Воскресенье, 18 февраля 2018

О таинстве крещения рассказал отец Георгий

1 339

Ці не гэта першае жаданне бацькоў пасля нараджэння сына ці дачкі? Аднак ці многія з нас задумваюцца пра сэнс хрышчэння і абавязкі хросных бацькоў?

Паразважаць на гэтыя тэмы мы запрасілі клірыка  Свята-Аляксандра-Неўскага сабора г.Пружаны святара Георгія Арабея.

— Найперш, айцец Георгій, адкажыце, калі ласка, на адно з самых, відаць, распаўсюджаных пытанняў: навошта наогул хрысціць дзіця?

— Вобразна хрышчэнне можна параўнаць з варотамі, якія вядуць у царкву Хрыстову. У гэтым Таінстве амываюцца ўсе грахі чалавека, разбураюцца перашкоды перад уваходжаннем у Дом Божы. Немаўляты апаганены першародным грахом Адама і Евы, які перадаецца з пакалення ў пакаленне. Таму ім таксама неабходна абмыванне ад граху ў Таінстве Хрышчэння. Падчас Хрышчэння сеецца зерне дару Божага, якое пры дапамозе бацькоў і хросных павінна даць добрыя плады. Мы не маем права пазбаўляць дзіця гэтага дару. Яшчэ падчас зямнога жыцця Ісус Хрыстос бласлаўляў дзяцей і казаў: “Пусціце дзяцей і не перашкаджайце ім прыходзіць да мяне”. Абавязак кожнага хрысціяніна – даць магчымасць свайму дзіцяці нарадзіцца ад вады і Духа для таго, каб яно магло ўнаследаваць жыццё вечнае. І адкладваць гэтае Таінства на працяглы час не варта, бо момант смерці кожнага чалавека вядомы толькі аднаму Богу.

— Аднак маленькія дзеці не могуць самастойна  «далучыцца да Бога». Усё за іх вырашаюць бацькі. Ці правільна гэта?

— Пры Хрышчэнні ёсць абрад адрачэння ад д’ябла і далучэння да Хрыста. Калі хрысціцца дарослы чалавек, дык ён сам сведчыць, што не будзе служыць злой сіле сваімі справамі і абяцае захоўваць вернасць Богу. Немаўляты свядома паабяцаць гэтага не могуць. Таму абрад выконваюць  хросныя бацькі ад імя немаўляці. Гэта значыць, што яны абавязваюцца даць хрысціянскае выхаванне свайму хроснаму дзіцяці.

—  Як гэта?

— Даць добрае выхаванне дзіцяці – складаны працэс, які патрабуе вялізных намаганняў. Нават фізічна бывае цяжка прывесці дзіця да Таінства Прычасця, якое яднае чалавека з Хрыстом. Хросныя водзяць дзіця на богаслужэнні, моляцца за яго. Пажадана, каб дзіця прычашчалася кожную нядзелю і ў вялікія, і двунадзясятыя святы. У выпадку цяжкага матэрыяльнага становішча бацькоў па меры магчымасці ім дапамагаюць хросныя. Калі бацькі паміраюць, а дзіця яшчэ маленькае, нехта з хросных павінен паклапаціцца пра яго. Па веры хросных Гасподзь дае сваю ласку ў таінстве Хрышчэння немаўляці. Падобным чынам Гасподзь шмат разоў вылечваў і ўваскрашаў дзяцей па веры іх бацькоў, як сведчыць Свяшчэннае Пісанне.

— Як выбраць хроснага?

— Як бачым, быць хросным ці хроснай – вельмі вялікая адказнасць, за якую давя-дзецца трымаць адказ перад Богам у Судны дзень. Таму перад Таінствам Хрышчэння ў царкве праводзіцца абавязковае субяседванне з бацькамі і хроснымі. Каб быць добрым хросным, патрэбна, у першую чаргу, быць добрым хрысціянінам, імкнуцца жыць сумленна, удзельнічаць у Таінствах царквы.

— Скажыце, калі ласка, а ці можна ўступаць у шлюб паміж сабой хросным? І ў выпадку, калі памерла маці дзіцяці, ці можа яго бацька ажаніцца на хроснай маці сваіх сына ці дачкі?

— Першае пытанне не адназначнае. Аднак па традыцыях Праваслаўнай царквы хросныя не павінны ўступаць паміж сабой у шлюб. З нагоды другога пытання – катэгарычнае “не”. Паміж бацькамі і хроснымі дзіцяці існуе духоўная роднасць. Таму шлюбу паміж імі быць не можа.

І варта памятаць, што Хрышчэнне – падзея, якая мяняе свет, у якім чалавек жыве. З дапамогай гэтага Таінства ён атрымлівае Божую ласку і дапамогу. Калі ж             удзел у Хрышчэнні быў толькі фармальнасцю, і чалавек працягвае жыць як няверуючы, то ён пазбаўляецца пладоў Таінства і не можа лічыцца паўнапраўным членам Царквы.

Гутарыла Галіна Каляда.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *