Воскресенье, 14 июля 2024

Міжнароднаму Дню памяці ахвяраў генацыду было прысвечана мерапрыемства ў пружанскім каледжы

248

Міжнародны дзень памяці ахвяраў злачынства генацыду, ушаноўвання іх годнасці і папярэджання гэтага злачынства адзначаўся ва ўсім свеце 9 снежня. Менавіта да гэтай важнай даты было арганізавана і мерапрыемства ў Пружанскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы.

Зала, дзе праходзіла мерапрыемства, была запоўнена амаль поўнасцю. Акрамя навучэнцаў, таксама прысутнічалі начальнік і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Момлік і Сяргей Дзямідаў, памочнік пракурора Пружанскага раёна Лілія Буйніч.

Напачатку мерапрыемства Аляксандр Момлік падкрэсліў, што дадзеную дату ва ўсім свеце пачалі адзначаць адносна нядаўна, з 2015 года. Але падзеі, якія адбываліся на нашай зямлі каля 80 гадоў таму, не забываліся нашым народам ніколі. Таксама Аляксандр Канстанцінавіч адзначыў, што прычынай падобных сумных падзей становіцца тое, што людзі не навучыліся шанаваць свабоду, вяршэнства права і закону і нават само жыццё чалавека. Таму гэтыя сумныя старонкі гісторыі нашай краіны варта памятаць заўсёды, каб у далейшым не паўтарыць іх ізноў.

Сяргей Дзямідаў расказаў пра гістарычныя падзеі на нашай зямлі, якія былі непасрэдна звязаны з генацыдам. Таксама Сяргей Юр’евіч растлумачыў значэнне некаторых гістарычных тэрмінаў. А напрыканцы свайго выступлення звярнуўся да ўсіх прысутных у зале: «Думайце, што чытаеце, што слухаеце, што глядзіце, і рабіце правільныя высновы. А таксама памятайце, што заўсёды вельмі лёгка трапіць пад уплыў экстрэмісцкай прапаганды. Цікаўцеся гісторыяй і любіце нашу Радзіму!».

Менавіта пракуратура займаецца расследаваннем спраў, якія не маюць тэрміну даўнасці. Для захавання памяці савецкіх грамадзян, якія сталі ахвярамі ў гады вайны, 5 студзеня 2022 года быў прыняты закон «Аб генацыдзе беларускага народа». Лілія Буйніч прывяла статыстычныя даныя аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны: нямецка-фашысцкія захопнікі спалілі, разбурылі і разрабавалі 209 гарадоў і 9200 вёсак Беларусі, падчас вайны загінула ад 2,5 да 3 мільёнаў жыхароў нашай краіны. Таксама Лілія Андрэеўна адзначыла, што зараз вельмі важна памятаць і не дапускаць скажэння рэальнай карціны падзей 1941-1945 гадоў.

Мерапрыемства скончылася, а вось памяць аб тых падзеях павінна жыць у нас і перадавацца з пакалення ў пакаленне. Толькі такім чынам мы зможам не дапусціць бяды і захаваць мір на нашай роднай зямлі.

Руслан Басак

Фота аўтара