У мінулым годзе, паводле інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, праводзілася рэспубліканскае сацыялагічнае апытанне, падчас якога многім жыхарам сельскай мясцовасці задаваліся пытанні наконт арганізацыі вясковага гандлю. І толькі 17% апытаных выказалі задаволенасць.
Такой лічбы варта было чакаць. Прыватны бізнэс у вёску ідзе неахвотна, а кааператыўны гандаль робіць толькі ў рамках сацыяльных нарматываў: не менш, але і не больш. Таму становіцца звыклай з’явай, калі ў сельскай мясцовасці паступова закрываюцца магазіны, а вёскі пераходзяць на абслугоўванне аўталаўкай.
На фоне такой сітуацыі прыемна ўразіў факт, што ў вёсцы Грынявічы індывідуальны прадпрымальнік вырашыў аднавіць работу некалі пакінутага былымі гаспадарамі магазіна. Ю.М.Папко сам родам з Муравы і, калі задумаў распачаць уласную справу, маці Соф’я Аляксандраўна параіла яму адкрываць свой бізнэс у родных мясцінах. — Магчыма, гэта можа падасца дзіўным, але я зараз бачу перспектывы для бізнэсу толькі ў сельскай мясцовасці,— зазначае Юрый Мікалаевіч.— Па-першае, у горадзе сёння практычна ўсе гандлёвыя нішы заняты, і канкурэнцыя такая, што «з нуля» там сваю справу не пачнеш: патрэбны вялікія грошы, каб пазмагацца. Па-другое, хутка і ў такія гарады, як Пружаны, прыйдуць гіпермаркеты. А ў вёсцы зараз вялікая прастора дзейнасці, а неразбэшчаныя сельскія жыхары — вельмі прыемныя пакупнікі.
З восені мінулага года працуе новы прыватны магазін у в.Грынявічы і адбою ў пакупніках не мае. І гэта, нягледзячы на тое, што ў вёсцы не вельмі і многа жыхароў. Чатыры разы на тыдзень тут заўсёды свежы хлеб, з пастаяннай перыядычнасцю завозяцца малочныя прадукты.
— Улічваючы, што ў вяскоўцаў не вельмі высокія заробкі, а ў такіх вёсках, як Грынявічы, шмат пенсіянераў, то і цэны ў нашай краме стараемся рабіць ніжэйшымі,— тлумачыць Соф’я Аляксандраўна, якая таксама зараз на пенсіі, але вырашыла дапамагчы сыну з бізнэсам.
Нягледзячы на тое, што будынак магазіна арандуецца, таксама трэба пагашаць камунальныя плацяжы і плаціць падаткі, Юрый Мікалаевіч сцвярджае, што яго гандаль мае рэнтабельнасць. І гэта пры тым, што ў краме ўвогуле не прадаюць спіртных напояў. Значыць, не толькі таннае віно, як беспадстаўна сцвярджаецца недасведчанымі людзьмі, прываблівае вяскоўцаў, можна і на іншых таварах развіваць гандаль.
Вясковы бізнэс Юрыя Папко толькі набірае абароты, таму яшчэ даводзіцца пераадольваць шмат перашкод. Хаця сярод іх ёсць і штучныя. Напрыклад, жыхары Грынявіч просяць прывозіць больш смачнае пружанскае малако ў бутэльках, а не везці з далёкага Ваўкавыска. Аднак індывідуальнаму прадпрымальніку з яго невялікімі абаротамі цяжка дамовіцца з мясцовымі перапрацоўчымі прадпрыемствамі.
Між тым, сёлета вызначаюцца новыя перспектывы. Каб пашырыць зону абслугоўвання, прадпрымальнік вырашыў на ўласным бусе прывозіць прадукты і ў суседнія Навасёлкі. У выніку яго паслугі настолькі спадабаліся мясцовым жыхарам, што на сельскім сходзе ў сярэдзіне студзеня вяскоўцы вырашылі адмовіцца ад абслугоўвання аўталаўкай і даверыцца прыватніку. Раённыя ўлады далі згоду на правядзенне такога незвычайнага эксперыменту.
— Аўталаўка прыязджала да нас двойчы на тыдзень, асартымент у яе быў вельмі небагаты, часам нават хлеба не хапала ўсім жадаючым, ды і не заўсёды ён быў свежым,— расказвае стараста в.Навасёлкі С.У.Данілюк— Нязручным быў і сам транспарт: у высокім аўтамабілі старым цяжка што-небудзь разгля-дзець. Цяпер амаль месяц нас абслугоўвае прадпрымальнік Папко, і людзі больш задаволены. Асартымент стаў багацейшым, прыязджае ён да нас значна часцей. Акрамя таго, вяскоўцам раздалі візіткі з нумарам мабільнага тэлефона, па якім можна пакідаць уласныя заяўкі: заказ прыватнік абавязкова прывязе дахаты.
Дарэчы, вясной Юрый Папко плануе аднавіць работу магазіна і ў Навасёлках, які таксама даўно пакінуты. Калі гэта ажыццявіцца, то з павелічэннем абслугоўваемай зоны вырасце і яго прыватная справа: індывідуальны прадпрымальнік мяркуе заснаваць акцыянернае таварыства.
Алег Сідарэнка, Аляксандр Мелеш (фота).
А где ж еще торговать? В городах все мафия купила………Евроопты,Белмаркеты и прочие……….Вот только где деревни и хватит ли на всех? У нас на селе уже никого нет, через пять лет начнут агрогородки закрывать……..
Рейтинг комментария:
0
0
Парень — молодец!
Не побоялся и рискнул — хорошо, если у него все получится.
Интересно, а сколько в тех же Новоселках покупателей — может целесообразнее привозить их в свой магазин и потом возвращать обратно, чем возить к ним товар?
Рейтинг комментария:
0
0
Парень-молодец, попал на «старонку газеты». Где он будет через год?
Рейтинг комментария:
0
0