Воскресенье, 23 сентября 2018

Деревня Клепачи: если в доме 13 градусов

1 290

Нас прывучаюць да эканоміі і беражлівасці: прадстаўнікі розных службаў у СМІ нярэдка даюць парады наконт таго, як, напрыклад, карыстацца электраэнергіяй, каб лічыльнік не накручваў «лішнія» кілаваты, альбо з крана дарма не цякла вада…

І жыхары дамоў з цэнтральным ацяпленнем не выключэнне: у іх сілах захаванне цяпла ў зімні перыяд, упэўнены камунальшчыкі. Але пра тое, што жыхары некаторых кватэр вымушаны спускаць халодную ваду, перш чым з крана пацячэ гарачая, ці мерзнуць з-за таго, што батарэі ледзь цёплыя, прамоўцы звычайна маўчаць.

Выразных адказаў не даюць і тады, калі з гэтай нагоды паступаюць скаргі.

Вось ужо пару гадоў жыхары некалькіх шматкватэрных дамоў у Клепачах зімой не жывуць, а выжываюць. А інакш і не скажаш, калі пакаёвая тэмпература ў кватэры ўсяго плюс 12, у лепшым выпадку 15 градусаў. Гаротнікі не раз скардзіліся ў мясцовую камунальную службу, дасылалі калектыўныя лісты ў  Брэст, дэлегацыяй хадзілі на прыём да дырэктара «Камунальніка» А.Ф.Шопіка. Аднак становішча спраў не мянялася. Але, як толькі дзяжурны карэспандэнт стаў разбірацца ў праблеме, у «Камунальніку» запэўнілі, што ўсе недахопы, якія былі прычынай дрэннай цеплаадачы, ліквідавалі. Здзіўленыя такім хуткім вырашэннем зацягнуўшайся праблемы, мы адправіліся ў Клепачы да заяўнікоў — вырашылі асабіста  пераканацца ў гэтым.

Гаспадыня кватэры №18 у доме №4 па вуліцы Леніна           З.Ц. Гаўрылава сустрэла нас у футравай безрукаўцы і бурках.

— У гэты дом я ўсялілася каля васьмі гадоў таму. Не памятаю, каб і раней асабліва цяпло было ў кватэры, але хаця б да 16-17 градусаў яна прагравалася. Ну, а цяпер яшчэ ніжэйшая тэмпература, — скардзіцца жанчына.

Звароты жыхароў злашчаснай шматпавярхоўкі ў розныя інстанцыі кардынальна справу не мяняюць: прыкладна на тыдзень пасля кожнай чарговай скаргі ў кватэрах цяплее на градус-другі, затым паўтараецца былая карціна. Як пацвярджэнне таму, Зоя Цімафееўна паказвае табліцу, якую яна самастойна складае: на календары жанчына штодзень пазначае тэмпературу і даты, калі паступалі скаргі ў камунальныя службы. А камічнасць сітуацыі, паводле слоў жанчыны, заключаецца ў тым, што як толькі хтосьці з прадстаўнікоў камунальнай службы збіраецца завітаць да незадаволеных, у кватэрах дзіўным чынам слупок тэрмометра падымаецца на некалькі градусаў.

— Больш таго, у пачатку студзеня да мяне прыходзіў работнік Кляпацкага ўчастка ЖКГ Мікалай Іванавіч Раманоўскі. Мужчына прынёс свой градуснік: маўляў, мой няправільна паказвае.

І тым не менш, пасля некалькіх такіх візітаў «жыроўкі» жыхароў дома за снежань палягчэлі на 30 тысяч рублёў. Але людзі згодны плаціць грошы, каб толькі ў іх жытле стала цяплей, як у суседніх дамах, жыхары якіх могуць дазволіць сабе нават у маразы адчыняць форткі для праветрывання.

Між іншым, перад бягучым ацяпляльным сезонам у Клепачах мянялі цеплатрасу. І жыхары «халодных» дамоў думалі, што цяпер ім не будуць страшныя нават лютыя маразы. Але, як аказалася на самой справе, паспяшаліся з вывадамі: людзям па-ранейшаму даводзіцца змагацца з холадам уласнымі сіламі. Зоя Цімафееўна, напрыклад, у пакоі, які выходзіць на паўночны бок, зацягнула акно поліэтыленавай плёнкай. А яе суседка, якая забрала да сябе даглядаць старэнькую маці, грэе жытло абагравальнікам. У кватэры Карпызаў, дзе ёсць маленькае дзіця, у спальні паставілі шклопакет, зачыняюць дзверы і таксама награваюць паветра электрапрыборамі — так і гадуюць малое.

— З наступленнем маразоў кацельня перайшла на газавае ацяпленне, а дагэтуль наогул палілі шчапой, — расказваюць Місюлі, якія жывуць у доме №4 па вуліцы 40 гадоў Перамогі. — Але ад гэтага цяплей у кватэры не стала.

У самым цёплым — паўднёвым — пакоі ў сонечнае надвор’е на тэрмометры не больш 15 градусаў цяпла. І гэта пры тым, што ўсе вокны заменены на шклопакеты.

— Калі палілі шчапой, — гаворыць гаспадар, — было яшчэ на пару градусаў халадней. Вось раней, калі дамы з цэнтральным ацяпленнем кацельня абагравала мазутам, падобных праблем ніколі не ўзнікала.

Летась камунальшчыкі прамывалі ў доме батарэі (думалі, што так паправяць справу), але вынікаў гэта не дало.

— Малых дзяцей у нас няма, мы неяк перабіваемся ў такім холадзе. А вось суседзі гады два таму змайстравалі самаробную печку. Але ж ці гэта выйсце з сітуацыі? А нам найбольш крыўдна з-за дарэмна выкінутых грошай на рамонт: ад сырасці па сценах пайшлі чорныя плямы. А пераклейвалі шпалеры ў мінулым годзе. Выходзіць, трэба ізноў пачынаць рамонт. Але ці надоўга захаваецца прыгажосць?

Галіцкія, якія жывуць па той жа вуліцы, згодна са складзеным прадстаўнікамі камунальнай службы актам, за ацяпленне аднаго пакоя зусім не плацяць грошы.

Пакуль мы размаўлялі з Гаўрылавай, на тэрмометры, які ляжаў перад намі, слупок так і не падняўся вышэй 13 градусаў. І гэта пры тым, што ў яе не вуглавая кватэра — у тых яшчэ халадней. Камунальшчыкі тым часам толькі разводзяць рукамі: маўляў, спачуваем, але прычыны знайсці не можам.

— Дзе шукаць дапамогі, мы ўжо не ведаем. Але ўсё-такі не губляем надзеі, што будзем жыць у цяпле.

Марына Вакульская.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *