Воскресенье, 23 сентября 2018

Пружаны отметили 580-летие

1 278

У Пружанах у мінулую суботу адзначылі Дзень горада. Святочныя мерапрыемствы сабралі не толькі мясцовых жыхароў, але і шматлікіх гасцей… Дата святкавання прымеркавана да дня вызвалення Пружан ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Таму невыпадкова, што дзень распачаўся з аўта-прабегу па месцах баявой славы раёна. Аддаць даніну павагі тым, хто больш 70 гадоў таму стаяў на абароне незалежнасці краіны і цаной уласнага жыцця заваяваў мір сённяшняму пакаленню, сабраліся прадстаўнікі вайскоўцы, ветэраны,  прадстаўнікі ДТСААФ, БРСМ, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне… У ходзе аўтапрабегу кветкі і вянкі былі ўскладзены амаль да дзясятка помнікаў на брацкіх магілах.

Тым часам на цэнтральнай плошчы, дзе і прайшло асноўнае святкаванне, сабралася нямала людзей. Прызнацца, не абышлося без сюрпрызаў, і тыя, хто знайшоў час, каб наведаць не толькі масавае гулянне ў парку, але і прыйшоў на афіцыйную частку мерапрыемстваў, не пашкадавалі, паколькі змаглі стаць відавочцамі дэсанціравання на гарадскую плошчу членаў зборнай каманды Рэспублікі Беларусь і Узброеных сіл па парашутным спорце, якія выса-дзіліся з верталёта МІ-8 з 1200-метровай вышыні. Не паспелі падзяліцца ўражаннямі ад убачанага, як па вуліцы Савецкай прайшоў парад пажарнай тэхнікі. У калоне рухаліся не толькі сучасныя спецыялізаваныя машыны, але і конная пажарная павозка з ручной помпай, якая выкарыстоўвалася напачатку стварэння гэтай службы.

Праз некалькі хвілін  дзейства перанеслася на галоўную сцэнічную пляцоўку горада, дзе прайшло тэатралізаванае прадстаўленне «Пружаны ў люстэрку гісторыі», якое дазволіла акунуцца ў сярэднявечча і адчуць подых гісторыі. На сцэне ажылі гістарычныя персанажы: уладары мястэчка кароль Жыгімонт І і яго жонка Бона Сфорца наладзілі святочны баль. Як стагоддзі таму, наступная ўладарка горада Ганна Ягелонка ўручыла сімвалічны ключ ад горада старшыні райвыканкама М.М.Серкову. Нагадаем, што менавіта дзякуючы ёй Пружаны атрымалі Магдэбургскае права, а ў дадатак да прывілея і герб — у сярэбраным полі звілістая блакітная змяя з залатой каронай на галаве нараджае з пашчы дзіця.

Нямала добрых слоў, прызнанняў у любові і пажаданняў квітнець і расці ў адрас роднага горада гучала са сцэны. На яе падняліся і тыя, хто стварае сённяшнюю гісторыю горада: работнікаў шматлікіх прадпрыемстваў і арганізацый знайшлі заслужаныя ўзнагароды ад райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў і райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Асаблівай пашаны быў удастоены дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А.І.Юркевіч, лёс якога больш чвэрці стагоддзя быў звязаны з Пружаншчынай і які на пасадзе старшыні райвыканкама зрабіў нямала для яе развіцця. За вялікі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна і прыцягненне інвестыцый у эканоміку рэгіёна Аляксандру Іванавічу прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Пружанскага раёна». Дэпутат у сваю чаргу ўручыў грамату Нацыянальнага сходу РБ дырэктару ПМК-21 В.С.Лук’янчуку.

Удвая запамінальным стаў гэты дзень для трох маладых пар: не толькі іх родныя сталі сведкамі стварэння новых сем’яў, але і гараджане.

Сёлета свята было асабліва ўрачыстым — горад адзначыў 580-ы дзень нараджэння. Што вылучае сучасны горад і раён увогуле? Сваім меркаваннем на гэты конт падзяліўся старшыня аблвыканкама К.А.Сумар.

— Гарады як людзі: іх гісторыя падобна на лёс чалавека, паколькі яна, як і наша жыццё, складаецца з чарады самых розных падзей, у якой ёсць месца і святам, і будням. І, калі гавораць пра дасягненні горада, маюць на ўвазе людзей. Пружаны не выключэнне: безумоўна, галоўнае дасягненне гэтага горада — яго жыхары, дзякуючы працавітасці, таленту якіх гэты населены пункт развіваецца.

У пацвярджэнне сваіх слоў Канстанцін Андрэевіч назваў лічбы сацыяльна-эканамічных паказчыкаў, якія, варта адзначыць, выгадна вылучаюцца на фоне абласных. Акрамя таго, Пружанскі край увогуле заўсёды быў багаты на таленты.

Яшчэ больш круглая дата — 600-годдзе Пружан — не за гарамі. У размове з журналістамі кіраўнік вобласці прызнаўся, што праз 20 гадоў хацеў бы найперш бачыць пружанцаў шчаслівымі. Ён упэўнены, што за гэты час горад стане яшчэ прыгажэйшым, і пажадаў яму расці: не толькі па эканамічных паказчыках, але і ў сацыяльным і дэмаграфічным плане.

Атмасфера свята панавала на ўсіх пляцоўках горада. Адпаведны настрой адчуваўся і ў яго жыхароў.

