Понедельник, 20 мая 2024

«Хачу, каб пасёлак вабіў». Жыхарка Шарашэва і дэпутат мясцовага сельсавета Наталля Данько стараецца рабіць усё, каб населены пункт быў прыгожым

507

У Шарашэўскім сельвыканкаме гавораць, што мясцовай уладзе пашанцавала на неабыякавых людзей. У ліку актывістаў называюць прозвішчы не толькі тых, хто з’яўляецца старастай альбо дэпутатам, але і звычайных жыхароў, якія заўсёды падтрымліваюць добрыя пачынанні, а нярэдка ініцыіруюць іх і самі.

Шматдзетную маці Наталлю Данько ў Шарашэве ўсе ведаюць, як спагаднага чалавека. Яна — адна з тых, хто не адмаўляецца раздзяляць з прадстаўнікамі мясцовай улады надзённыя клопаты. Прычым на жанчыну могуць разлічваць у вырашэнні самых разнастайных пытанняў: навядзенні парадку, працаўладкаванні, падсыпцы мясцовых дарог… Магчымасць не пакідаць без увагі тыя ці іншыя просьбы і пасялковыя пытанні дазваляе займаемая пасада: яна — намеснік дырэктара па сельгасвытворчасці ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс».

— Колькасць працаўнікоў на ўчастку перавышае паўтары сотні чалавек. Сёння гэта дазваляе нашай арганізацыі называцца горадаўтвараючай у Шарашэве. А разам з тым, абавязвае не заставацца ўбаку ад праблем: калі не мы — то хто? — гаворыць субяседніца. — Дапамагаем у тым ліку фінансава: напрыклад, выступаем спонсарамі на пасялковых мерапрыемствах і святах, купляем падарункі для юбіляраў і ў іншых выпадках.

Наталля Леанідаўна — дэпутат Шарашэўскага сельскага Савета толькі першае скліканне, але за грамадскія справы бралася і без гэтага статуса. Як карэнная жыхарка, яна ўсёй душой перажывае за родныя мясціны і імкнецца рабіць усё, каб пасёлак квітнеў, а людзям тут было камфортней жыць.

— Без падтрымкі майго непасрэднага кіраўніцтва, вядома, нічога не атрымалася б, — сціпла прымяншае свае заслугі жанчына. — Радуе, што недарэмнымі аказаліся намаганні па навядзенні парадку на мясцовым возеры, купанне ў якім каля дваццаці гадоў было забаронена: летась пачысцілі яго, добраўпарадкавалі. Сёння гэта запатрабаваная ў мясцовых жыхароў зона адпачынку.

Дэпутат нярэдка дапамагае пасялкоўцам вырашаць і праблемы ўласнага характару, у тым ліку звязаныя з працаўладкаваннем. Сярод актуальных пытанняў, якімі жывуць жыхары гарадскога пасёлка, — адсутнасць цэнтральнай каналізацыі ў прыватным сектары.

— Хтосьці падумае, навошта мне лішнія клопаты? Проста мне хочацца, каб моладзь пасля вучобы імкнулася вярнуцца на сваю малую радзіму, а людзі, якія прыязджаюць у наш пасёлак, у тым ліку па размеркаванні, заставаліся тут жыць. Каб родныя мясціны вабілі і не пусцелі.

Марына Вакульская. Фота Кацярыны Масік.