Суббота, 18 мая 2024

Будзем разам, сябры! Знаёмцеся: Віктар Ільюшчанка, новы галоўны рэдактар газеты «Раённыя будні»

1 796

Заўтрашні нумар газеты «Раённыя будні» — першы для мяне ў якасці галоўнага рэдактара. Упэўнены, што і надалей мы будзем разам.

КРЫХУ ПРА СЯБЕ
Нарадзіўся і вырас на Гомельшчыне. Ёсць там такі невялічкі раён – Кармянскі, цэнтр яго — пасёлак гарадскога тыпу Карма. Адразу скажу: не блытаць з той Кармой Добрушскага раёна, дзе знаходзяцца мошчы Святога Іаана Кармянскага. Паломнікі да святыні часцяком памыляюцца і купляюць білет на аўтобус у другую Карму, потым не ведаюць, як выйсці з такого смешнага становішча, але кармянцы дапамагаюць.

Шлях у журналістыку пачаўся ў далёкім 1987 годзе. Мяне адразу пасля заканчэння школы запрасілі папрацаваць у рэдакцыі мясцовай газеты «Зара над Сожам» на замене адпачынку карэктара. Трэба сказаць, не проста незнаёмага хлопца так адразу і ў рэдакцыю паклікалі. У час вучобы ў школе цесна супрацоўнічаў з газетай, друкаваўся там, быў юным карэспандэнтам. Але ўсё гэта было так, не вельмі сур’ёзна.

Паміж прафесійнай дзейнасцю ў журналістыцы — праца ў школе, райкаме камсамола, служба ў радах Узброеных сіл (тры гады).

Пасля некаторых вандровак я вярнуўся на малую радзіму, якая прыняла мяне, вывучыла, дала добрую пуцёўку ў жыццё. У кармянскай «раёнцы» адпрацаваў больш за 23 гады. Пачынаў зноў з карэктарства, затым загадчыкам аддзела сельскага жыцця, намеснікам рэдактара, адказным сакратаром, быў памочнікам двух дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Як бачыце – вопыт немалы.

ПАЧАТАК НОВАГА ШЛЯХУ
Зараз я з вамі, нашы паважаныя чытачы газеты «Раённыя будні». Веру, што гэта надоўга.

Разам з невялікім калектывам «раёнкі» мы будзем працаваць для вас, знаёміць з цікавымі навінамі, распавядаць пра жыццё землякоў, старацца рабіць жыццё пружанцаў лепшым, своечасова рэагаваць на моманты безгаспадарчасці, бюракратызму, абыякавасці. На гэтае ж будуць накіраваны і вэб-рэсурсы «Раённых будняў».

Тэм у нас вельмі шмат, але асноўныя з іх, як кажуць, на злобу дня: прафілактыка каранавіруснай інфекцыі, процідзеянне злодзеям, якія абкрадваюць людзей з дапамогай высокіх тэхналогій і інш.

Спадзяюся на цеснае супрацоўніцтва з вернымі сябрамі газеты.

Будзем разам.

З павагай да ўсіх Віктар Ільюшчанка