Понедельник, 20 мая 2024

Нашы карэспандэнты пабывалі ў Шарашоўскім паляўнічым вальеры Нацыянальнага парку “Белавежская пушча”. Падрабязнасці ў нашым фотарэпартажы

1 052

Шарашоўскі паляўнічы вальер Нацыянальнага парку “Белавежская пушча”, які з’явіўся на карце раёна ў 1997 годзе, мясцовыя жыхары жартам называюць “дзяржавай у дзяржаве”. І, здаецца, маюць рацыю: тут ёсць свая “мяжа”, пазначаная сеткай, якая цягнецца амаль на трыццаць кіламетраў. Ёсць нават “пагранічны” пост з асаблівымі вартаўнікамі — драўлянымі фігурамі дзікіх жывёл. Тут дзейнічаюць і свае законы, па якіх жывуць рагата-хвастатыя “грамадзяне”.


Сапраўды, усё сур’ёзна: уезд на тэрыторыю вальера, які займае 3326 га, дазволены толькі работнікам, якія яго абслугоўваюць, і паляўнічым пры правядзенні паляўнічых мерапрыемстваў, прычым праз спецыяльная бар’еры для дэзынфекцыі.


Забараняецца праносіць і ўжываць у вальеры прадукты замежнай вытворчасці. Чаму? Не вельмі зразумела. Магчыма, каб нейкі ненатуральны прадукт не трапіў да пражэрлівых “жыхароў” і не нашкодзіў ім? Хаця насельнікі вальера ў харчаванні вельмі пераборлівыя: аддаюць перавагу корму, які вырас у старажытным лесе, на жыватворнай глебе, прыцярушанай крыштальна чыстай гаючай расой.

Экскурсію па вальеры для нас правёў яго начальнік Уладзімір Яўгенавіч Лукша.


Начальнік вальера — патомны работнік лесу ў трэцім пакаленні. Яго бацька Яўген Уладзіміравіч Лукша — заслужаны лесавод Рэспублiкi Беларусь, які пакінуў пра сябе добрую памяць не толькі ў калектыве Пружанскага лясгаса, але і далёка за межамі раёна, — з дзяцінства прывіў сыну любоў да пушчы.


— Лес — для мяне ўсё, — прызнаецца Уладзімір Яўгенавіч. — Я ж нарадзіўся і вырас у Белым Ляску, у пушчанскай вёсачцы з трывалымі ляснымі традыцыямі. І жыцця свайго без лесу не ўяўляю… Шмат чаму мяне навучыў тата, грунтоўныя веды атрымаў у Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. Вядома, часы мяняюцца, мяняюцца і падыходы да вядзення лясной гаспадаркі…

Уладзімір Лукша працуе ў вальеры з моманту яго ўтварэння — з 1997 года. Да гэтага ў Ясені працаваў ляснічым, а потым дырэктарам лесапаляўнічай гаспадаркі.


— Я прыклаў руку да ўзвядзення ад першага да апошняга загараджальнага слупа і вышкі. Добра знаёмы з усімі насельнікамі, кожнага з іх вельмі люблю, — усміхаецца мужчына.

На сённяшні дзень у вальеры ўстаноўлена 12 падкормачных пляцовак і столькі ж назіральных вышак, трэба адзначыць, вельмі каларытных: нібы казачныя “хацінкі на курыных ножках”.

— Тут праводзім штодзённую падкормку жывёл і назіраем за імі. Аснову прыкорму складае збожжа, а ў зімовы перыяд дадаём сена і галінкавы корм, апошні мы нарыхтоўваем самастойна. “Мы” — гэта два егеры, два леснікі, чатыры кантралёры КПП і я. Прызнацца, працы хапае. Дзевяць пар рук — нягуста, улічваючы, што сачыць трэба за трымастамі аленямі высакароднымі, двума дзясяткамі казуль еўрапейскіх, адзінаццаццю еўрапейскімі ланямі, дзесяццю ласямі, а яшчэ ваўкамі, рысямі, чырванакніжнымі барсукамі і нават мядзведзямі. З касалапымі, праўда, мы асабіста не знаёмы, але, гледзячы на паваленую сетку і падказку фотапасткі ў пушчы, ведаем, хто бывае тут транзітам, — распавядае Уладзімір Яўгенавіч.

Цяпер у яго адносна спакойны час, а ў верасні пачнецца чарговы паляўнічы сезон. Напэўна, як і летась, у сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй ён будзе не вельмі гарачым.

— Так, каранавірус унёс свае карэктывы. Але мы працягваем паляваць самі для ўнутраных патрэб пушчы (робім забор селекцыйных і хворых жывёл) і арганізоўваем паляванне для турыстаў. Цалкам кантралюем дзеянні паляўнічых і праводзім адпаведныя інструктажы.

Што цікава, пасля палявання ўдзельнікі кампаніі звычайна збіраюцца на так званай рытуальнай паляне, дзе, як у царскія часы, дэманструюць свае трафеі. На гэтай пляцоўцы, як мы змаглі пераканацца на свае вочы, ёсць усе ўмовы, каб паляўнічым яшчэ і адпачыць ля вогнішча, і паласавацца кавалачкам ад сваёй здабычы.

— Заўсёды цікава было назіраць за паляўнічымі з Германіі, — кажа Уладзімір Яўгенавіч. — Паляванне для іх — асаблівы рытуал, спалучаны з пераапрананнем у спецыяльную форму, яркім элементам якой з’яўляюцца характэрныя тырольскія капелюшы. Пры выкладцы трафеяў спецыяльны гарніст адыгрывае над забітымі звярамі асаблівую мелодыю. І гэта зачароўвае… Наогул наш лес асаблівы, заблукаць у ім немагчыма. Не спыняюся любавацца рэдкай прыгажосцю вакол.

Стройны шэраг высокіх соснаў, размежаваных алешынай, вязам і ліпай, уразіў і журналістаў. Яшчэ мы адчулі водар багульніка і здзівіліся відавой разнастайнасці ягаднікаў.

— Тут у нас ёсць чарніцы, суніцы, маліна, ажына, брусніцы… Жывыя вітаміны — на любы густ і колер! — гаворыць начальнік вальера. – Ну, чым не казачны лес! Хто ведае, можа калі-небудзь знойдзем тут і папараць-кветку…

Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік.