Среда, 19 февраля 2025

Хлебасольныя Пружаны запрашалі на кірмаш! (+многа фота)

769

У мінулую суботу ў нашым райцэнтры разгарнуўся кірмаш «Пружанская восень». Кожны яго наведвальнік змог зрабіць запасы на зіму і наогул знайсці неабходныя для сябе тавары. І не толькі, таму што на гэты раз гандаль прапанаваў нямала новага.

Па-першае, іначай была арганізавана расстаноўка, напрыклад, больш шчыльна запоўнена прылягаючая да плошчы частка вуліцы Савецкай. Дзякуючы чаму вызвалілася аўтамабільная пляцоўка каля «Белых лавак», не ўзнікала складанасцей для руху машын па вуліцы Р. Шырмы, а тым, каму пашчасціла заняць парковачнае месца на стаянцы, было значна бліжэй несці пакупкі да аўто.

Па-другое, істотна пашырыліся гандлёва-прамысловыя рады. Побач з традыцыйнымі прапановамі, кшталту «ўсё для дома», можна было нядорага апрануцца, нават у адзенне з лёну, набыць нямала карысных аксесуараў для сябе або ў падарунак. Вырабамі сваіх рук здзіўлялі рамеснікі, эксклюзіўныя творы прапаноўвалі удзельнікі «Горада майстроў». І, безумоўна, было нямала забаў для дзятвы.

А па-трэцяе, вельмі прыцягальнымі аказаліся цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю. Што тычыцца цэн, то нават даходзіла да прыемных рэкордаў. У прыватнасці, вялікую чаргу сабраў грузавік з бульбай сорту «брыз» ад ААТ «Ружаны-Агра». Напэўна, на палетках гэтай гаспадаркі вельмі добра ўрадзіўся другі хлеб, з-за чаго яны прадавалі яго на кірмашы па… 35 кап. за кг. Для параўнання: сярэдняя па рынку цана на бульбу была 50-60 кап.

Яшчэ былі прапановы яблыкаў. На кірмашы можна было набыць смачныя сарты «джонаголд», «беларускае салодкае», «лігол», «фуджы», «голда» ў сярэднім за 1,45-1,5 руб. за кг. Зноў жа здзівілі пакупнікоў ружанцы, якія прывезлі больш за 700 кг свежых вітамінаў, асобныя адзінкі якіх дасягалі памераў грэйпфрута. У выніку, як расказала прадавец ААТ «Ружаны-Агра» Наталля Пракапеня, усю прывезеную смакату прадалі за пару гадзін.

З такой жа хуткасцю разыходзілася збожжа. На кірмашы можна было набыць пшаніцу за 62 кап. за кг, трыцікале — 32 руб. за 35-кілаграмовы мяшок. Рэалізацыя праходзіла настолькі хутка, што да 11 гадзін раніцы пляцоўка, дзе стаялі грузавікі са збожжам, літаральна апусцела.

Агародніны ад сельгаставарыстваў на гэты раз было менш. У асноўным нішу запаўнялі фермерскія гаспадаркі. Морква прадавалася па 75-77 кап., цыбуля — 1-1,66 руб., буракі — 70 кап. Калі пахадзіць па гандлёвых сельгасрадах, то можна было знайсці прапановы і танней. Напрыклад, нехта вырашыў хутчэй прадаць цыбулю, ацэньваючы яе па 90 кап., моркву — па 62 кап. ці буракі — за 57 кап. Традыцыйна радавалі пружанцаў прылаўкі КФГ «Каштанаўскае», якое, акрамя «звычайнага» набору садавіны, прывезла ў вялікіх аб’ёмах таматы, баклажаны, перцы.

А яшчэ добра набывалі капусту, таму што ў той дзень яна прапаноўвалася па 57 кап. Чарга стварылася немалая, куплялі ў асноўным па 2-3, а хто і 10 сетак. Словам, атрымлівалася як у той песні: «Грошы, вось бяда, паміж пальцаў цякуць, як вада».

А што яшчэ можна было купіць на хлебасольным пружанскім кірмашы? Напрыклад, фасолю за 5,25 руб., часнок — за 7,15 руб. Яшчэ было некалькі палатак з мёдам, у тым ліку і ад ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс».

Вялікі выбар чаю вельмі дзіўных гатункаў, прыправы, нават галін з лаўровым лісцем. А яшчэ прыцягвалі павільёны харчовых прадпрыемстваў раёна, асабліва крэатыўна арганізавалі свой гандаль прадстаўнікі малочнага камбіната, заклікі якіх чутны былі з любога канца кірмашу.

Прыехалі ў Пружаны і госці з іншых рэгіёнаў, у прыватнасці, пружанцам прапаноўваў сваю прадукцыю Ляхавіцкі кансервавы завод.

Традыцыйна працавала і «Сацыяльнае таксі», якое дапамагала пажылым пакупнікам развозіць набытае дадому. А грузілі сеткі ды мяшкі валанцёры БРСМ.


Па папярэдніх падліках, выручка ад кірмашу «Пружанская восень-2023» без уліку прыватных прадаўцоў склала больш за 75 тысяч рублёў, што перавысіла мінулагодні паказчык. Па некаторых пазіцыях быў адзначаны павялічаны попыт. Да слова, рэалізавана 6,5 тон бульбы, хаця летась пакупнікі ўтрая менш цікавіліся гэтай прадукцыяй. Амаль удвая больш, чым за 2022 год, прададзена капусты — 22 тоны. А яшчэ ахвотней набывалі наведвальнікі кірмашу яблыкі — прадалі больш за 8 т, замест леташніх 250 кг. На традыцыйным узроўні застаўся попыт на буракі (1,5 т), моркву (2,5 т) і цыбулю (4,5 т).


Не менш яскрава была падрыхтавана канцэртная праграма кірмашу. Вельмі захапляльным было выступленне гурта «Землякі», рэпертуар якога быў падабраны якраз для гэтай падзеі. Таксама парадавалі сваімі песеннымі і танцавальнымі нумарамі гурт «Сузор’е», ансамбль «Варыянт» і іншыя артысты мясцовай самадзейнасці.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік

Яшчэ больш фотаздымкаў па спасылках: https://vk.com/album-23306785_297929673 і https://ok.ru/budni/album/969295927432