Пятница, 19 апреля 2024

Пружаншчына адсвяткавала 120-годдзе Рыгора Шырмы

3 631

У суботу, 21 студзеня, Пружаншчына адзначыла 120-гадовы юбілей свайго славутага земляка Рыгора Раманавіча Шырмы – харавога дырыжора, этнографа-фалькларыста, народнага артыст СССР, Героя Сацыялістычнай Працы… Канцэрт, наладжаны ў Палацы культуры, стаў часткай святочных мерапрыемств, якія пачаліся яшчэ ў снежні мінулага года. І, як адзначыў начальнік аддзела культуры райвыканкама К.І. Панімаш, святкаванне будзе мець працяг: у маі аматары народнай песні сустрэнуцца ў в.Шакуны, на малой радзіме Рыгора Раманавіча, на фестывалі “Пеўчае поле”. Сярод прысутных былі  і тыя, хто асабіста быў знаёмы з этнографам-фалькларыстам, і тыя, хто, магчыма, упершыню чуў песні, якія некалі запісаў Рыгор Раманавіч. Большасць песень, што гучалі ў гэты вечар са сцэны Пружанскага Палаца культуры, як раз з тых, што некалі адшукаў і запісаў сам  Рыгор Шырма.

Частка сцэны ўяўляла сабой сялянскую хатку, дзе за сталом сядзеў сялянскі хлопец і расказваў пра сваё жыццё. У вобразе Рыгора Шырмы выступіў малады рэжысёр Палаца культуры Алег Строк, а аповед складаўся з успамінаў народнага артыста, якія некалі запісаў Васіль Ліцвінка.

У другой частцы сцэны ўвесь час ішло слайд-шоу з фотаздымкаў Рыгора Раманавіча. На шчасце, іх захавалася шмат, у многім дзякуючы Якаву Сямёнавічу Малайчуку – заснавальніку адзінага на Беларусі музея Рыгора Шырмы.Як адзначыў у сваёй прамове дырэктар Брэсцкага каледжа мастацтваў імя Р.Шырмы Рамуальд Жабінскі, такі факт не робіць гонару нашай культуры. Ён выказаў надзею, што ў бліжэйшы час музей Р.Р.Шырмы з’явіцца і ў сталіцы.

Намеснік старшыні райвыканкама М.П. Кудравец нагадаў гасцям з іншых гарадоў, што імя Рыгора Шырмы носіць адна з цэнтральных вуліц Пружан, а таксама  дзіцячая школа мастацтваў, ля якой узвышаецца бюст фалькларыста. У хуткім часе будзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка на будынку, дзе знаходзілася чатырохкласная вучэльня (цяперашні будынак вучэбна-вытворчага камбіната), у якой  вучыўся будучы збіральнік народных песень.

На мерапрыемства прыехалі і родныя Рыгора Раманавіча: унукі Раман і Аляксей з сем’ямі, унук Захвеі Хвораст (роднай цёткі Шырмы, ад якой ён запісаў вялікую колькасць народных песень) Аляксандр Дарошка, а таксама стрыечны ўнук Юрый Шырма з сям’ёй. Раман Расціслававіч Шырма са сцэны выказаў вялікую ўдзячнасць усім, хто знаходзіўся ў зале, за тое, што памятаюць і ганарацца справай яго дзеда. У гонар дзеда ён назваў свайго сына. Рыгор Раманавіч-малодшы таксама вельмі ўдзячны за цёплы прыём. Студэнт плануе на канікулах яшчэ раз наведаць Пружаны, каб лепш пазнаёміцца з радзімай прадзеда. А канцэрт ён ахарактарызаваў так: “Жыва, ярка, наглядна. Усе выступленні былі на вышыні. Спевы, танцы, музыка… Абсалютна ўсё было дзівосна. Асабліва спадабалася выступленне бабуль”.

У канцэрце прынялі ўдзел народны камерны хор Палаца культуры (мастацкі кіраўнік Я.С. Малайчук), фальклорны калектыў “Смаляначка”, дзіцячы ўзорны аркестр народных  інструментаў “Скамарошына”, народны фальклорны ансамбль “Бабіна лета”, ансамбль струнных інструментаў “ARCHI”, фальклорны гурт ДШМ, народны хор “Вербніца”, народны тэатр танца “Ойра”, народны ансамбль песні “Ліцвіны”, вакальная група “Пружаначка”, народны хор “Чырвоны гваздзік”… Вялі мерапрыемства мастацкі кіраўнік Палаца культуры Алена Лосева і ўдзельніца вакальнага ансамбля “Роднички” Ксюша Пухнарэвіч.

На здымках:  Алег Строк у ролі Рыгора Шырмы і юная спявачка Кацярына Кукса;  родныя Рыгора Раманавіча; спявае «Бабіна лета»; салісты  ансамбля “Скамарошына” пераканаўча даказалі, што прыгожа гучаць можа любая сялянская прылада.

Кацярына Пашкевіч.

Фота Аляксандра МЕЛЕША.

Один комментарий

  • я

    вяткаванне будзе мець працяг: у маі аматары народнай песні сустрэнуцца ў в.Шакуны, на малой радзіме Рыгора Раманавіча, на фестывалі “Пеўчае поле”.

    Май скончыўся, а дзе фестываль?

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *