Понедельник, 21 мая 2018

Лімон вагой больш за кілаграм вырас на падаконніку жыхаркі Пружан

904

У зялёным царстве Тамары Канстанцінаўны Краўчук вазон з лімонам з’явіўся каля пяці гадоў таму. За гэты час расліна паспела адарыць клапатлівую гаспадыню больш як дзесяццю пладамі.

— Колькі расце ў мяне гэтае дрэўца, лімоны на ім вырасталі заўсёды буйныя — каля 700 грамаў. Але на гэты раз пабіты ўсе рэкорды — адзін кілаграм пяцьдзясят грамаў. Наогул, вельмі цікава сачыць за працэсам выспявання лімонаў, — Тамара Канстанцінаўна дзеліцца сваімі назіраннямі. — На сем-восем лісточкаў расліна дае паспець толькі аднаму плоду: колькі б кветачак падчас цвіцення не было, лішнія ўсё роўна адпадуць ці не дадуць завязяў. Па маіх падліках, цыкл поўнага выспявання лімона складае дзевяць месяцаў. Калі плоду на галінцы не стае вільгаці, ён становіцца мяккім, але літаральна праз паўгадзіны пасля таго, як пальеш, ізноў набіраецца сілы. Што тычыцца смакавых якасцяў, то хіба хатні лімон параўнаецца з заморскім, што прадаецца ў магазіне?!

У невялікай двухпакаёвай кватэры Краўчукоў больш пяцідзесяці вазонаў. На шырокіх падаконніках і падстаўках — шэфлеры, заміякулькас, рознакаляровыя бягоніі, цыкламены, юка, архідэя, кратоны… Пра захапленне Тамары Канстанцінаўцы вядома і родным, і сябрам: куды больш радасці жанчыне прынясе ў якасці падарунка вазон з пакаёвай раслінай замест букета жывых кветак.

А пачалося ўсё з эўхарыуса — аднаго з відаў лілей, які прэзентавала суседка. З таго часу прайшло каля 30 гадоў, а кветкі ў Краўчукоў сталі не проста элементам дэкору — сапраўдным хобі. Тамара Канстанцінаўна ўпэўнена: кветкі ад-дзячваюць гаспадароў за клопат.

— Мяркуйце самі, эўхарыус вось-вось павінен быў зацвісці. А ў мяне на руках пуцёўка ў санаторый. Ну, думаю, не ўбачу, як кветачка мая будзе цвісці (а здараецца гэта рэдка). Мужу, ад’язжаючы, дала заданне, каб расліннасць паліваў. Вярнулася, муж сустракае, а я ж у першую чаргу сваімі зялёнымі гадаванцамі цікаўлюся. Ён паціснуў плячыма: маўляў, нічога не цвіло. У пакой зайшлі — а там стрэлка з кветкай як раз толькі распусцілася… Вось так чакала майго вяртання.

Як правільна даглядаць расліны, дзеліцца з такімі ж аматаркамі кветак, чытае ў часопісах, шукае ў інтэрнэце.

Летам гаспадыня клапатліва ўпрыгожвае і свой балкон, у выніку чаго ён проста патанае ў квецені… І нават на градцы агародныя культуры выцясняюць кветкі. У Тамары Канстанцінаўны пасаджана больш 20 відаў гладыёлусаў, дзясяткі сартоў цюльпанаў, калы, не ўлічваючы адналетнікаў.

Жартам Тамара Канстанцінаўна кажа пра сябе:

— Кветкі — гэта ўжо дыягназ. Летась у Балгарыю на адпачынак ездзіла — там такая прыгожая расліннасць. Не ўстаяла, каб не правезці «кантрабанду», — усміхаецца субяседніца. — Узяла парастачкі балгарскай юкі і яшчэ нейкай дрэвавіднай расліны, назвы якой і дагэтуль не ведаю. Усю дарогу трымала іх у вільготнай анучцы. Пасадзіла на ўчастку — прыжыліся! Вясной будуць радаваць вока.

Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Аляксандр Мелеш (фота)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *