Среда, 28 октября 2020

Да 120-годдзя з дня нараджэння Рыгора Шырмы: Чырвоны псаломшчык

1 782

120 гадоў таму ў вёсцы Шакуны тагачаснай Міхайлаўскай воласці ў вялікай сялянскай сям‘і нарадзіўся Рыгор Раманавіч Шырма. Гэта потым ён стаў сусветна вядомым, як чалавек, які ўзнёс беларускую народную песню на высокі акадэмічны ўзровень, — харавы дырыжор, стваральнік Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, народны артыст БССР і СССР, Герой Сацыялістычнай Працы…

Пра жыццё і дзейнасць Рыгора Раманавіча Шырмы сказана і напісана  вельмі многа. Здавалася б, яго біяграфія вывучана цалкам і новымі фактамі ўжо нікога не здзівіш. Аднак шэраг дакументаў, якія захоўваюцца ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык», раскрываюць яшчэ не вядомыя для большасці старонкі з жыцця нашага знакамітага земляка. Аказваецца, што Рыгор
Шырма працяглы час працаваў рэгентам-псаломшчыкам, і першым месцам працы ў гэтай пасадзе стаў для яго Свята-Аляксандра-Неўскі сабор г.Пружаны. Па словах тагачаснага пружанскага благачыннага протаіерэя Кастуся Пілінкевіча, «прыцягненне ў склад членаў кліру такіх людзей, як Рыгор Шырма, стала сапраўдным набыццём для Епархіі».

Як псаломшчык і рэгент хору Рыгор Шырма зарэкамендаваў сябе з найлепшага боку. Праўда, не маючы польскага пашпарта, на працягу амаль двух гадоў ён лічыўся толькі выконваючым абавязкі псаломшчыка, і толькі ў 1925 годзе, пасля атрымання дакумента, быў узведзены ў пасаду саборнага псаломшчыка з наступным правам выкладання Закона Божага ў пачатковых класах школ Пружанскага павета.

У стварэнні саборнага хору, безумоўна, галоўная заслуга належала Рыгору Шырме, сабраны ім калектыў быў прызнаны адным з лепшых у Палескай епархіі. Пры гэтым за тры гады працы Шырма зведаў нямала цяжкасцей. Сутыкнуўся са звычайнай чалавечай зайздрасцю і непрыстойнасцю. Неаднаразова чуў у свой адрас лютыя словы «чырвоны псаломшчык», якія гучалі ў той час як прысуд. У афіцыйных колах шмат казалі пра яго пракамуністычны настрой, але гэта не перашкаджала яму быць годным кіраўніком царкоўнага хору. З рапарта  настаяцеля сабора протаіерэя Аляксея Русецкага благачыннаму Пружанскага павета вядома, што «Р.Шырма шмат пакутаваў ад даносаў і праследаванняў, але, нягледзячы на ўсё гэта, не пакідаў сваёй любімай справы і ўвесь час падтрымліваў хор, працаваў бязвыплатна, з любові да мастацтва, і з дазволу ўлад даў два канцэрты, якія мелі вялікі і заслужаны поспех».

У маральным плане  Р.Шырма быў чалавекам бездакорным. «Акуратны, сумленны, рэлігійны, адукаваны, паважны да старэйшых», — сведчыў  пра яго айцец Аляксей Русецкі, які неаднаразова хадайнічаў перад духоўнымі ўладамі аб заахвочванні свайго добрасумленнага падначаленага. У выніку 30 ліпеня 1925 г.  Шырма  быў узнагароджаны стыхаром – доўгім, з шырокімі рукавамі парчовым адзеннем, якое апраналася падчас набажэнства.

Дакладна вядома, што, будучы псаломшчыкам, Рыгор Шырма ўваходзіў у лік тых, хто праводзіў і падпісваў так званыя «Вобыскі шлюбныя» — своеасаблівыя сведчанні пра тое, што «жадаючыя ўзяць шлюб знаходзяцца ў добрым розуме, у сваяцтве духоўным ці цялесным не знаходзяцца і ў  шлюб уступаюць па сваёй згодзе і жаданні, а не па прымушенні». З яго лёгкай рукі ўзялі шлюб Павел і Ксенія Дземасюк (в.Тулоўшчына), Іван і Фёкла Старун (в.Кацёлкі),  Міхась і Марыя Баязлівец (в.Чахец), Мікалай і Алена Станкевіч (в.Шубічы), Макар і Ганна Дзмітруковіч (в.Смаляны), Ілья і Марыя Раманюк (в.Круглае), Мікалай і Лізавета Ціханчук (в.Куплін), Хведар і Лізавета Вакульчык (в.Зеляневічы), Мікалай і Вера Русіновіч (в.Сланімцы), Макар і Алена Волчык (в.Доўгае), Зіновій і Хрысціна Патапчук (в.Аранчыцы), жыхар польскага горада Лодзь Аляксандр Пятровіч Лялёкін і  жыхарка г. Верхнядзвiнск Анастасія Міклашэвіч і дзясяткі іншых сем’яў (паводле  «Вобыска шлюбнага» за 1923-26 г.г.).

Апошняй парай, пад звесткамі аб якой падпісаўся Рыгор Шырма, былі Васіль Аляксандравіч Карсак з в.Калядзічы і Надзея Кандратаўна Кузьміч з в.Гарадняны. Акрамя таго, Шырма быў галоўным сведкам на вяселлі з боку маладой Алены Аляксандраўны Рашчынскай (г.Пружаны), якая 24 лютага 1924 года ўступіла ў шлюб з Данілам   Лявонцьевічам Канарэйкам (г.Жа-бінка). Чаму такога гонару быў удастоены псалом-шчык, невядома.

У снежні 1925 года Рыгор Раманавіч прымаў актыўны ўдзел у выбарах ганаровых кцітараў (царкоўных старастаў) Свята-Аляксандра-Неўскага сабора Міхася Антонавіча Жукоўскага і Хведара Марцінавіча Маркевіча і на правах псаломшчыка прысутнічаў пры іх прысяганні.

Сярод дакументаў, якія
захоўваюцца ў фондах музея і тычацца пружанскага перыяду жыцця Рыгора Раманавіча Шырмы,  цікавасць выклікаюць матэрыялы «Справы пра цудоўнае абнаўленне Іверскага абраза Божай Маці».

Пра гэту дзіўную падзею, якая адбылася ў в.Гарадняны ў снежні  1923г., і пра масавы хросны ход з Гараднян у Пружаны, пісалася неаднаразова. Але ніколі не гаварылася пра той малітоўны подзвіг, які здзейсніў Рыгор Шырма са сваімі пеўчымі. З «Рапарта ад 29 лютага 1924 года пружанскага благачыннага  епіскапу Палескаму і Пінскаму пра здзяйсненне хроснага ходу» вядома, што перад выйсцем з Гараднян у хаце войта Паўла Бунаты, дзе і адбыўся цуд, была ўчынена ўсяночная служба, паўночніца  па старажытным манастырскім чыне  са спевам стакратнага «Госпадзі, памілуй» і набажэнства з акафістам Божай Маці.

Служба вялася  з 17 гадзін да раніцы наступнага дня, а з 7 гадзін пачаўся хросны ход. Абраз заносілі ў кожную хату, падоўгу затрымліваючыся там, дзе знаходзіліся цяжка хворыя. Да горада падышлі апоўдні. Потым у саборы адслужылі літургію, якая «прайшла з вялікай урачыстасцю пры цудоўным і малітоўным спеве саборнага хору».

Набажэнства скончылася ўвечары. Хор на чале з Рыгорам Раманавічам быў задзейнічаны больш  сутак, увесь гэты час пеўчыя прастаялі на нагах, пры гэтым ніхто з іх не ўжываў ніякай ежы і вады, трымаючы абсалютны пост. За свае старанні Шырма меў гонар стаць відавочцам шматлікіх цудаў, якія зыходзілі ад Іверскага абраза Богамаці. У прыватнасці, на яго вачах 23 жніўня 1925г. пасля дакранання да абраза быў вылечаны ад глухаты селянін з в.Парасляны Майсей Васільевіч Казёл (54 гады), і псаломшчык засведчыў яго публічную заяву.

Служэнне Рыгора Шырмы ў Пружанскім храме працягвалася нядоўга. Згодна з афіцыйнай версіяй, агульны стан здароўя і сямейныя абставіны прымусілі Шырму прасіць Палескую духоўную кансісторыю вызваліць яго ад пасады псаломшчыка. Прашэнне было задаволена.

Далей пачалася вядомая ўсім віленская старонка жыцця Рыгора Раманавіча. Шырма заняўся  актыўным зборам фальклору і дырыжорскай дзейнасцю, узначаліў Таварыства беларускіх школ, быў рэдактарам часопісаў «Летапіс ТБШ» і «Беларускі летапіс», пры гэтым не забываў пра землякоў. Ён часта прыязджаў у Пружаны, каб наведаць жонку і дзяцей, якія з-за цяжкага фінансавага стано-вішча вымушаны былі вярнуцца з Вільні.  Наведваў і сваіх старых сяброў — пеўчых з саборнага хору. Некаторых з іх, у прыватнасці, Ільяшэвіч Зінаіду Дзям’янаўну, якая валодала шыкоўным сапрана, і Салтруковіч Надзею Андрэеўну, лепшага альта хору, за-прашаў пазней у сваю знака-мітую харавую капэлу. Дарэчы, іх дочкі  Чалядзінская Алена Фёдараўна і Ганчарка Кацярына Іосіфаўна   больш за паўстагоддзя сваімі галасамі ўпрыгожвалі саборны хор.

Таксама вядома, што падчас знаходжання ў Пружанах Шырма сустракаўся са сваім спадкаемцам, новым псаломшчыкам  Рыгорам Сіняком і, пераканаўшыся, што справа ўсяго яго жыцця знаходзіцца ў надзейных руках, перадаў яму шэраг сваіх рукапісных нот з рэдкімі мясцовымі напевамі, дзякуючы якім была закладзена трывалая аснова адмысловага нотнага спеву на Пружаншчыне. І кожны наступны рэгент лічыў сваім абавязкам прытрымлівацца прапанаванага Шырмай рэпертуару. Дагэтуль у Свята-Аляксандра-Неўскім саборы па вялікіх святах урачыста гучаць Пружанская херувімская песнь і  Шарашоўская екцення.

Алена Зялевіч, старшы навуковы супрацоўнік  музея-сядзібы «Пружанскі палацык».

На здымках: 1. Сустрэча Р.Шырмы з пеўчымі (г.Пружаны, 17 кастрычніка 1958 г.)» 2.

Памятны знак на ўездзе ў вёску Шакуны, 2012 г.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *