Суббота, 20 января 2018

Мясцовы агурок для «Пружанскага слоіка»

1 342

Надышоў чарговы садова-агародны сезон, і пружанцы масава рушылі на свае прысядзібныя участкі. Некаторыя вырошчваюць агародніну і садавіну не толькі для сябе, але і для таго, каб потым здаць на перапрацоўчыя прадпрыемствы. Не сакрэт, што такім чынам можна няблага папоўніць свой сямейны бюджэт.

Між тым, штогод у перыяд уборачнай кампаніі ўзнікаюць шмат спрэчак, калі прыёмшчыкі адмаўляюцца купляць прыватную сельгаспрадукцыю, бо заводы проста перапоўнены той ці іншай агароднінай. Многае залежыць і ад попыту на рынку. Разам з начальнікам лабараторыі ААТ «Пружанскі кансервавы завод» Т.М.Арустамян мы сёння паспрабуем папярэдзіць узнікненне такіх непрыемных сітуацый.

— Тамара Мікалаеўна, на выпуску якой агароднінна-пладовай прадукцыі спецыялізуецца прадпрыемства?

— Мы рэалізавалі практычна ўсё выпушчанае нашым заводам і цяпер будзем павялічваць закупкі. Напрыклад, летась нарыхтавалі 30 тон клубніц, і варэнне з іх разышлося, як гарачыя піражкі. Тое ж адбылося і з 10 тонамі абрыкосу, 15 тонамі маліны. Агуркоў замарынавалі і засалілі звыш 100 тон і таксама ўсё рэалізавалі. Відавочна, што аб’ёмы трэба нарошчваць, калі прадукцыя карыстаецца такім попытам. Нашы асноўныя спажыўцы — беларускі гандаль і сістэма грамадскага харчавання. Пэўная частка паступае і для харчавання школьнікаў, у аздараўленчыя і медыцынскія ўстановы.

— Між тым, у нас створана адзіная эканамічная прастора з Расіяй і Казахстанам. Гэта азначае, што не толькі для экспарту, але і для імпарту адчынены граніцы. Ці ёсць рызыка затаварвання нашых складоў?

— У нас вельмі строгія патрабаванні да якасці выпускаемай прадукцыі, за ўсім строга сочаць розныя кантралюючыя органы. У суседзяў гэта сістэма сканала даўно, і сёння любы вытворца прыдумвае свае тэхнічныя ўмовы: маўляў, з чаго пажадаю, з таго і зраблю. Таму канкурэнцыю ў плане якасці мы вытрымаем. Над цаной, безумоўна, таксама будзем працаваць, але яна ў наш час розных біядабавак і генамадыфікаваных прадуктаў адыходзіць на другі план. Зразумела, не менш важным лічыцца і дызайн тавару, чым мы не саромемся пахваліцца. У тым ліку і зручнасцю тары. Словам, перспектывы неблагія на бягучы год.

Як я ўжо сказала, асноўны акцэнт будзем рабіць на якасць, а значыць, і закупляць у насельніцтва будзем толькі якасную сыравіну.

— Чым папоўніце прылаўкі ў бягучым годзе?

— Нам неабходна нарыхтаваць ягады — клубніцы, маліну, вішню. З чарніцамі сітуацыю пакуль нельга прадказаць, бо летась з-за невялікага ўраджаю былі высокія закупачныя цэны і варэнне атрымалася вельмі дарагім. Акрамя таго, маем спадзяванні на ўраджай абрыкосаў. Такія ж планы і на агародніну: памідоры, агуркі, часнок, перац і многае іншае, чым багаты пружанскія агароды. Пакуль не магу сказаць, якой будзе закупачная цана, але ў накладзе ніхто не застанецца. Тое ж тычыцца і дароў лесу, для перапрацоўкі якіх мы сёлета распрацавалі яшчэ некалькі дадатковых рэцэптаў, а значыць, будзем павялічваць закуп. У лепшыя гады нарыхтоўвалі да 15 тон грыбоў, а сёлета хочам нарыхтаваць хаця б удвая больш.

Побач з гэтым хачу звярнуць увагу і на адну акалічнасць. Нядаўна мы атрымалі ад жыхаркі раёна ліст, у якім жанчына скардзіцца на няправільны падыход у закупках: маўляў, мы больш купляем у фермераў, а прыватных агароднікаў ігнаруем. Няправільна ўвогуле, бо мы, наадварот, імкнемся купляць больш у прыватнікаў: яны не выкарыстоўваюць розныя хімічныя ўгнаенні так масава. Напрыклад, летась з прыватных агародаў мы закупілі больш за дзве тоны часнаку, каля трох тон хрэну і паўтары тоны  кропу.

Але і пры гэтым ёсць свае патрабаванні. Напрыклад, згодна з нашымі стандартамі, памідоры павінны быць не больш 5 сантыметраў, агуркі-карнішоны даўжынёй да 9 см і зелянцы — да 11 см. Строгія патрабаванні і да знешняга выгляду. Летась у нас часта здараліся казусы, калі бабулькі, што гандлююць тут на рынку, вечарам нерэалізаваную агародніну неслі здаваць да нас. Агуркі «прамарынаваліся» пад летнім сонцам, згубілі сваю прыгажосць і іх наўрад ці хто купіць. А мы, на іх думку, павінны прымаць. І ніхто не разумее нас, што мы ж таксама гэта потым будзем прапаноўваць людзям.

Нядаўна ў нас змянілася і сістэма нарыхтовак: раней за здадзеную сельгаспрадукцыю разлічваліся сваім таварам праз фірменны магазін. Цяпер жа падпісана пагадненне з Пружанскім райспажыўтаварыствам, нарыхтоўшчыкі ад якога працуюць у нас і разлічваюцца са здатчыкамі грашыма.

Словам, хацелася б пажадаць жыхарам раёна больш сілы для працы на прысядзібных участках, а мы чакаем іх прадукцыю.

Гутарыў Алег Сідарэнка.

На здымку: інжынер-хімік Г.У.Глушко запэўнівае, што прадукцыя завода — самая натуральная.

Фота Аляксандра Мелеша.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *