Понедельник, 24 июня 2019

Заслуженный лесовод Евгений Лукша пронес «Пламя мира» ІІ Европейских игр по Беловежской пуще

295

У мінулую нядзелю ў Беларусь прыбыў караван эстафеты агню II Еўрапейскіх гульняў. Так званае “Полымя міру” беларусы сустрэлі на беларуска-польскай мяжы ў міжнародным пункце пропуску “Варшаўскі мост”, потым пранеслі па цэнтральных вуліцах Брэста і з пашанаю адправілі ў шлях па Беларусі. У аўторак эстафету агню перанялі ў Нацыянальным парку “Белавежская пушча”, дзе ў самым яе сэрцы, каля цара-дуба, агонь сустракаў заслужаны лесавод Беларусі, былы ляснічы Нікарскага лясніцтва Яўген Уладзіміравіч Лукша, які пражывае ў вёсцы Белы Лясок.


На брычцы с кучарам у суправаджэнні шматлікіх удзельнікаў эстафеты ён урачыста правёз двухкілаграмовы факел ажно да самай рэзідэнцыі Дзеда Мароза, дзе яго сустракалі кіраўніцтва Нацыянальнага парку і сам галоўны зімовы герой са сваёй світай. Пад музыку і гучныя апладысменты прысутных Яўгену Уладзіміравічу быў уручаны сертыфікат факеланосца эстафеты “Полымя міру” і значок.

На роль ганаровага агняносца Яўген Лукша быў выбраны невыпадкова: патомны лесавод, які прысвяціў служэнню пушчы звыш сарака гадоў свайго жыцця, сёлета адзначыў свой 85-гадовы юбілей і, па меркаванні генеральнага дырэктара Нацыянальнага парку Аляксандра Васілье-віча Бурага, заслужыў звання самага ганаровага прадстаўніка Белавежскай пушчы.
Нарадзіўшыся ў пушчанскай вёсцы Язвін Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці, Яўген Лукша рос сярод лесу, таму і далейшае сваё жыццё не ўяўляў без яго. Адразу пасля школы ўладкаваўся на працу ў Яз-вінскае лясніцтва, а ў 1961 годзе перевёўся ў Нікарскую лясную гаспадарку, дзе пад яго пільным кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле праводзіліся санітарныя ачысткі лясной тэрыторыі ад ветравалу, буралому і засохлых дрэў. Дзе на месцах былых караедных ачагоў ажыццяўляліся пасадкі маладых дрэўцаў. Дзе заўсёды падкормлівалі і ахоўвалі звяроў, дзе кожны зубр, воўк і дзік стаяў на дакладным уліку…
Яўген Уладзіміравіч любіў і працягвае шчыра любіць наш запаведны лес, за які быў пэўны час у адказе.
– Мне не сорамна за сваю працу. Захоўваць пушчу для нашчадкаў – вельмі пачэсная і высакародная справа, за якую я – не пасаромеюся і скажу! – неаднаразова чуў словы падзякі і ад калег, і ад вяскоўцаў, і ад самых высокіх дзяржаўных асоб, арганізацыяй сустрэч якіх у “Віскулях”я па абавязку службы заўсёды займаўся, – сцвярджае ганаровы факеланосец, які неаднаразова выводзіў Нікарскае лясніцтва на самыя высокія месцы у сацспаборніцтвах, а будучы ў свой час яшчэ і каман-дзірам народнай дружыны, аказваў садзеянне ў ахове дзяржаўнай мяжы, за што быў неаднаразова ўзнагароджаны і органамі памежнай службы.


Такім чынам, можна смела сцвярджаць, што як калісьці лес і дзяржаўная мяжа, так і ў аўторак “еўрапейскі агонь” быў у надзейных руках.
Алена Зялевіч.
Фота з сайта НП «Белавежская пушча».