Здалося, што ўсе жыхары горада і раёна сабраліся ў гарадскім парку, каб адзначыць Дзень горада. Жыццё там бурліла.

Адразу перад палацыкам разгарнулася выстава творчасці народных майстроў. Самыя лепшыя работы прывезлі сельскія Дамы культуры і асобныя майстры з іншых раёнаў. Так, Вікторыя Шурбан з Пінска прадставіла саламяныя вырабы. Таксама пінчанін Мікалай Калько – драўляныя: разнастайныя лыжкі, лапаткі, каўшы. А Аліна Аляшкевіч з Корнаці Свіслацкага раёна гандлявала вязанымі кручком сурвэткамі, шалямі і нават сумачкамі.

Як заўсёды, здзіўлялі пружанскія майстры. Аляксандр Голубеў са Слабудкі – бандарнымі вырабамі. Хараўскі каваль Аляксандр Шаўчэнка — садовай мэбляй, Віталь Шмыгоўскі — пляценнем з лазы. Акрамя ўжо вядомых крэслаў-качалак, ён паспяхова асвоіў выраб дзіцячых арэляў. Зачаравалі вырабамі з саломкі Раіса Баюра з Новых Засімавічаў і Наталля Свешнікава з Пружан. Тэкстыльнымі лялькамі здзівіла Ганна Шульга са Сланімцоў. Людзі падоўгу спыняліся каля вышыванак Станіславы Фасевіч з Шарашова, якая не толькі вышывае свае падушкі, але і з захаваннем усіх неабходных тэхналогій напаўняе іх, а таксама Людмілы Яроцкай, Людмілы Паўлючык, Алены Клімянковай, Святланы Несцеравай… Ад яркасці фарбаў і незвычайнасці работ вочы разбягаліся! Пружанскі Дом рамёстваў прадставіў яшчэ і такі рэдкі від народнай творчасці, як валянне і ткацтва. Былі на выставе вырабы з расплаўленага шкла, карціны на шклінках.

Той, хто жадаў падсаладзіць жыццё, ды яшчэ і аздаравіцца, мог купіць мёд на любы густ з Белавежскай пушчы. Мноства людзей, якія жадалі пакінуць напамін пра грандыёзнае мерапрыемства, у якое пераўтварыўся Дзень горада Пружаны, не адыходзілі ад суве-нірных лавак і палаткі гарадской друкарні, якая прадстаўляла свае навінкі. Акрамя вырабу разнастайных магнітаў, блакнотаў і вымпелаў, работнікі друкарні асвоілі сублімацыйны друк. З любога  лічбавага носьбіта, уключаючы сотавы тэлефон, яны могуць перавесці на майку малюнак ці фотаздымак, аздобіўшы яго пэўным надпісам. У нас на вачах задаволены малады тата апранаў майку з выявай любімай сям’і. Пра тое, што яны “шчаслівыя разам” можна было і не пісаць…

Настроіцца на сур’ёзны лад прымушала выстава цэнтральнай бібліятэкі “Пружаны – горад гасціннасці”. Ну, а тыя адпачываючыя, хто хацеў пакаштаваць навінкі прадукцыі гарадскіх прадпрыемстваў, накіроўваліся на выставу-продаж і дэгустацыю.

На свяце адпачыць з задавальненнем маглі людзі рознага ўзросту, ад дзяцей да бабуль з дзядулямі. Малых забаўлялі гульнямі і атракцыёнамі на пляцоўцы перад палацыкам. Там жа працавала алея юных мастакоў. Дарослыя маглі перажыць экстрэмальныя ўражанні, падымаючыся на аўтаматычным пад’ёмніку абласнога ўпраўлення МНС. А аматары спеваў замілоўваліся ля сцэны эстрады, на якой выступалі пружанскія самадзейныя калектывы і салісты, госці з Бярозаўскага раёна. Асабліва цёпла гледачы прымалі хор “Рэха пушчы” з Гайнаўскага ДК. А тыя, хто жадаў паспяваць самастойна, удзельнічалі ў караоке-шоу. І такіх знайшлося нямала.

Адразу падводзіліся і вынікі конкурсаў. Лепшай мастачкай (яе малюнак спадабаўся найбольш) назвалі Лізу Гатоўка. А лепшымі фатографамі па выніках выставы фотаздымкаў аб горадзе ў сваіх намінацыях сталі Андрэй Царану, Аляксандр Ціхановіч, Аляксей Мацюхін.

Бліжэй да вечара музыкай напоўнілася цэнтральная плошча горада. Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Сваякі”, які прыехаў да нас з Мазыра, дзякуючы свайму энергічнаму выступленню, хутка стаў сваім і ў нас. Прыхіль-нікаў рок-музыкі парадавала рок-група з Ваўкавыска “Розныя”. А з выхадам на сцэну папулярнага ў Беларусі вакальна-інструментальнага ансамбля “Дразды”, здалося, што ў танцы пусціліся ўсе Пружаны.

Святочны салют завяршыў мерапрыемства, якое падарыла людзям столькі радасці.

На здымках: сімвалічны ключ ад горада атрымаў старшыня райвыканкама М.М.Серкоў з рук самой Ганны Ягелонкі; мірны дэсант высадзіўся на плошчы; шлюб у дзень горада — двайное свята.

Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Галіна КАЛЯДА,                       Аляксандр Мелеш (фота)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *