмоцыі ва ўсіх слухачоў.

Сёння «Вітанак» — гэта 43 таленавітыя асобы: вучні і выпускнікі харавога і фартэпіяннага аддзяленняў. Іх дзейнасць — сапраўдны творчы саюз педагогаў і дзяцей. За чвэрць стагоддзя хор стаў праўдзівай кузняй талентаў і адным з самых яркіх візітных картак сваёй школы. Яго рэпертуар , ад узораў беларускай і сусветнай класікі да апрацовак народных песень і сучасных кампазіцый, заўсёды актуальны і разнастайны.

25 гадоў пад знакам музыкі і адданасці — не проста падвядзенне вы-нікаў, а магутны старт у наступную чвэрць стагоддзя. Нізкі паклон кіраўнікам, педагогам, усім пакаленням юных артыстаў і, вядома, адданым слухачам. Хай жа галасы «Вітанка» гучаць яшчэ мацней, натхняючы і аб’ядноўваючы ўсіх прыхільнікаў высокага мастацтва!

Ірына Велясевіч. Фота аўтара