Пятница, 14 февраля 2025

Пружанскі раён з рабочым візітам наведаў старшыня КДБ Рэспублікі Беларусь

626

У пятніцу з рабочым візітам Пружаншчыну наведаў старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант Іван Станіслававіч Церцель. Іван Станіслававіч з задавальненнем прыняў удзел у пасяджэнні актыву раёна.

Старшыня КДБ РБ выступіў з прамовай, каментуючы апошнія падзеі ў нашай рэспубліцы. Асабліва ён акцэнтаваў увагу на сітуацыі, што склалася на граніцах краіны. У прыватнасці, І.С.Церцель адзначыў правакацыйныя дзеянні і выступленні нашых польскіх і прыбалтыйскіх суседзяў, асабліва ў адносінах да мігрантаў.

— На сённяшні дзень афіцыйна пацверджана чатыры факты гібелі бежанцаў на сумежнай з Беларуссю тэрыторыі, хаця нам вядома, што падобных здарэнняў значна больш,— зазначыў Іван Станіслававіч.— Пры гэтым польскія або прыбалтыйскія ўлады спрабуюць абвінаваціць у гэтым беларускі бок. Такія высновы ўвогуле не маюць логікі, бо нам няма сэнсу праяўляць жорсткасць у стаўленні да мігрантаў, улічваючы, што нашу краіну яны ўспрымаюць, як транзітную тэрыторыю, і нават не плануюць затрымлівацца тут.

Хутчэй за ўсё, на думку генерал-лейтэнанта, пытанне з міграцыяй спрабуюць перавесці ў палітычную плоскасць, што для нашага менталітэту абсалютна непрымальна і здаецца амаральным. Напэўна, на Захадзе забыліся пра тое, як у гады вайны беларусы, рызыкуючы жыццём, хавалі ад гітлераўцаў яўрэяў. А таму наш народ на генным узроўні не зможа здзекавацца з тых, хто трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю.

Старшыня КДБ заклікаў кіраўніцтва раёна, кіраўнікоў арганізацый і проста актыўных грамадзян захоўваць кантроль за сітуацыяй на прыгранічных землях нашай краіны, асабліва напярэдадні значных палітычных падзей, што хутка адбудуцца, у тым ліку і народнага рэферэндуму.

Карыстаючыся магчымасцю, мы задалі І.С.Церцелю пытанне нашых чытачоў адносна тых трансгранічных сувязей, што дагэтуль былі ўстаноўлены з польскім бокам з улікам рашэння беларускіх парламентарыяў аб прыпыненні дагавору аб рэадмісіі з Еўрасаюзам у рамках пагаднення аб спрошчаным візавым рэжыме.

Кіраўнік спецслужбы звярнуў увагу на тое, што дагавор быў прыпынены, а не скасаваны, а значыць, ёсць шанец на аднаўленне ранейшых кантактаў на былым узроўні.

— Тым больш, нам дакладна вядома, што такія агрэсіўныя крокі прымаюцца палітыкамі, якія не карыстаюцца пераважнай падтрымкай свайго народа. Беларусы шмат стагоддзяў жылі побач з палякамі, мы ў пэўнай ступені роднасныя народы, з пераплеценымі ў адзін клубок традыцыямі, гісторыяй, культурай, звязаны і эканамічна, і ў плане агульнай бяспекі,— адказаў Іван Станіслававіч.— І ніякіх перашкод для сустрэч сваякоў, сумесных культурных, спартыўных і іншых мерапрыемстваў ствараць не будзем. Аднак не выключана іншая рэакцыя па той бок беларуска-польскай мяжы. У любым выпадку, ніякага ціску на нашы інтарэсы кіраўніцтва краіны не дапусціць і не прыме. Пралічваюцца розныя варыянты развіцця падзей, і на кожны рыхтуецца адэкватны адказ.

Алег Сідарэнка