Четверг, 25 апреля 2024

У ААТ «Пружанскае» будаўнічая брыгада працуе якасна

497

Са словам «будаваць» у нас звязана многа асацыяцый. Напрыклад, можна будаваць сваё жыццё, шчасце, будаваць адносіны паміж людзьмі, планы на будучыню. Заўважце, што ўсе значэнні падразумяваюць стваральную працу, якая так ці інакш скіравана на паляпшэнне дабрабыту самога чалавека.

Рамшчык Яраслаў Лыжын і тынкоўшчык Максім Анісімаў: ім любыя работы па сіле

А яшчэ ніяк нельга забыць, што з дадзеным словам звязана будаўніцтва гарадоў, будынкаў і збудаванняў. Гэтым займаюцца ўжо спецыялізаваныя арганізацыі. У сельгаставарыствах жа бягучым рамонтам займаюцца будаўнічыя брыгады. Хоць колькасць работнікаў у іх невялікая, але работа запатрабаваная і важная. Функцыянуе такая брыгада і ў ААТ «Пружанскае».

У свой час калгасныя будаўнікі рамантавалі і будавалі жывёлагадоўчыя фермы і зернесклады, узводзілі новыя дамы і невялікія аб’екты сацкультбыту. І калі ўзяць пад увагу, што тады пераважала ручная праца, то рукі патрэбны былі дужыя. Сродкаў механізацыі было вельмі мала. Шчасцем была бетонамяшалка, а часам абыходзіліся і без яе. Ды і тагачасныя рамныя піларамы былі мала падобныя на сучасныя па сваёй функцыянальнасці.

Майстар-будаўнік Васілій Цымбал сцвярджае, што пакуль у гаспадарцы піламатэрыялаў хапае

На сёння гэты адказны ўчастак у гаспадарцы ўзначальвае вопытны майстар-будаўнік Васілій Цымбал, у яго падначаленні знаходзіцца дзесяць чалавек. Ён расказаў, што на дадзены момант асноўнымі работамі будаўнікоў з’яўляюцца рамонт агароджаў, дахаў, варотаў, абнаўленне фасадаў фермаў і комплексаў, часам іх дапамога патрэбна на агароднінасховішчы і складах.

Калі размова заходзіць аб піламатэрыялах, то для гэтага ў ААТ «Пружанскае» ёсць сваё памяшканне, дзе размешчана сучасная стужкавая піларама, якая дазваляе за дзень наразаць 6-7 кубаметраў драўніны. Цікава побач з ёй было бачыць дзве рамныя, як сведкі савецкага часу і таго, што прагрэс не стаіць на месцы і прызначаны аблегчыць работу людзей. У асноўным гаспадарка для распілоўкі выкарыстоўвае сасну, якую па дамове з Пружанскім лясгасам сама і нарыхтоўвае. Дарэчы, калі насельніцтва раёна жадае скарыстацца паслугамі піларамы, то ніякіх перашкод для гэтага ў гаспадарцы не бачаць.

Працоўныя будні рабочага па комплексным абслугоўванні будынкаў і збудаванняў Уладзіміра Пінчука і рамшчыка Андрэя Карнелюка

Цяпер вядуцца работы на МТК «Гарадняны», дзе праводзіцца рамонт кармавых сталоў для кароў. Адначасова яшчэ лепш уцяпляюцца боксы для цялят 70-дзённага ўзросту, ім, малым, цеплыня ніяк не перашкодзіць.

З вышэйсказанага відаць, што ў будаўнікоў работы хапае круглы год. Але бачыць на вочы зробленае табой – што можа быць прыемней?

Вадзім Раўнейка, фота Кацярыны Масік