Пятница, 14 февраля 2025

Фотафакт. Як праехаць, як прайсці па Касцякова ў Пружанах?

490

Здавалася б адказ на пытанні, якія мы вынеслі ў загаловак, відавочны – па правілах. Але не стыкуюцца яны з відавочнасцю.

На вуліцы Касцякова ёсць своеасаблівы тупік для аўтамабіляў. Дарога, па якой яны ездзілі, заблакавана ўмацаванымі металічнымі слупкамі. Як стала вядома, з’явіліся гэтыя слупкі пасля неаднаразовых скаргаў жыхароў дамоў, асабліва тых, хто суправаджае сваіх дзяцей у недалёка размешчаны дзіцячы садок.  Людзі прасілі перагарадзіць дарогу ад праязджаючых аўтамабіляў. Маўляў, небяспечна там хадзіць, таго і глядзі саб’юць. Гэта зрабілі, але аўтамабілісты знайшлі выйсце, як пераадолець перашколу. Яе пачалі аб’язджаць па зялёнай зоне, і праездзілі даволі ёмкую каляіну. Дарэчы, на гэтай зялёнай зоне мы раптам выявілі наяўнасць тратуару, нават з бардзюрамі. Але ён даволі працяглы час не ачышчаўся ад лісця, магчыма таму ім кінулі карыстацца. А яшчэ тут, як вартавыя, стаяць сухія дрэвы, якія трэба было б спілаваць.

Склалася даволі кур’ёзная, але не смешная сітуацыя: пешаходы рухаюцца па ўжо былой праезнай частцы, аўтамабілі – дзе прыйдзецца. Сумняваюся, што ўсё гэта бяспечна як для адных, так і для другіх.

Каментуюць спецыялісты. Сяргей Гук, намеснік старшыні райвыканкама, і Сяргей Бабрук, дырэктар КУВП «Камунальнік». Наконт сухіх дрэў, то ў 2023 годзе сухастой плануецца ўбраць, на яго месца высадзяць новыя маладыя дрэўцы.

Што тычыцца стаўбоў, якія перагароджваюць праезд аўтамабіляў, то камісійна прынята рашэнне аб неабходнасці гэтай перашколы. Былая праезная частка перагароджана для бяспекі пешаходаў. Тыя ж вадзіцелі, якія вырашылі пракласці праезд па зялёнай зоне, з’яўляюцца парушальнікамі Правілаў дарожнага руху. Рызыкуюць быць аштрафаванымі.

Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара