Воскресенье, 26 сентября 2021

Гісторыя аднаго экспаната: камертон

5 063

Сёння гаворка пойдзе пра музычны экспанат, які захоўваецца ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык». Гэта — камертон (ад ням. – «пакаёвы гук»). Камертон ужываецца для наладкі музычных інструментаў, харыстаў, а таксама выкарыстоўваецца для апрацоўкі каменю і іншых матэрыялаў за кошт вібрацый пэўнай частаты гуку. Існуюць механічныя, акустычныя і электронныя камертоны.

Гісторыя камертона пачынаецца ў 1711 годзе, калі прыдворны трубач англійскай каралевы Ганны Сцюарт Джон Шор вынайшаў такі неабходны ўсім музыкам і наладчыкам музычных інструментаў няхітры прадмет і назваў яго камертонам.

Калі стукнуць па камертоне, яго зубцы пачынаюць вібрыраваць — і раздаецца гук, які служыць эталонам вышыні пры наладцы музычных інструментаў і ў спевах. Камертон, вынайдзены Шорам, даваў 419 вібрацый у секунду.

У канцы XVIII ст. па ініцыятыве кампазітара і дырыжора Джузэпэ Сарта ў Расіі быў уведзены «Пецярбургскі камертон» з частатой 436 Гц. У 1858 годзе Парыжская акадэмія навук прапанавала так званы «нармальны камертон» з частатой вібрацый 435 Гц. Сёння самы распаўсюджаны камертон выдае гук «ля» 1-й актавы частатой 440 Гц.

Што цікава, у нашы дні сімфанічныя аркестры рэдка карыстаюцца камертонам, там ролю «наладчыка гуку» выконвае драўляны духавы інструмент габой, паколькі ў сілу яго канструкцыі на яго музычны лад не ўплываюць тэмпературныя ўмовы — і яго нота «ля» заўсёды ўстойлівая.

Калі з аркестрам іграе раяль, то ўсе інструменты аркестра наладжваюць ужо па раялі. А вось сам раяль —па камертоне.
Звычайна, каб узмацніць гучанне камертона, яго ўсталёўваюць на рэзанатары — адкрытай з аднаго боку драўлянай платформе.

На падстаўцы нашага камертона стаяць фабрычнае кляймо «ЛЯ/440» і абрэвіятура завода «ЗИП» (завод імя П. Пастышава). Раяль па ім мы, канечне, не настройваем. А вось музейныя феі, магчыма, іграюць на ім начныя серэнады.

Марына Каўтунюк,
галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык»