Воскресенье, 22 мая 2022

Намеснік пракурора Ірына Жыгалка расказала, у чым прычына карупцыйных злачынстваў і што робіцца дзеля барацьбы з імі

471

Як паказвае практыка, найбольшы ўрон эканоміцы прычыняюць не непасрэдныя крадзяжы маёмасці або фінансаў, а менавіта карупцыйныя праяўленні. З падобнымі злачынствамі звязаны яшчэ і ўскосны ўрон, праз які гадамі і нават дзесяцігоддзямі адчуваецца негатыўны эфект. Як матэрыяльны, так і рэпутацыйны для органаў улады.

З падобнымі ўчынкамі пастаянна змагаюцца праваахоўныя органы, у тым ліку і пракуратура. І, як адзначае намеснік пракурора раёна Ірына Жыгалка, пэўны эфект прымаемыя намаганні даюць.

— У 2021 годзе ў раёне адзначаецца рост колькасці выяўленых карупцыйных злачынстваў — 7 выпадкаў у выглядзе крадзяжу шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі для ўласных мэт, бяздзейнасці службовай асобы з карыслівай або іншай асабістай зацікаўленасці, дачы хабару.
Асноўнай прычынай ўчынення карупцыйных злачынстваў з’яўляецца «чалавечы фактар» — імкненне асоб атрымаць выгаду для сябе або трэціх асоб ад выкарыстання сваіх службовых паўнамоцтваў.

— З чым звязаны такі рост?
— Работнікамі пракуратуры былі прааналізаваны ўсе факты, пасля чаго зроблена адзіная выснова: гэтаму спрыяе неналежны кантроль і ўлік за захаванасцю таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў. Што пацвярджаюць і праведзеныя летась праверкі, накіраваныя на папярэджанне карупцыйных праяў. Выяўлена восем правапарушэнняў, якія ствараюць незаконныя перадумовы, а таксама тры ўжо карупцыйныя правапарушэнні. Адзін факт звязаны з парушэннем абмежаванняў, якія ўстаноўлены для дзяржаўных службовых асоб. Усяго падчас ажыццяўлення пракурорскага нагляду за выкананнем заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй пракуратурай раёна вынесена шэсць прадстаўленняў, пяць загадаў, чатыры афіцыйныя папярэджанні аб недапушчальнасці паўторнага ўчынення правапарушэнняў, да матэрыяльнай адказнасці прыцягнута адна асоба, да адміністрацыйнай — таксама адна, да дысцыплінарнай — 16.

— Ірына Віктараўна, але ж у арганізацыях дзейнічаюць камісіі па супрацьдзеянні карупцыі, рэгулярна тлумачыцца адказнасць за падобныя ўчынкі, факты асвятляюцца ў прэсе…
— Справа ў тым, што некаторыя камісіі па супрацьдзеянні карупцыі дзейнічаюць фармальна, пра што сведчаць пракурорскія праверкі такіх органаў самакіравання ў шэрагу арганізацый і прадпрыемстваў раёна. У некаторых яны існуюць толькі на паперы, пасяджэнні камісіі не праводзіліся, адсутнічаюць і пратаколы. У іншых няма плана работы, а там, дзе ён ёсць, відавочна, што падышлі фармальна, бо запланаваныя мерапрыемствы не ў поўнай меры адказваюць прад’яўленым патрабаванням. Не ва ўсіх выпадках на пасяджэнні камісіі разглядаюцца пытанні, якія адносяцца да процідзеяння карупцыі. Шэраг рашэнняў носяць няпэўны, дэкларатыўны характар: «забяспечыць належнае выкананне сваіх службовых абавязкаў; не дапускаць карупцыйных праяў». Неабходна канкрэтызаваць, якім чынам павінна дзейнічаць тая ці іншая службовая асоба, каб пазбегнуць паўтарэння такіх выпадкаў.

Ёсць і іншая прычына — няведанне асаблівасцей заканадаўства ў той ці іншай сферы. Што, як вядома з прымаўкі, не пазбаўляе ад адказнасці. Напрыклад, рэгулярна выяўляюцца парушэнні патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных закупах тавараў (работ, паслуг)». Праяўляюцца яны ў няправільнай падрыхтоўцы конкурсных дакументаў, парушэнні ўстаноўленых заканадаўствам патрабаванняў да парадку ажыццяўлення набыцця тавараў за кошт уласных сродкаў, а таксама ў парушэнні парадку правядзення працэдур закупак пры будаўніцтве. У асноўным узнікаюць яны з-за таго, што падобныя абавязкі ўскладзены на спецыялістаў, якія не валодаюць ведамі ў вобласці заканадаўства аб дзяржзакупках, яны не адпавядаюць поўным кваліфікацыйным патрабаванням.

— Якая рэакцыя пракуратуры на выяўленыя недахопы?
— Па ўсіх выяўленых парушэннях прыняты меры пракурорскага рэагавання. У дадатак падрыхтавана падрабязная інфармацыйная запіска кіраўніцтву раёна, у якой даецца дакладны аналіз кожнага факта. Утрымлівае яна і рэкамендацыі, сярод якіх адзначана неабходнасць пашырыць практыку правядзення выязных пасяджэнняў супрацькарупцыйнай камісіі. Ёсць патрэбнасць зноў паказваць кіраўнікам прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый раёна, якія атрымліваюць бюджэтныя сродкі, у тым ліку ў рамках выканання мерапрыемстваў дзяржаўных праграм, што кантроль за захаваннем заканадаўства аб дзяржаўных закупах тавараў не губляе пільнасці. Разам з тым давесці пра адказнасць за ўчыненне карупцыйных злачынстваў і правапарушэнняў, якія ствараюць умовы для карупцыі, а таксама парушэнняў абмежаванняў, якія ўстаноўлены для дзяржаўных службовых асоб. Як і за непрынцыповы падыход кіраўнікамі да арганізацыі вытворча-тэхналагічнай і іншай дысцыпліны.

Дзейсным сродкам прафілактыкі з’яўляецца больш узважаная ацэнка кандыдатаў на займанне кіраўніцкіх пасад, у тым ліку і пры вывучэнні іх папярэдняй дзейнасці па пытаннях процідзеяння карупцыі.

Гутарыў Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік