Часта па родзе прафесійнай дзейнасці даводзіцца сустракацца з людзьмі і задаваць ім пытанні рознага характару, напрыклад, пра жыццё сямейнае і працоўнае. У выпадку з механізатарам ААТ «Радзіма» Васілём Гавейнам атрымалася крыху інакш: мужчына, ведаючы цану кожнай працоўнай мінуце, апярэдзіў карэспандэнтаў і лаканічна і ў той жа час грунтоўна расказаў пра сябе.

Нічога лішняга, толькі факты з біяграфіі, але часам і пяці мінут размовы з чалавекам хапае, каб зразумець: вось вам і прыклад адданасці любімай сям’і, шчырасці ў рабоце.
А што жыццё? Яно ў Васіля Аляксандравіча, здавалася б, самае звычайнае. Але ў той жа час — адметнае, непаўторнае, сваё, якім мужчына ганарыцца, а гэта, згадзіцеся, вельмі важна.
Простае чалавечае шчасце ўраджэнец вёскі Вільянава Васіль Гавейна знайшоў у вобразе самай прыгожай дзяўчыны Марыны, якая падарыла мужу двух самых лепшых сыноў Яўгена і Аляксандра.
Жывуць цяпер Васіль Аляксандравіч і Марына Аляксандраўна ў Лыскаве, у доме прысядзібнага тыпу, які выдзеліла сельгаставарыства. Пра малую радзіму мужчына не забывае, бо ў роднай вёсцы трымае гаспадарку ды і бацькоўскі дом заўсёды цягне да сябе: тут жа жылі тата з мамай, па гэтых мясцінах гайсаў басанож, ведае кожную сцяжынку.
Вось і крочаць па зямлі два чалавекі, дзеляць разам гора і радасць, шануюць адзін аднаго, паважаюць. Тую ж павагу маюць і на сваіх рабочых месцах. Жонка больш за трыццаць гадоў працуе ў Лыскаўскім дзіцячым садку, кожны дзень аддае часцінку сябе малым гарэзам, яны ж плацяць сваёй дзіцячай непасрэднасцю і любоўю. А Васіль Гавейна без малога трыццаць пяць гадоў звязаны, як сам сцвярджае, без прымусу, а па любові і згодзе з мясцовай гаспадаркай.
Чым жа прываблівае трактарыста-машыніста праца на зямлі? Падабаецца бачыць рэзультат сваёй работы. Як жа прыемна назіраць за маладымі ўсходамі збожжавых, калі сам жа ўкладваў зярняткі ў зямлю! А потым збіраць залацісты ўраджай, адчуваць дачыненне да важнай справы ўсёй краіны — забеспячэння сваіх землякоў духмяным хлебам. Дарэчы, падчас уборкі вялікай падмогай для Васіля Аляксандравіча становяцца сыны: ім не трэба расказваць пра цяжкую працу на зямлі, яны ведаюць цану кожнаму зярнятку.
І зіма не прыносіць спакою механізатару. Цяпер, напрыклад, ён заняты на ўборцы снегу, якога сёлета прырода падносіць не шкадуючы.
Заслужанаму работніку — заслужаны адпачынак. Не, ні ў якім разе не пенсія. Як такога работніка адпусціць! Размова пра санаторый, у якім прапануе адпачыць Васілю Гавейну дырэктар ААТ «Радзіма» Дзяніс Кулеша. «Няма калі», — адказ механізатара. І гэта зімой, калі, сапраўды, ёсць магчымасць перадыхнуць, набрацца сіл на чарговую вясну. А хто ж будзе займацца падрыхтоўкай пасяўных агрэгатаў, планавым рамонтам свайго энерганасычанага трактара «Беларус 3522»? І размова зусім не пра тое, што Васіль Аляксандравіч — незаменны работнік. Проста ён прывык сваімі рукамі ўсё даводзіць да толку: калі сам перабраў — значыць упэўнены ў наступнай рабоце тэхнікі.
Ніколі не гнаўся Васіль Гавейна за ўзнагародамі, яны самі яго знаходзілі, бо шчырай працай на зямлі ён заслужыў падзякі. Вось і сёлета з нагоды свята — Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу — трактарысту-машыністу быў уручаны Падзячны ліст ад Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў за сумленнае стаўленне да сваіх працоўных абавязкаў.
І сапраўды, работы не трэба баяцца, яе трэба рабіць, атрымліваць задавальненне ад зробленага. І калі ў вас гэта атрымаецца — значыць вы, на самай справе, шчаслівы чалавек, як і Васіль Гавейна.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік