14 кастрычніка — асаблівы дзень, які кожны з нас чакае з пэўным хваляваннем. Мы выбіраем для мам падарункі, стараемся ўдзяліць максімум увагі, рыхтуем кранальныя словы. Усё гэта з адной мэтай — парадаваць самых дарагіх людзей на зямлі. Артысты Палаца культуры і дзіцячай школы мастацтваў у гэты дзень таксама выдатна пастараліся і падрыхтавалі цудоўную святочную праграму «Мама — любоў».

Да ўсіх прысутных на свяце мам са словамі віншавання звярнуўся Міхаіл Грышкевіч. Пасля старшыня райвыканкама ўручыў ордэн Маці Вользе Мікалаеўне Карабан, якая нарадзіла і выхоўвае пяцярых дзяцей.
Сам канцэрт даўся мне цяжка. Не памятаю, калі ў апошні раз столькі плакала. Але гэта былі асаблівыя слёзы: слёзы ад пачуцця шчымлівай пяшчоты. Справа ў тым, што мая матуля зараз далёка і мы з ёю бачымся не так часта, як бы нам абедзвюм хацелася б…

Кранальныя песні, неверагодна дакладныя ў сваёй прастаце словы, адрасаваныя Маме, адгукнуліся не толькі ў маёй душы. Перыядычна азіраючыся на зал, бачыла шмат твараў, па якіх ціхенька цяклі слёзы.
Пасля завяршэння праграмы адразу патэлефанавала сваёй матулі (дарэчы, трэці раз за дзень), каб у чарговы раз сказаць ёй, як жа моцна яе люблю.

Пасля размовы з мамачкай міжволі ўсплылі ў памяці радкі верша Ігара Губермана:
«Звоните поздней ночью мне, друзья,
Не бойтесь помешать и разбудить;
Кошмарно близок час, когда нельзя
И некуда нам будет позвонить».
Пачуццямі дзялілася Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік
Фотаальбом з канцэрта: https://ok.ru/budni/album/948900056456