Воскресенье, 14 июля 2024

У Пружанах вынеслі прыгавор 22-гадоваму «перакананаму бяспраўніку»

864

Напрыканцы студзеня на базе Пружанскага сельвыканкама прайшло выязное судовае пасяджэнне з разглядам крымінальнай справы, якая была ўзбуджана ў дачыненні да маладога пружанца за кіраванне транспартным сродкам, не маючы на тое права. На мерапрыемства таксама былі запрошаны грамадзяне, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС за адпаведныя злачынствы.

Падчас працэсу суд прыйшоў да высновы, што 22-гадовы жыхар горада дагэтуль быў тройчы судзімы за кіраванне аўтамабілем, не маючы на тое правоў. Аднак тры судзімасці не спалохалі маладога парушальніка правілаў дарожнага руху і нават не прымусілі задумацца над сваімі паводзінамі. У снежні мінулага года супрацоўнікі ДАІ зноў затрымалі маладога «бяспраўніка», што стала падставай для ўзбуджэння чарговай крымінальнай справы па ч. 2 арт. 317–2 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

З улікам прадстаўленых суду доказаў, характару і ступені грамадскай небяспекі зробленага, акалічнасцей, якія змякчаюць адказнасць абвінавачванага, шчырага раскаяння судом Пружанскага раёна вынесены прыгавор і прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 2 гады з пазбаўленнем права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем усімі відамі транспартных сродкаў тэрмінам на 5 гадоў.

Прыгавор не ўступіў у законную сілу і можа быць апратэставаны і абскарджаны.

Анастасія Кузняцова, старшы памочнік пракурора