Пятница, 14 февраля 2025

Лядовы палац прымаў рэспубліканскія спаборніцтвы па фігурным катанні і хакеі. У нашых многа медалёў! (+ фота)

291

Кропкай прыцягнення аматараў фігурнага катання і хакею 17 і 18 верасня быў Лядовы палац. Тут прайшло адразу некалькі маштабных рэспубліканскіх спаборніцтваў.

Не памылюся, калі скажу, што сапраўднымі гаспадарамі арэны былі менавіта фігурысты. На працягу двух дзён яны спаборнічалі ў рамках двух турніраў — рэспубліканскіх спаборніцтваў па фігурным катанні на каньках «Кубак Белавежскай пушчы» і Алімпійскіх дзён моладзі, якія адначасова з’яўляліся адборачным турам Брэсцкай вобласці.

Абодва старты сталі для нашых спартсменаў першымі буйнымі спаборніцтвамі сезона, а тое, што праходзілі яны на дамашняй арэне, дадавала адказнасці. Плюс да гэтага ў Пружаны прыехалі моцныя канкурэнты з розных раёнаў Брэсцкай, а таксама Мінскай і Віцебскай абласцей.

Аднак пружанскія спартсмены не прывыклі здавацца і стараліся паказаць максімум. Ад многіх выступленняў па целе беглі мурашкі. Выкананне ж скачкоў, асабліва трайных, дык і ўвогуле патрабуе працяглай падрыхтоўкі і сведчыць пра ўпартасць спартсмена ў дасягненні мэты.

Здавалася, што перад спаборніцтвамі трэба надзець канькі і чакаць свайго выхаду, але ж нашы лядовыя зорачкі, як і госці, перад выступленнямі разміналіся, рабілі прабежку і расцяжку ў калідоры Лядовага палаца. Усё для таго, каб у прамым сэнсе слова ўзлятаць на крылах таленту і растапіць сваім выступленнем халодны лёд.

У першы дзень фігурысты адкаталі кароткія праграмы, у другі прадставілі адвольныя. Спаборнічалі, як заўсёды, у пэўных разрадах. За чысцінёй выступленняў сачылі суддзі, а самі пракаты фіксавала відэакамера. Такім чынам, у «Кубку Белавежскай пушчы» пружанскія фігурысты заваявалі адразу пяць медалёў, большасць з якіх — найвышэйшай пробы. Абсалютнымі пераможцамі сярод кандыдатаў у майстры спорту сталі Васіль Барахоўскі (сярод юнакоў) і Злата Амельянюк (сярод дзяўчат). Бронзу ў гэтай жа катэгорыі ўзяла Ганна Калінка. Лідарам у першым спартыўным разрадзе сярод старэйшых спартсменаў стала Уладзіслава Чэхоўская, а трэцяе месца ў другім спартыўным сярод фігурыстаў малодшай групы заваявала наша Крысціна Валасюк.

Яшчэ больш «ураджайнымі» аказаліся Алімпійскія дні моладзі Брэсцкай вобласці. Па іх выніках у скарбонцы пружанцаў ажно сем медалёў. Поўны камплект сабралі нашы дзяўчаты ў першым спартыўным разрадзе. Золата, серабро і бронзу заваявалі адпаведна Уладзіслава Чэхоўская, Іаана Шаршуновіч і Эліна Цірскіх.

Таксама цалкам пружанскі медальны п’едэстал у кандыдатаў у майстры спорту сярод дзяўчат. Узнагароды пакарыліся Злаце Амельянюк, Ганне Калінка і і Юліі Пакала. А вось абсалютным пераможцам сярод КМС у юнакоў стаў Васіль Барахоўскі.

Бліжэйшыя старты пружанскіх фігурыстаў запланаваны напрыканцы верасня — у пачатку кастрычніка ў Гомелі. Там пройдзе першы этап адкрытага першынства краіны «Зорачка».

Але вяртаемся да 17 і 18 верасня. Вечарам у суботу, калі лёд пакінулі фігурысты, на яго выйшлі хакеісты. Каманды 2011 г.н. з Ліды і Пружан правялі матч у рамках адкрытых рэспубліканскіх спаборніцтваў па хакеі з шайбай. На жаль, вырваць перамогу на гэты раз нашым хлопцам не ўдалося. Шайбы ў вароты праціўніка ў суботу закінулі Аляксандр Кавальчук, Міхаіл Максімовіч і Ігнат Хамета.

Яшчэ адна гульня адбылася раніцай у нядзелю, аднак і ў ёй лік быў не на карысць пружанскай зборнай. Адзіны гол ажыццявіў наш Аляксандр Кавальчук.

Тым не менш, каманда, якая трэніруецца пад кіраўніцтвам Паўла Літуса, настроена сур’ёзна. Мясцовая зборная 2009 г.н., якую трэніруе Ілья Ільяшэвіч, таксама. Так што падтрымліваем нашых і перажываем за іх!

Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара

Фотаальбом са спаборніцтваў фігурыстаў: https://vk.com/album-23306785_286670307

Фотаальбом з баталій хакеістаў: https://vk.com/album-23306785_286671085