Понедельник, 15 августа 2022

Працягваем рубрыку «Гісторыя на колах». А вы бачылі «ГАЗ-21» 1962 года выпуску на пружанскіх вуліцах?

1 308

Мы працягваем нашу рубрыку, прысвечаную «рэтра»-транспартным сродкам «Гісторыя на колах». Умова: яны павінны выкарыстоўвацца і цяпер. Пасля публікацыі пра матацыкл «Ява», які «верай і праўдай» больш за 40 гадоў служыць жыхару горада, мы атрымалі нямала тэлефанаванняў пра старыя аўтамабілі і іншую тэхніку, якая і зараз ездзіць па дарогах раёна, перавозячы грузы і людзей. Напрыклад, пружанец В.М.Жук штодня ездзіць на работу на машыне «ГАЗ-21», якую ў народзе часам памылкова называюць «Победа».


Даведка «РБ»:
Аўтамабіль «ГАЗ-21» «Волга» стаў пераемнікам мадэлі «ГАЗ М-20» «Победа», якую перасталі выпускаць у 1958 годзе. З 1956 года на Горкаўскім аўтазаводзе (ГАЗ) сталі выпускаць першую мадыфікацыю «Волгі» — чатырохдзверны сядан, які толькі пярэдняй часткай нагадваў былую «Победу». Хаця некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што не гэтую мадэль узялі распрацоўшчыкі за прататып: бліжэйшымі «родзічамі» яны лічаць Ford Mainline (1952), Plymouth Savoy (1953) альбо Chevrolet 210 DeLuxe (1949).
Аднак хутка «ГАЗ-21» страціў падобныя рысы, з 1960 года пачаўся выпуск трэцяй серыі, якая набыла радыятар «кітовы вус». У выніку «Волга» стала больш нагадваць папулярную «Чайку», але ў больш бюджэтным варыянце. Знята з вытворчасці ў другой палове 70-х гадоў мінулага стагоддзя.

Трэба сказаць, што «ГАЗ-21» «Волга» стала першай савецкай машынай, якую пастаўлялі на экспарт. Падставай для гэтага паслужыла сусветнае прызнанне дасягненняў аўтапрама СССР падчас выставы EXPO’58, дзе гэта мадэль упершыню дэманстравалася. Але ж з-за «халоднай вайны» асноўнымі пакупнікамі новай «Волгі» сталі краіны Арганізацыі Варшаўскага дагавору або сатэліты Савецкага Саюза. Вось і Васілю Мікалаевічу пашанцавала знайсці экспартны варыянт.


— Мой аўтамабіль сышоў з канвеера ў 1962 годзе і адразу паехаў ва Усходнюю Германію,— расказвае ўладальнік рарытэта.— Тады ў ГДР знаходзіўся абмежаваны кантынгент савецкіх войскаў, і ўладальнікам машыны стаў афіцэр, які пасля дэмабілізацыі перавёз аўто ў Беларусь.


Калі ўладальнік «Волгі» пайшоў з жыцця, то працяглы час тэхніка проста стаяла ў гаражы. У 1990-х гадах пачалася «эра» іншамарак, і нашчадкі не захацелі карыстацца такім «дыназаўрам». Нават прадалі аўто не як транспартны сродак, а як дапаўненне да… гаража. Новы ўладальнік «Волгі» таксама не ведаў, што рабіць з падобнай «нагрузкай» і ахвотна пагадзіўся прадаць аўто В.М.Жуку. На гэты раз аўтамабіль трапіў у рукі сапраўднага гаспадара.


— Я доўга шукаў падобную машыну, бо наогул вельмі люблю аўтамабілі тых часоў,— расказвае пружанец.— Быў у мяне «гарбаты» «Запарожац», які называлі яшчэ «інвалідка» або «маргуноўка». Калі ж пяць гадоў таму знайшоўся «ГАЗ-21», то адразу пагадзіўся на ўмовы і цану прадаўца, толькі каб у мяне была такая машына.


Вось толькі дасталася яна Васілю Мікалаевічу далёка не ў тым стане, што мела першапачаткова. Нягледзячы на тое, што на адометры было толькі каля 60 тысяч кіламетраў прабегу, і кузаў, і салон патрабавалі сур’ёзнага рамонту. А рухавік з-за працяглай стаянкі ў гаражы больш нагадваў гурбу металалому. Тры гады спатрэбілася ўладальніку на тое, каб аднавіць транспартны сродак. Запчасткі да тэхнікі давялося шукаць па ўсёй Расіі, бо ў нашай рэспубліцы падобны рарытэт даўно перастаў каго-небудзь цікавіць. Кузаў падвяргалі апрацоўцы з дапамогай пескаструйнага абсталявання, потым фарбавалі ў родныя колеры. Два гады таму Васіль Мікалаевіч упершыню завёў аўто і адчуў непамернае задавальненне.


— Паверце, у мяне былі і «Мерсэдэс», і «БМВ», і іншыя іншамаркі,— зазначае пружанец.— Ні ў якае параўнанне яны не ідуць з маёй «Волгай». Плаўны ход, лёгкая падвеска. Руль адклікаецца проста ідэальна.


Здаецца нам, што ў Васіля Мікалаевіча гэта гаворыць менавіта настальгія, бо за свой амаль паўвекавы вадзіцельскі стаж яму неаднаразова даводзілася сядзець за рулём такой «Волгі». З пункту гледжання сучасных вадзіцеляў, тэхнічных пераваг у такой машыны нямнога. Для аматараў хуткай язды такі аўтамабіль не падыходзіць, бо больш за 90 км/г не рэкамендуецца на ім выціскаць. Расход паліва таксама прымушае задумацца — да 11-12 літраў на сотню. Але ж позіркі «Волга» прыцягвае, не пакідае раўнадушным нікога. Асабліва падабаецца знакамітая фігурка аленя на капоце.

Даведка «РБ»
Фігурку аленя ўстанаўлівалі толькі на першых аўтамабілях. Ёсць «гаражнае паданне», што супраць яе існавання выступіла Дзяржаўтаінспекцыя: палічыла дапаўненне траўманебяспечным. У наступных мадэлях была ўжо бяспечная «кропля». Але ўладальнікі пазнейшых «Волгаў» часам самастойна ўстанаўлівалі аленя на капот.

Як расказвае Васіль Мікалаевіч, вельмі любяць прахожыя фатаграфавацца на фоне яго «Волгі».
— Як толькі заеду ў які магазін, то адразу збіраюцца дзеці з бацькамі, якія з задавальненнем робяць сэлфі і… называюць маю машыну «Победа». Выбіраўся на ёй у Мінск, дзе пешаходы нярэдка спыняліся, праводзячы позіркамі машыну, многія ўзнімалі руку з адагнутым вялікім пальцам уверх.


За два гады В.М.Жук накруціў каля чатырох тысяч кіламетраў. І ўвесь час радуецца сваёй пакупцы. Паралельна ён марыць і пра іншыя савецкія аўтамабілі, якія з задавальненнем купіць, калі хто будзе прадаваць чарговы рарытэт.
*
Аўтамабілі «ГАЗ-21» сталі знакамітымі пасля выхаду на экраны фільма «Беражыся аўтамабіля»: менавіта «Волгі» ўганяў «Робін Гуд» нашага часу Юрый Дзетачкін.

Калі вы можаце падзяліцца падобнымі гісторыямі, то мы з ахвотай раскажам іх нашым чытачам. Тэлефануйце нам, пішыце на пошту або ў Viber: +37529-895-37-47, +37529-529-17-30.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік.