Пятница, 17 сентября 2021

У нашай новай рубрыцы «Гісторыя на колах» Міхаіл Ганчароў расказвае пра матацыкл «Ява-634» з пяцідзесяцігадовай гісторыяй

493

Займець аўтамабіль або матацыкл у наш час не ўяўляе складанасцей. Была б патрэбная сума грошай. Цяперашняе пакаленне мае магчымасць выбіраць не толькі марку, камплектацыю, год выпуску, але нават колер тэхнікі. Але старэйшае пакаленне памятае тыя часы, калі дзеля жаданай пакупкі даводзілася «пастаяць» у чарзе некалькі гадоў.

У выніку транспарт станавіўся для людзей быццам членам сям’і, які служыў свайму гаспадару 10–20 і нават больш гадоў, аўтамабілі і матацыклы набывалі сваю гісторыю, дзіўную ці сумную, захапляльную ці палохаючую. У некаторых «рукастых» аўтааматараў такая тэхніка служыць і сёння. І гэта не тычыцца калекцыянераў, якія збіраюць няхай і працуючыя, але выставачныя экспанаты. У новай рубрыцы «Гісторыя на колах» мы раскажам пра «жалезных коней», якія выкарыстоўваюцца па прамым прызначэнні і ў наш час.

Менавіта такі матацыкл зараз служыць гараджаніну Міхаілу Ганчарову. Яго пасля года «стаяння» ў чарзе змог набыць бацька ў далёкім 1975 годзе. Для сям’і тады 17-гадовага Міхаіла гэта была неверагодная падзея. Мелі свой транспарт у Пружанах нямногія, адпаведна статус такога ўладальніка выходзіў далёка за рамкі сярэдняга.


— Бацька больш захапляўся матацыкламі, бо некалі ў рэдакцыі раённай газеты, дзе ён працаваў фотакарэспандэнтам, асноўным транспартным сродкам быў менавіта двух- ці трохколавы (з каляскай) транспарт. На матацыклах ён аб’ездзіў усе куткі Пружаншчыны, і такая тэхніка была яму добра знаёмая, — успамінае сын.


Транспартныя сродкі шчасліўчыкам рэалізоўваліся толькі ў Брэсце, у магазіне «Космас». Там давялося правесці некалькі дзён, каб даставіць нарэшце дадому ўласную «Яву».


— Тату пашчасціла набыць даволі рэдкую мадэль «Ява‑634», якая толькі-­толькі з’явілася ў продажы, але лічылася больш экспартным варыянтам.


Магчыма, таму гэты матацыкл і праслужыў амаль паўстагоддзя. Пры гэтым, як зазначае Міхаіл Анатольевіч, не прастойваў у гаражы, а стаў сапраўдным памочнікам у сям’і Ганчаровых, вазіў сваіх уладальнікаў у грыбы-­ягады, на сельгасработы і нават па магазінах. Зрэдку пракаціцца на «жалезным кані» дазвалялася і сыну. А ў 1983 годзе Міхаіл стаў паўнапраўным уладальнікам «Явы», ключы ад якой разам з дакументамі бацькі падарылі на вяселле.


Для новага ўладальніка свой транспарт стаў сапраўдным вырашэннем праблемы паездак на работу. Працаваў ён тады ў Брэсце, у чыгуначным дэпо, куды неабходна было дабірацца тройчы на тыдзень. У сонца і дождж, у спёку ці пад снегам «Ява» праходзіла па 160 кіламетраў у абодва бакі. У дарозе здараліся розныя гісторыі, было і такое, што даводзілася штурхаць матацыкл рукамі.


— Аднойчы ў Кобрынскім раёне на дарогу перад матацыклам выбегла жанчына, муж якой адчуў сябе дрэнна, а тэлефонаў паблізу не было. Адвёз яе ў бліжэйшы населены пункт, адкуль можна было выклікаць «хуткую», а потым — у райцэнтр, услед за машынай «хуткай дапамогі». Можа, разам са сваёй «Явай» выратаваў жыццё чалавека, хаця і не ведаю, чым тая гісторыя скончылася.


Гадоў з пяць таму здарылася іншая гісторыя.


— На грунтоўцы недзе пад Шанямі наехаў на жалязяку, якая толькі цудам не прабіла пакрышкі. Аказалася, — падкова, якая цяпер «на ўдачу» ездзіць разам са мной.

На пытанне, ці не жадае памяняць рарытэт на больш сучасны матацыкл, Міхаіл Анатольевіч адмаўляецца, не задумваючыся.

— Была такая прапанова, калі на адным з байкфэстаў мне расіянін прапанаваў паўтары тысячы долараў за маю «Яву». Я сказаў: «Ні за якія грошы!»


Сапраўды, сёння складана набыць запчасткі на 50-гадовы матацыкл, многае шукае гаспадар «па людзях», нешта вырабляе сам. Але сваю «Яву» лічыць безадмоўным транспартам, да ўзроўню якога сучасная тэхніка не дацягвае. На «Яве» Ганчароў аб’ездзіў амаль усю Беларусь, а таксама пабываў у Вільнюсе, Кіеве, Львове, Роўна. Аднойчы паехаў у падарожжа па абласцях рэспублікі і праехаў 2600 кіламетраў без усялякіх паломак. У якасці доказу сваёй высновы гаспадар прыводзіць чарговую гісторыю.


— Аднойчы паехаў на чарговы байк фэст і пад Лідай на дарозе заўважыў сумнага байкера, у якога зламаўся матацыкл. Я важу з сабой некаторыя запчасткі, інструмент і нават некалькі камер. Таму і змог аказаць яму дапамогу.


Сапраўды, «Ява‑634» нагадвае сапраўдную міні-майстэрню на колах. У корпусе матацыкла кожны сантыметр выкарыстаны з карысцю. У адсеках захоўваюцца ключы, свечы, помпа, лямпачкі і многае іншае, што можа спатрэбіцца ў дарозе.


А яшчэ ад свайго матацыкла Міхаіл Анатольевіч не адмаўляецца з-за таго, што за мінулыя гады парадніўся з ім, як з чалавекам.
— Я ж ведаю яго ад руля да апошняй спіцы, адразу чую, як ён толькі-­толькі пачынае «хварэць».


Сёлета гараджанін рыхтуе свайго «жалезнага каня» да чарговага летняга падарожжа. Будуе гаспадар такія планы даволі спакойна, нягледзячы на ўзрост тэхнікі. Як лічыць Міхаіл Ганчароў, яго «Яве» па сілах правезці свайго ездака не адну тысячу кіламетраў…

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік

Калі вы можаце падзяліцца падобнымі гісторыямі, то мы з ахвотай раскажам іх нашым чытачам. Тэлефануйце нам, пішыце на пошту або ў Вайбер на нумар +375298953745.