Четверг, 5 декабря 2024

Новымі кнігамі пра генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны папоўніліся фонды музея-сядзібы «Пружанскі палацык»

328

Фонды Пружанскага палацыка папоўніліся новымі кнігамі — «Апошнія сведкі» і «Генацыд беларускага народа. Лагеры смерці» пад агульнай рэдакцыяй Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь, доктара юрыдычных навук А.І. Шведа.

У аснове выданняў — паказанні жывых сведкаў, якія на свае вочы бачылі жахі Вялікай Айчыннай вайны, прайшлі праз канцлагеры і катаванні. У кожным загалоўку, на кожнай старонцы кніг — жудасці вайны.

У кнігу «Апошнія сведкі» ўвайшлі гісторыі малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў, запісаныя следчымі падчас расследавання Генпракуратурай крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа. Тут ёсць і ўспаміны жыхароў Пружаншчыны, фатаграфіі і дакументы з фондаў музея, а таксама фатаграфіі магіл ахвяр фашызму ў нашым раёне.

Кніга «Генацыд беларускага народа. Лагеры смерці» — даніна памяці загінулым, захаванне гістарычнай праўды, неаспрэчныя факты пра мільёны знішчаных фашыстамі мірных жыццяў, зламаныя лёсы, сапраўдная гісторыя падзей ваеннага і пасляваеннага часу. Кніга заснавана на папярэдніх выніках следства, шматлікіх архіўных дакументах і навуковых даследаваннях гісторыкаў. Усе яе матэрыялы пацверджаны дакументальна, у тым ліку і на падставе археалагічных раскопак.

У выданні змешчана шмат сапраўдных дакументаў, фатаграфій і асабістых гісторый сведкаў з жахлівымі дэталямі пра зверствы фашыстаў.

Пазнаёміцца з выданнямі можна на выставе «Генацыд на Пружаншчыне: па матэрыялах расследавання» ў нашым музеі.

Марына Каўтунюк, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык»