Суббота, 12 октября 2024

Сем’і раёна былі запрошаны на круглы стол з удзелам старшыні Пружанскага райвыканкама Міхаіла Грышкевіча

1 041

У Дзень маці, 14 кастрычніка, старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч сустракаўся з прадстаўнікамі некаторых пружанскіх сем’яў.

Прыём адбыўся ў цёплай атмасферы, з размовай, пытаннямі і, зразумела, за кубачкам гарбаты і салодкімі прысмакамі.

Ініцыятарам і арганізатарам сустрэчы выступіла старшыня раённага аб’яднання Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Таццяна Гаманчук. Удзел у мерапрыемстве прынялі благачынны цэркваў Пружанскай акругі протаіерэй Міхаіл Носка і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Віталь Матвіенка.

На прыёме прысутнічалі сем’і Падгурскіх, Кунда, Белаглаўка, Кобак, Грэцкіх, Пінчук, Аблавушка.

Таццяна Гаманчук пасля ўступнага слова пра гісторыю свята, значнасць для нашай дзяржавы інстытута мацярынства дала слова старшыні райвыканкама Міхаілу Грышкевічу. Найперш Міхаіл Міхайлавіч адрасаваў прысутным мамам віншаванне са святам, пажадаў у першую чаргу здароўя, дабрабыту, удачы і ўсяго самага найлепшага. «Памятайце, паважаныя жанчыны, што вы з’яўляецеся тым увасабленнем, на якое заўсёды раўняюцца мужчыны. Дзякуючы вам яны здзяйсняюць подзвігі, выконваюць свае непасрэдныя функцыі. Вы з’яўляецеся захавальніцамі жыццёвых і сямейных каштоўнасцей у грамадстве. Мы гэта цэнім», — сказаў Міхаіл Грышкевіч.

Члены кожнай сям’і расказалі пра сябе, пра сваіх дзяцей, пра дасягненні, заняткі ў вольную гадзіну. Адзначу, што ва ўсіх выхоўваюцца сапраўдныя грамадзяне нашай краіны, а мамы з татамі займаюць актыўныя жыццёвыя пазіцыі: мала таго што добра працуюць, яшчэ ўдзельнічаюць і ў грамадскім жыцці.

Акрамя таго, сем’і мелі магчымасць задаваць пытанні кіраўніку вертыкалі раёна, выказваць прапановы. Большасць узнятых праблем была звязана з добраўпарадкаваннем, рамонтам дарог. Таксама былі закрануты пытанні, што тычыліся правядзення вольнага часу, арганізацыі экскурсійных паездак для сем’яў, заняткаў спортам дзяцей, удзелу іх у розных спартыўных мерапрыемствах, фінансавання культурных праектаў і іншыя. Міхаіл Міхайлавіч адказаў на ўсе пытанні, а слушныя заўвагі, як кажуць, узяў на карандаш і паабяцаў ва ўсім дэталёва разабрацца. У прыватнасці, адзначыў, што на развіццё дзіцячага спорту, арганізацыю вольнага часу будуць абавязкова выдзяляцца сродкі, бо гэта важна як для раёна, так і для краіны. Пакаленне павінна быць здаровым, культурна і патрыятычна развітым.

Айцец Міхаіл расказаў аб узнікненні свята Пакрова Багародзіцы, якое адзначаецца разам з Днём маці: можна сказаць, што яно стала прадвеснікам свецкага свята.

На сустрэчы прысутнічала і бабуля як прадстаўніца старэйшага пакалення — Алена Міхайлаўна Аблавушка. Яна падзялілася сакрэтамі сямейнага дабрабыту, шчаслівага суіснавання людзей розных ўзростаў. Дарэчы, заўважыў, якія цёплыя адносіны яе з нявесткай Аленай Аблавушка. Усім бы такія.

Напрыканцы Міхаіл Грышкевіч кожнай жанчыне ўручыў прыгожыя кветкавыя букеты.

Віктар Ільшчанка. Фота Кацярыны Масік